Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЦЁЛКА,
складанае батрычнае суквецце, на галоўнай восі якога на розным узроўні развіваюцца бакавыя галінкі, што таксама разгаліноўваюцца і нясуць кветкі або невял, простыя (элементарныя) суквецці (каласкі ў злакаў, кошыкі ў складанакветных і інш.). Галінкі бываюць прыціснутыя да гал. восі (М. сціснутая) або адстаяць ад яе (М. раскідзістая). Сціснутую М. з кароткімі галінкамі, падобную на колас у злакаў (напр., цімафееўка, лісахвост), наз.султанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́НІЯ (Molinia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 3—5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі М. блакітная, або сіняўка (M. caerulea), трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках тарфяных балот, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Утвараюць густыя дзярніны. Светла-зялёныя сцёблы маюць укарочаныя ніжнія і падоўжаныя верхнія міжвузеллі. Лісце доўгае, лінейнае, цвёрдае, па краі шурпатае, блакітна-зялёнае. Суквецце — доўгая перарывістая шматкаласковая мяцёлка. Плод — зярняўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГА́Р (Setaria italica convar. moharia),
кветкавая расліна сям. метлюжковых. Пашыраны пераважна ў Азіі. Культывуецца ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам.
Аднагадовая травяністая расліна. Сцёблы слабагалінастыя выш. да 1 м, аблісцелыя. Суквецце — коласападобная мяцёлка (султан) даўж. 25 см, шыр. 4 см, у адрозненне ад чумізы, не падзеленае на лопасці. Паводле колеру зярнявак і шчацінак бывае М. аранжавы, белы, жоўты, чырвоны. Стараж. кармавая (зялёны корм, сена, сілас, збожжа) і харч. (збожжа) культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСАХВО́СТ, батлачык (Alopecurus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 5 відаў Л.: лугавы (A. pratensis), каленчаты (A. geniculatus), роўны (A. aequalis), мышахвоснікападобны (A. myosuroides), трысняговы (A. arundinaceus). Трапляюцца пераважна на лугах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы выш. 20—120 см з прамастойнымі ці каленчата-прыўзнятымі сцёбламі. Лісце плоскае, вузкае, шурпатае. Суквецце — мяцёлка. Каласкі сціснутыя з бакоў, аднакветныя. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІНЕ́Ц (Polygala),
род кветкавых раслін сям. крапінцовых. Каля 500 відаў. Пашыраны ва ўмераным, субтрапічным і трапічным паясах. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. звычайны (P. vulgaris, нар. назвы зязюльчыны ручнікі, надсаднік), гаркаваты (P. amarella), чубаты (P. comosa, нар. назвы вераднік, малыя козлікі, шчэпа) на лугах, сярод хмызнякоў, уздоўж дарог.
Шматгадовыя травяністыя расліны, кусты 1 паўкусты выш 5—30 см. Сцёблы голыя, слаба галінастыя. Лісце дробнае, чаргаванае. Кветкі ў разнастайных суквеццях (гронка, колас, мяцёлка). Плод — каробачка. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАСО́ЎНІК (Bromus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, у нетрапічных паясах Еўразіі і Афрыкі. На Беларусі 6 дзікарослых К.: аржаны (B. secalinus), мяккі (B. mollis), палявы (B. arvensis), гронкавісты (B. commutatus), растапыраны (B. squarrosus), японскі (B. japonicus); інтрадукаваны К. дрыжнікападобны (B. briziformis). Растуць на палях, лугах, уздоўж дарог.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 15—100 см. Сцябло — саломіна. Лісце з замкнёнымі пазухамі. Суквецце — мяцёлка з буйных шматкветкавых (6—20 кветак) каласкоў. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны. К. аржаны — пустазелле пасеваў азімых культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЮ́К, авёс пусты,
жывы авёс (Avena fatua),
кветкавая расліна з роду авёссям. метлюжковых. Пашыраны ва ўсіх нетрапічных паясах Зямлі, акрамя Крайняй Поўначы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, на палях, каля дарог. Пустазелле пасеваў аўса пасяўнога і інш. яравых культур.
Аднагадовая травяністая расліна з валасніковым коранем. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, пляскатае, шурпатае. Каласкі 2—3-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім каленчата-сагнутым асцюком. Мяцёлка буйная, раскідзістая, даўж. да 30 см. Плод — плевачная верацёнападобная зярняўка. Аўсюк лёгка скрыжоўваецца з аўсом пасяўным і пагаршае яго селекцыйныя якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКАЕ ПРО́СА, негрыцянскае проса,
перыстамяшэй амерыканскі (Pennisetum americanum),
гібрыдная кветкавая расліна сям. метлюжковых з роду перыстамяшэй. Радзіма — Афрыка. Культывуецца ў засушлівых раёнах Афрыкі і Азіі, менш на Пд Еўропы, Амерыкі і Аўстраліі.
Аднагадовая травяністая расліна са шматлікімі высокімі (да 3 м і больш) сцёбламі і доўгім шырокім лісцем. Суквецце — густая цыліндрычная або эліпсападобная, коласападобная мяцёлка. Зярняўкі авальна-яйцападобныя або грушападобныя; белыя або шэрыя, багатыя бялком (12—13%), крухмалам (да 60%) і алеем (да 7%). Збожжавая і кармавая святло- і цеплалюбівая, засухаўстойлівая расліна, непатрабавальная да глебавых умоў. Размнажаюць насеннем. Апрацоўваецца, як прапашная культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПКО́ЎКА (Dactylis),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашырана ў субтрапічным і ўмераным паясах Еўразіі, у Паўн. Амерыцы і Паўд. Афрыцы. На Беларусі 2 віды: К. зборная (D. glomerata, нар. назва псіўлюй) і К шматшлюбная (D. polygama). Трапляецца на лугах, лясных палянах, уздоўж дарог.
К. зборная — шматгадовая травяністая рыхлакустовая расліна выш. да 125 см з кароткапаўзучым карэнішчам, шматлікімі сцёбламі і прыкаранёвым лісцем, утварае дзярніну. Лісце шырокалінейнае, вострашурпатае. Суквецце — густая аднабокая мяцёлка. Каласкі цесна скучаныя з 3—6 кветкамі. Плод — падоўжана-яйцападобная зярняўка. Сенажатная і кармавая расліна, уведзена ў культуру ў 19 ст.