Мянтуз 2/530; 7/340—341 (іл.); 12/47 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНТУ́З (звычайны) (Lota lota),

адзіная прэснаводная рыба сям. трасковых атр. траскападобных. Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Нар. назвы калека, мень, мянёк.

Даўж. да 1,7 м, маса да 32 кг (на Беларусі да 5 кг). Спінных плаўнікоў 2. Цела ўкрыта дробнай цыклоіднай луской. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Аб’ект промыслу.

Мянтуз.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мянёк, гл. Мянтуз

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНА-РАЧНЫ́Я РЫ́БЫ,

віды рыб, аднолькава характэрныя для іхтыяфауны азёраў і рэк. Пашыраны па ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі 24 віды: акунь звычайны, аўсянка, бычок-падкаменшчык (гл. Падкаменшчыкі), верхаводка, вугор еўрапейскі, гарчак, гусцяра, джгір звычайны, жэрах, колюшкі (2 віды), карась, лешч, лінь, мянтуз, плотка, пячкур, сом звычайны, судак, уюн, краснапёрка, шчупак, шчыпоўка, язь. Большасць маюць прамысл. значэнне.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРОТКАМЕТРА́ЖНЫ ФІЛЬМ,

кінафільм, у якім не больш 4—5 частак (1200—1500 м, 40—50 мін экраннага часу). У першыя гады існавання кінематографа ўсе фільмы былі кароткаметражныя. Паступова К.ф. пачаў развівацца як самаст. форма кінамастацтва. Вылучаюцца дакумент. (хроніка, кінанарысы і інш.), навукова-папулярныя (у т. л. вучэбныя фільмы і фільмы-лекцыі), мультыплікацыйныя і маст. К.ф.

Іх жанравы і тэматычны дыяпазон — ад кінафельетона, кінаказкі і кінанавелы да кінарэкламы і кінаплаката. Асаблівасці драматургічнай пабудовы — дакладнасць задумы, яснасць, лаканізм. Практыкуецца выпуск спец. кінапраграм, якія складаюцца з 3—4 К.ф. Першыя бел. К.ф. зняты ў 1938 («Маска» і «Мянтуз» паводле А.​Чэхава; рэж. і сцэнарыст С.​Сплашноў). У многіх краінах праводзяцца нац. і міжнар. кінафестывалі К.ф. (Обергаўзен, Мангейм, Лейпцыг — Германія; Кракаў — Польшча; Эдынбург — Вялікабрытанія і інш.). Іх паказы арганізуюцца і ў час кінафестываляў агульнага тыпу.

Г.​У.​Шур.

т. 8, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКІ,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Засн. ў 1977 як паляўнічы заказнік для зберажэння месцаў масавага гнездавання вадаплаўных птушак і стварэння ўмоў для іх размнажэння. Уключае Асвейскае возера, частку Асвейскага балота і тэрыторыю на Пд ад мяжы з Латвіяй і Пскоўскай вобласці Пл. 22,6 тыс. га (1995).

У заказніку наладжана ахова мясц. і пралётных вадаплаўных (лебедзь, гусь, качка) і інш. птушак. Вял колькасць звычайнай чайкі, гогаля, паганак, лысухі, трапляюцца шыраканоска, шылахвостка, даўгадзюбы крахаль і інш. Жывуць шэры журавель, белая курапатка, вял. кулон, вял. вераценнік, чорны бусел, арлан-белахвост, сапсан, дзербнік. Гняздуюцца рэдкія чырвонагаловы нырэц, малая чайка, чубатая чэрнець, белакрылая крачка. Ёсць каштоўныя млекакормячыя — андатра, бабёр. Лясы багатыя баравой дзічынай. Водзяцца лось, дзік, казуля, заяц, ліс, воўк, у вадаёмах — акунь, шчупак, сазан, лешч, язь, мянтуз, плотка і інш. Праводзяць кальцаванні птушак, арніталагічныя даследаванні, заказнік — база для вывучэння біял. асноў вядзення паляўнічай гаспадаркі.

Г.​У.​Вынаеў.

У заказніку Асвейскі.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬМЕНЬ (паводле летапісу Ільмер, у старажытных славян — Славянскае мора),

возера на Прыільменскай нізіне, у Наўгародскай вобл. Расіі. Каля 18 м над узр. м. Сярэдняя пл. 982 км² (у залежнасці ад узроўню вады мяняецца ад 733 км² да 2090 км²). Даўж. каля 45 км, шыр. да 35 км, глыб. да 10 м. Берагі нізінныя, забалочаныя, зах. і паўд.-зах. дасягаюць выш. 6 м. Упадае каля 50 рэк, у т. л. Мста, Пала, Ловаць, Шалонь; выцякае р. Волхаў. Ваганні ўзроўню вады ад 2,3 м (у сак.) да 5,8 м (у маі). Пры нізкіх узроўнях знаходзіцца ў падпоры плаціны Волхаўскай ГЭС. Ледастаў з кастр. да красавіка. У возеры шмат арган. рэчываў, вада мае жаўтаватую афарбоўку. Рыбалоўства (лешч, сняток, мянтуз, шчупак). Суднаходства. Цераз р. Мста, Прыільменскі канал і р. Волхаў І. звязана з Вышневалоцкай воднай сістэмай. У 9—12 ст. цераз І. ішоў водны гандл. шлях «з варагаў у грэкі», а таксама на Волгу. За 6 км ад І. на берагах р. Волхаў г. Ноўгарад.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІ́КТЫ (ад лац. relictum астатак),

віды і іншыя групы раслін і жывёл, што захаваліся ад флор і фаун мінулых геал. эпох. Р. адрозніваюць па геал. узросце (неагенавыя — метасеквоя, секвоя, хахуля, ледавіковыя — бакаплаў Паласа, карлікавая бяроза, мянтуз, рапушка еўрап., рэліктавая мізіда і інш.), па месцы паходжання (напр., міжземнаморскія, туранскія), экалагічных умовах (напр., гігра- і мезафільныя), па часе ранейшага панавання і пашырэння (напр., неагенавыя, мезазойскія, мелавыя) і інш. Для Р. характэрна ізаляванасць у філагенет. сістэме. Іх падзяляюць на кансерватыўныя (віды, якія амаль не змяніліся пры адносна нязменных умовах асяроддзя) і адаптыўныя, што змяніліся і прыстасаваліся да новых умоў. Таксама адрозніваюць сурэлікты (захоўваюць свой арэал), адаптаны (пашыраюць яго), дэграданты (скарачаюць арэал і колькасць відаў). Маюць у сабе багатую генет. і геагр. інфармацыю. Выкарыстоўваюцца пры даследаванні гісторыі ўзнікнення і фарміравання біягеацэнозаў, вывучэнні працэсаў відаўтварэння, выяўленні філагенет. сувязей. Найб. рэдкія Р. ўключаюць у Міжнар. і нац. Чырв. кнігі.

В.​М.​Прохараў, А.​У.​Суднік.

т. 14, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́ЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Анега,

возера на ПнЗ Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі, у Карэліі, Ленінградскай і Валагодскай абласцях. Пл. 9,7 тыс. км² (без а-воў). Даўж. 256 км, шыр. каля 91,6 км, глыб. да 127 м. Пасля пабудовы Верхнясвірскай ГЭС стала вадасховішчам (9950 км²). Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Паўн. берагі высокія, скалістыя, расчлянёныя вузкімі залівамі-губамі — Петразаводскай, Кондапажскай, Ліжэмскай і інш. і Павянецкім зал., паўднёвыя — пераважна нізкія, часта забалочаныя. 1369 а-воў агульнай пл. 250 км²; найбольшыя — Вял. Клімецкі і Вял. Лелікаўскі. Т-ра паверхневых слаёў вады ў жн. ў адкрытай частцы да 20—24 °C, у залівах да 24—27 °C. Замярзае ў ліст., крыгалом у маі. Цэнтр. ч. ў асобныя гады не замярзае. На возеры назіраюцца сейшы. Празрыстасць вады да 8—9 м, каля берагоў 1—4 м. Вада прэсная, з мінералізацыяй 35 мг/л. Упадаюць 58 рэк, найб. Выцегра, Водла, Суна, Шуя; выцякае р. Свір. Каля 50 відаў рыб, 17 маюць прамысл. значэнне (сіг, рапушка, корушка, мянтуз, лешч, акунь, шчупак, ласось і інш.). Рыбалоўства. Суднаходства. Возера злучана Беламорска-Балтыйскім каналам з Белым м., Волга-Балтыйскім водным шляхам — з бас. Волгі. Уздоўж паўд. берага Анежскі суднаходны канал. На Анежскім возеры музей Кіжы (на аднайм. в-ве). На берагах гарады Петразаводск, Кондапага, Мядэведжагорск, Павянец.

Анежскае возера.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 28 км на Пн ад г. Верхнядзвінск. Пры ўзроўні возера 129,8 м пл. 52,8 км², даўж. 11,4 км, найб. шыр. 7,8 км, найб. глыб. 7,5 м.

Схілы — узгоркі і грады выш. да 30 м, пад лесам, часткова разараныя. На З да возера прымыкае Асвейскае балота. Берагі пераважна нізкія, тарфяніста-пясчаныя, параслі балотным разнатраўем і рэдкім хмызняком, на Пд амаль зліваюцца са схіламі, занятыя сухадольнымі травамі. Берагавая лінія слабазвілістая, даўж. 33,4 км. Рэльеф дна складаны, невялікія разрозненыя водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, каля 80% пл. выслана гліністымі глеямі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўд.-ўсх. берагоў дно выслана заглееным пяском. У возера ўпадае р. Выдрынка, больш за 40 ручаёў, канал без назвы. Сцёк праз канал Дзегцяроўка. У зах. частцы высокі (да 30 м) востраў пл. каля 5 км², вакол яго паласа надводнай расліннасці шыр. да 100 м і невял. ўчасткі пяску каля паўд. берага. Характэрны ўстойлівая летняя і зімовая межань, павышаны ўзровень вады ўвосень. Устойлівы ледастаў у пач. снежня. Растае лёд звычайна ў красавіку. Т-ра вады на глыб. 0,5 м у летнюю межань 15,8 °C, у зімовую — 0,6 °C. Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Каля 40% пл. дна возера зарастае трыснягом і аерам. Гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, у трысняговых зарасніках на ПдУ водзяцца андатра, бабёр. Рыбапрамысловасць (лешч, шчупак, язь, судак, мянтуз, карась, сазан, ёсць вугор). У складзе біял. заказніка Асвейскі. На паўд. беразе возера г.п. Асвея.

Асвейскае возера.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)