ВЕ́ДЗЬМІНЫ МЁТЛЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі, вірусамі, насякомымі, кляшчамі, рэдка бактэрыямі. Утвараюцца часцей на дрэвах у выглядзе шчыльных пучкоў («мяцёлак») тонкіх укарочаных галінак з дробным недаразвітым лісцем. На Беларусі бываюць на вішні, сліве, бярозе, вольсе, грабе і інш. лісцевых дрэвах (узбуджальнікі — паразітныя грыбы з роду тафрына), на хвоі і елцы (узбуджальнікі — найчасцей іржаўныя грыбы).

Узбуджальнік хваробы пранікае ў расліну праз мех. пашкоджанні, роставыя пупышкі і стымулюе анамальныя роставыя працэсы: абуджэнне спячых і інтэнсіўнае развіццё прыдатачных пупышак. Меры барацьбы: абразанне і спальванне заражаных галін, знішчэнне хворых раслін, апрацоўка фунгіцыдамі.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАПЛА́ЗМЫ (Mollicutes),

клас бактэрый, якія абмежаваны толькі цытаплазматычнай мембранай і не маюць клетачнай сценкі. Пашыраны ў вадаёмах і сцёкавых водах, часцей развіваюцца ў міжклетачных прасторах тканак шматклетачных арганізмаў.

Клеткі дыям. 125—250 нм, зменлівай формы, нерухомыя, грамадмоўныя. З-за адсутнасці клетачнай сценкі здольныя праходзіць праз бактэрыяльныя фільтры. Размнажаюцца дзяленнем, спор не ўтвараюць. Пераважна хемаарганатрофы, факультатыўныя анаэробы, некат. — строгія анаэробы. Многія віды патагенныя для чалавека (выклікаюць захворванні дыхальных шляхоў, вачэй і інш.), жывёл (плеўрапнеўманія буйн. раг. жывёлы), раслін (карлікавасць кукурузы, ведзьміны мётлы бульбы, люцэрны і інш.).

Ж.​В.​Блоцкая.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)