Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАПЛА́Ў ПАЛА́СА
(Pallasea quadrispinosa),
беспазваночная жывёла сям. гамарыдаў атр. бакаплаваў. Пашыраны на Пн Еўропы. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду. Знойдзены ў азёрах Браслаўскай групы, Лукомскім, Доўгае (Глыбоцкі р-н). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела даўж. да 3 см, аранжавае, дугападобнай формы, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Жыве ў алігатрофных і мезатрофных азёрах сярод вышэйшай воднай расліннасці. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца круглы год, найб. у асенне-зімовы перыяд. Каштоўны корм для рыб. На Беларусі ахоўваецца ў ландшафтным заказніку Міжазёрны (Віцебская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ ЗАКА́ЗНІК,
від заказніка, тэрыторыя якога з’яўляецца аб’ектам аховы і аднаўлення асабліва каштоўных, рэдкіх прыродных маляўнічых ландшафтаў і комплексаў. На тэр. Л.з. абмежавана гасп. дзейнасць, у т.л. забаронены суцэльная высечка лесу, пасьба жывёлы, гідрамеліярац. работы, узвядзенне будынкаў, скідванне сцёкавых вод і быт. адходаў і інш. На Беларусі 16 Л.з. рэсп. значэння (агульная пл. каля 231 тыс.га): Бабінавіцкі, Міжазёрны, Сялява, Сіньша, Чырвоны Бор у Віцебскай, Азёры, Навагрудскі, Сарачанскія азёры, Свіцязянскі ў Гродзенскай, Блакітныя азёры, Прылуцкі ў Мінскай, Мазырскія Яры ў Гомельскай, Альманскія балоты, Прастыр, Стронга ў Брэсцкай, Старыца ў Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн.км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс.км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс.км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс.км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл.воз.Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).
Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).
У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.
Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.
В.П.Якушка.
Да арт. Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.Да арт. Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.Да арт. Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.Да арт. Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.