МІХЕ́ЕВА (Тамара Міхайлаўна) (н. 13.11.1938, в. Гарадзец Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне гідрабіялогіі і альгалогіі. Д-рбіял.н. (1992). Скончыла БДУ (1960), працуе ў ім. Навук. Працы па таксанамічнай разнастайнасці альгафлоры Беларусі, прадукцыйных магчымасцях фітапланктону ў водных экасістэмах, змене структуры і асаблівасцей функцыянавання фітапланктону пры эўтрафаванні вод.
Тв.:
Пико- и нанофитопланктон пресноводных экосистем. Мн., 1998 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Міхеева Т. М. 1/268; 3/140
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НІТЭЛО́ПСІС (Nitellopsis),
род харавых водарасцей сям. харавых. 3 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на ілістым дне глыбокіх вадаёмаў трапляецца Н. прытуплены (N. obtusa).
Талом з ніткападобных парасткаў, членіста-кальчаковай будовы выш. да 1 м, падзелены на вузлы і міжвузеллі, прымацоўваецца да грунту рызоідамі. Міжвузеллі ўтвораны адной шмат’ядзернай клеткай даўж. 0,2—20 см, якая не здольна да дзялення. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТЭ́ЛА (Nitella),
род харавых водарасцей сям. нітэлавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды ў азёрах, апрэсненых участках мораў. На Беларусі адзначана N. sp. (як від не вызначалася) і Н. грацыёзная (N. gracilis). Растуць пераважна на мяккіх ілістых грунтах у чыстай, спакойнай вадзе.
Талом кусцістаразгалінаваны, ніткападобны, выш. да 1 м, прымацаваны да грунту рызоідамі. Асн. парасткі і галінкі маюць доўгія (да 25 см) аднаклетачныя міжвузеллі і шматклетачныя вузлы. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЛЕ́РПА (Caulerpa),
род ніткаватых зялёных марскіх водарасцей сям. каўлерпавых. Каля 60 відаў. Характэрны для флоры трапічных мораў, зрэдку субтрапічных (C. prolifera). Трапляецца на мелкаводдзі на цвёрдых (камяні, мёртвыя каралы), пясчаных і глеістых грунтах.
Слаявішча складаецца з цыліндрычнай сцелістай ч.даўж. 1—2 м, рызоідаў і вертыкальных цыліндрычных або плоскіх простых ці разгалінаваных парасткаў выш. да 50 м, марфал. разнастайнасць якіх з’яўляецца сістэм. адзнакай. Унутры слаявішча знаходзяцца папярочныя цяжы (унутр. шкілет). Размнажэнне палавое (анізагамія) і вегетатыўнае (ч. слаявішча). У краінах Азіі і Акіяніі спажываецца ў ежу.
Т.М.Міхеева.
Каўлерпа: 1—4 — розныя тыпы будовы вертыкальных галін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТО́К (Nostoc),
род сіне-зялёных водарасцей сям. настокавых. Каля 40 відаў. Пашыраны амаль па ўсіх кліматычных зонах. Жывуць у прэсных вадаёмах, на глебе, у каранёвых патаўшчэннях некат. вышэйшых раслін (напр., канюшыны, сагаўніка), кампанент лішайнікаў (сям. калемавых). На Беларусі 7 відаў Н.; балотны (N. paludosum), Кільмана (N. kihlmani), кропкападобны (N. punctiforme), Лінка (N. linckia), мікраскапічны (N. microscopicum), слівападобны (N. prumiforme), слізісты (N. gelatinosumj.
Калоніі — шарападобныя (дыяметрам да 5 см), коркападобныя або ніткападобна-кусцістыя ў выглядзе дзярнінак. Размнажэнне абрыўкамі нітак і спорамі. Здольныя да азотфіксацыі Ва Усх. Азіі спажываюць у ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАДО́ФАРА (Cladophora),
род зялёных водарасцей сям. кладофаравых. Каля 150 марскіх і прэснаводных відаў. Пашырана амаль усюды. У вадаёмах Беларусі трапляюцца К. эгаграпільная (C. aegagropila), занесеная ў Чырв. кнігу, скручаная (C. glomerata), слабая (C. fracta), C. Kütz. sp.
Макраскапічныя водарасці ў выглядзе рыхлых дзярнінак, шчыльных паўшарападобных калоній ці бясформенных скопішчаў цёмна-зялёных нітак. Прымацаваны да субстрату рызоідамі або плаваюць свабодна, утвараючы ціну. Ніткі галінастыя, з адным радам выцягнутых шмат’ядравых клетак. Хларапласт сеткаваты. Размнажэнне вегетатыўнае (ч. талому, акінеты), бясполае (зааспоры), палавое (ізагамія). Адзначана чаргаванне пакаленняў: спарафіту і гаметафіту. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу паперы. Культывуецца ў акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІНА́РЫЯ, марская капуста (Laminaria),
род пласціністых бурых водарасцей сям. ламінарыевых. 30 відаў. Пашыраны ў халодных акіянах і морах абодвух паўшар’яў. Сустракаецца ад паверхні да глыб. 200 м. Найб. вядомыя Л.: Гур’янавай (L. gurjanovae), пальчатарассечаная (L. digitata), паўн. (L. hyperborea), цукрыстая (L. saccharina), японская (L. japonica).
Слаявіна даўж. 0,5—50 м у выглядзе пласціны суцэльнай або рассечанай, гладкай ці маршчыністай, складкаватай, з пузырамі або без іх Прымацоўваецца да субстрату дыскападобнай падэшвай ці галінастымі рызоідамі. Размнажэнне бясполае (зааспоры) і палавое (аагамія). Каштоўны аб’ект прамысл. здабычы і штучнага развядзення з харч. мэтамі. Сыравіна для атрымання лек. сродкаў і хім. рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэкст. і папяровай прам-сці, ідзе на корм, угнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА (Gomphocymbella),
род дыятомавых водарасцейсям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каля в. Бурносы ў Лідскім р-не).
Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАФІ́ТЫ [ад макра... + ...фіт(ы)],
раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.