Мюнстэрская камуна 1/308; 7/332
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НСТЭРСКАЯ КАМУ́НА,
панаванне ў 1534—35 пратэстантаў-анабаптыстаў у г. Мюнстэр (Вестфалія); уздым рэв. падзей у Германіі пасля паражэння Сялянскай вайны 1524—25. Пасля перамогі прыхільнікаў Рэфармацыі ў Мюнстэры (1533) і выгнання адтуль князя-епіскапа ў Мюнстэры сканцэнтраваліся анабаптысты і з інш. гарадоў Вестфаліі і Нідэрландаў. У лют. 1534 яны на чале з Янам Матысам і Іаанам Лейдэнскім атрымалі большасць у магістраце і фактычна захапілі ўладу ў горадзе. Мюнстэр яны абвясцілі «Новым Іерусалімам», г.зн. цэнтрам «Царства боскага», якое, паводле пропаведзі Яна Матыса, павінна быць усталявана на зямлі мячом «праведных». Ва ўмовах аблогі войскамі епіскапа анабаптысты правялі ў горадзе шэраг пераўтварэнняў (падпарадкаванне майстроў-рамеснікаў гар. абшчыне ў справе арганізацыі вытв-сці і выкананні заказаў, канфіскацыя золата, серабра і каштоўных рэчаў на агульную карысць, скасаванне грошай і ўвядзенне натуральнага абмену, улік прадуктаў спажывання, наладжванне агульных трапез і інш.). Пасля гібелі ў баі Яна Матыса (5.4.1534) І.Лейдэнскі распусціў магістрат і стварыў савет «12 апосталаў», а потым устанавіў асабістую дыктатуру тэакратычнага тыпу і быў абвешчаны царом Новага Сіёна (Мюнстэра) і будучым уладыкам усяго свету. Блакіраваная праціўнікам, М.к. пасля працяглай гераічнай абароны пала. Яе ўцалелыя дзеячы, у т. л. Іаан Лейдэнскі, пасля катаванняў пакараны смерцю.
У.Я.Калаткоў.
т. 11, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НСТЭР (Münster),
горад у паўн.-зах. ч. Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. 264 тыс. ж. (1992). Прыстань на канале Дортмунд—Эмс. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: с.-г. і горнае машынабудаванне, цэм., фарфоравая, тэкст., харчасмакавая. Ун-т (з 1780). Музей мастацтва і гісторыі культуры зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Арх. помнікі 12—18 ст.
Горад сфарміраваўся вакол епіскапскай рэзідэнцыі (з 794). У 12 ст. атрымаў гар. права, з 14 ст. член Ганзы. У 1534—35 горадам кіравалі пратэстанты-анабаптысты (гл. Мюнстэрская камуна). У Трыццацігадовую вайну 1618—48 М. — месца пасяджэнняў (з 1643) мірнага кангрэса, у яго гар. ратушы падпісаны Вестфальскі мір 1648. У 1661 гар. самакіраванне скасаваў епіскап. У 1803 епіскапства секулярызавана (у 1821 адноўлена), яго землі і М. адышлі да Прусіі, у 1807 да Вял. герцагства Берг, у 1810 да Францыі. У 1816—1945 М. — цэнтр прускай прав. Вестфалія. У гады 2-й сусв. вайны разбураны на 90%, пасля вайны стары горад адноўлены.
У.Я.Калаткоў (гісторыя).
т. 11, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)