Рукапісы Мёртвага мора 9/172

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́КАПІСЫ МЁРТВАГА МО́РА,

гл. Мёртвага мора рукапісы.

т. 13, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАГА МО́РА РУ́КАПІСЫ,

пісьмовыя помнікі на іўрыце, арамейскай, грэч. і інш. мовах, знойдзеныя каля зах. ўзбярэжжа Мёртвага мора. Першыя М.м.р. знайшлі пастухі-арабы ў 1947. У ходзе археал. раскопак у 1940—60-х г. адкрыты шматлікія сховішчы стараж. рукапісаў на папірусе, скуры, медзі і інш. матэрыялах. Большая іх частка знойдзена ў Вадзі-Кумране у 11 пячорах. Яны датуюцца 2 ст. да н.э. — 68 н.э. Рэшткі рукапісаў складаюцца з больш чым 40 тыс. фрагментаў каля 800 твораў. Уключаюць дакананічныя спісы б.ч. кніг Старога Запавета, тлумачэнні біблейскіх тэкстаў, апакрыфічныя творы, а таксама дакументы гасп. дзейнасці, якія належалі радыкальнай іудзейскай секце — верагодна, секце есеяў. Найб. вядомыя помнікі: Статут, гімны, Дамаскі дакумент, скрутак вайны. Рукапісы пячораў Іудзейскай пустыні (Вадзі-Мурабаат і інш.) уяўляюць сабой дакументы гасп. дзейнасці канца 1 — пач. 2 ст. н.э. і архівы паўстання Бар-Кохбы 132—135; рукапісы Масады — апошняга ўмацавання іудзейскіх паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73 н.э. — уключаюць каля 800 надпісаў гасп. характару на чарапках (астраконах) на іўрыце і грэч. мове. Да М.м.р. адносяць таксама шэраг дакументаў ранневізант. і араб. перыядаў (4—8 ст.) на сірыйска-палесцінскай, грэч. і араб. мовах. Фрагментарнасць рэшткаў рукапісаў перашкаджае аднаўленню першапачатковых тэкстаў, таму значная іх частка не апублікавана.

Літ.:

Амусин И.Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1960;

Яго ж. Находки у Мертвого моря. М., 1965;

Яго ж. Тексты Кумрана. М., 1971;

Лившиц Г.М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967;

Старкова К.Б. Литературные памятники Кумранской общины. Л., 1973.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМРА́НСКІЯ ЗНАХО́ДКІ,

старажытныя рукапісы, якія ў 1947 знойдзены ў пячорах Вадзі-Кумран на паўн.-зах. ўзбярэжжы Мёртвага мора. Гл. ў арт. Мёртвага мора рукапісы.

т. 9, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кумранскія знаходкі, гл. Рукапісы Мёртвага мора

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСТРУ́КЦЫЯ ў біялогіі,

працэс разбурэння мёртвага арган. рэчыва (рэшткаў адмерлых арганізмаў) да больш-менш простых неарган. злучэнняў. Ажыццяўляецца дзякуючы дзейнасці рэдуцэнтаў (дэструктараў), у першую чаргу бактэрый і грыбоў, а часткова і як вынік стрававання і экскрэцыі жывёл (кансументаў). У найб. буйным маштабе працэсы Д. ў наземных экасістэмах адбываюцца ў глебе (разбураецца да 90% першаснай прадукцыі арган. рэчыва). Прадукты Д. — неарган. рэчывы — потым зноў выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі.

В.​В.​Грычык.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАР-КО́ХБА (сапр. Шымон бен Касіба; ? — 135),

кіраўнік паўстання 132—135 супраць рым. панавання ў Іудзеі. Абвясціўшы сябе месіяй і «князем Ізраіля», аднавіў яўр. культ і правіў (у т. л. чаканіў уласную манету) на адваяваных у рымлян землях (б.ч. Палесціны, каля 50 крэпасцяў) з цэнтрам у г. Бетар. Загінуў пры абароне Бетара ад легіёнаў рым. палкаводца Юлія Севера. Пры раскопках на ўзбярэжжы Мёртвага м. на пач. 1950-х г. знойдзена некалькі дакументаў Бар-Кохбы.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВЫШЫНЯ́, абсалютная адзнака,

адлегласць па вертыкалі ад якога-небудзь пункта на паверхні зямлі да сярэдняга ўзроўню паверхні акіяна. Для мясціны, вышэйшай за ўзроўневую паверхню, абсалютная вышыня дадатная, для ніжэйшай — адмоўная. Найвыш. пункт Зямлі — г. Джамалунгма (8848 м), найб. нізкая адзнака Зямлі — узбярэжжа Мёртвага мора (-395 м); на Беларусі адпаведна г. Дзяржынская (345 м) і пойма р. Нёман на мяжы з Літвой (80 м). Для геадэзіі і гравіметрыі на тэр. рэспублікі за зыходную ўзроўневую паверхню прыняты сярэдні ўзровень Балтыйскага м., адзначаны нулявым дзяленнем на Кранштацкім футштоку.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ДА (стараж.-яўр.),

старажытнаіудзейская крэпасць каля паўд. берага Мёртвага мора ў Ізраілі. Засн. ў канцы 2 ст. да н.э. Пры Ірадзе I (73—4 да н.э.) пабудаваны палацавы комплекс і дадатковыя ўмацаванні. М. была апошняй апорай паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73. Пры раскопках у 1963—65 знойдзена шмат рэчаў матэрыяльнай культуры, у т. л. рымскія і іудзейскія манеты, гліняныя чарапкі з надпісамі фарбай, папірусы і надпісы на скуры, на якіх змешчаны гасп. запісы, пісьмы, літ.-рэліг. тэксты на стараж.-яўр., арамейскай і грэч. мовах.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКІ (Леанід Віктаравіч) (н. 1.5.1943, в. Харошкі Магілёўскай вобл.),

бел. мастак, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Вучыўся ў А.​Бараноўскага, І.​Стасевіча. З 1978 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Удзельнік маст. выставак з 1979. Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычнай карціны. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, каларыстычнай згарманізаванасцю, манументальнасцю. Аўтар карцін «Свежы вецер», «Нарачанскі краявід», «Вясковая дарога», «Ля мёртвага возера», «Стары парк», «Наваградак», «Свята», «Раўбічы», «Вечар», «Наваградскі краявід», «Успаміны», «Кветкі» і інш., напісаных у 1980—90-я г.

М.​М.​Купава.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)