Мінерва (міфал.) 1/619; 7/211

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕ́РВА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня, апякунка рамёстваў і мастацтваў. Разам з Юпітэрам і Юнонай складала Капіталійскую трыяду. З канца 3 ст. да н.э. М., атаясамленая з грэч. Афінай, шанавалася таксама як багіня дзярж. мудрасці і вайны, апякунка пісьменнікаў, акцёраў, музыкантаў, урачоў і настаўнікаў.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНІ́ЧАЎСКАЯ ФА́БРЫКА ЗАПА́ЛКАВАЙ САЛО́МКІ «Мінерва». Дзейнічала ў 1904—14 у маёнтку Ляснічыя

(цяпер вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляла запалкавую саломку. У 1913 мела паравую машыну (30 к.с.),

працавала 60 рабочых, выраблена прадукцыі на 45 тыс. руб.

т. 9, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НА, Афіна Палада,

у стараж.-грэч. міфалогіі багіня вайны і перамогі, мудрасці, ведаў, мастацтваў і рамёстваў. Паводле міфа, Афіна ў шлеме і панцыры выйшла з галавы Зеўса. Культ Афіны быў распаўсюджаны па ўсёй Грэцыі, асабліва яе шанавалі ў Афінах. З Афінай грэкі звязвалі назву горада, лічылі багіню яго апякункай. У гонар Афіны штогод спраўлялі свята Панафінеі. Храм Афіны Парфенон — выдатны помнік стараж.-грэч. мастацтва. У рым. міфалогіі ёй адпавядае Мінерва.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Дзмітрый Яўгенавіч) (н. 26.3.1940, Мінск),

бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1969). Творчай манеры як аператара ўласцівы лірычная інтанацыя, майстэрская перадача атмасферы падзей, партрэтных характарыстык герояў: маст. фільмы «Іван Макаравіч» (1968, Гран пры «Сярэбраная Мінерва» 22-га Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Венецыі, 1970; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Нядзельная ноч» (1977), «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. З 1986 рэжысёр-пастаноўшчык («Усе кагосьці кахаюць», 1986; шматсерыйны «Хам», 1990, прыз за этнаграфію і нац. своеасаблівасці на конкурсе тэлефільмаў у Атаве, Канада, 1991, і яго кінаварыянт «Франка», Гран пры 2-га Еўрап. Міжнар. кінафестывалю ў Кадысе, Іспанія, 1991; «Кветкі правінцыі», 1995, і інш.). Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПІ (Lippi),

італьянскія жывапісцы эпохі Ранняга Адраджэння; прадстаўнікі фларэнційскай школы жывапісу.

Фра Філіпа Л. (каля 1406, г. Фларэнцыя, Італія — 9.10.1469). У 1421—56 быў манахам-кармелітам. Як мастак склаўся пад уплывам Мазачыо, Мазаліна, Анджэліка, Л. Манака. Працаваў у Фларэнцыі, Падуі (1434—37), Прата (1452—64, з перапынкамі), Спалета (з 1466). Яго фрэскавыя цыклы вызначаюцца вытанчанасцю лінейнага малюнка, мяккай святлоценявой лепкай формы, гармоніяй светлага, стрыманага каларыту, індывідуальнасцю і простанароднасцю вобразаў («Рэформа кармеліцкага ордэна» ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі, 1432—33; «Сцэны з жыцця Іаана Хрысціцеля і св. Стэфана» ў саборы ў Прата, 1452—64). Алтарным кампазіцыям уласцівы лірычнасць, змякчэнне пластычнай трохмернасці форм складанымі, гарманічна-плаўнымі матывамі руху і святлоценявой насычанасцю каларыту («Мадонна Тарквінія», «Мадонна з немаўляці, св. Фрэдрыяна, св. Аўгусцінам і анёламі», абедзве 1437; «Каранаванне Маці Божай», 1441—47; «Дабравешчанне», 1440-я г.; «Тонда Барталіні», 1452; «Пакланенне немаўляці», канец 1450 — пач. 1460-х г.). Сярод яго вучняў С. Батычэлі.

Філіпіна Л. (каля 1457, г. Прата, Італія — 18.4.1504). Сын Фра Філіпа Л. Вучыўся ў свайго бацькі, пазней у Батычэлі. У сталы перыяд зазнаў уплывы Леанарда да Вінчы і нідэрландскіх жывапісцаў. Творчасць вызначаецца эмацыянальнай выразнасцю контурных ліній і вытанчанасцю колеравай гамы, якая падкрэсліваецца багаццем арх.-дэкар. матываў, навеяных ант. мастацтвам. Сярод твораў: фрэскі ў капэле Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне (каля 1481—83) і капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела (1487—1502) у Фларэнцыі, у царкве Санта-Марыя сопра Мінерва ў Рыме (каля 1488—93), алтарныя кампазіцыі «Сцэны з жыцця Лукрэцыі» (каля 1475—80), «Мадонна на троне са святымі» (1485), «Пакланенне немаўляці Хрысту» (сярэдзіна 1480-х г.), «Пакланенне вешчуноў» (1496) і інш. У позніх работах узмацніліся рысы неспакою і манернай напружанасці.

Фра Філіпа Ліпі. Тонда Барталіні. 1452.
Філіпіна Ліпі. Апостал Філіп каля храма Марса. Цуд з драконам. Фрэска ў капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела. 1487—1502.

т. 9, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)