МЫ́ШАЧНАЕ СКАРАЧЭ́ННЕ,

укарачэнне ці напружанне мышцаў у адказ на раздражненне, выкліканае разрадам рухальных нейронаў. Змены даўжыні міяфібрылаў у саркамеры (асн. структурная адзінка міяфібрылаў) адбываюцца шляхам слізгання актынавых нітак уздоўж міязінавых, а самі ніткі пры гэтым не ўкарочваюцца. Кожны саркамер здольны памяншацца на 20% сваёй даўжыні. На М.с. траціцца энергія, якая папаўняецца ў працэсах дыхання і гліколізу. Адрозніваюць М.с. ізаметрычнае (з ростам напружання мышца развівае намаганне без змены сваёй даўжыні) і ізатанічнае (мышца ўкарочваецца і патаўшчаецца, а напружанне яе амаль не мяняецца). Напр., пры перамяшчэнні грузу мышца скарачаецца спачатку ізаметрычна, а потым ізатанічна. Час адзінкавага скарачэння для розных тыпаў мышцаў — 5—200 мілісекунд.

Літ.:

Бэгшоу К. Мышечное сокращение: Пер. с англ. М., 1985;

Основы физиологии человека. Т. 1. СПб., 1994.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Мышачнае скарачэнне: саркамер расслабленага (1) і скарочанага (2) мышачнага валакна.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯФІБРЫ́ЛЫ (ад мія... + фібрылы),

скарачальныя арганелы ў саркаплазме папярочна-паласатых мышачных валокнаў, сардэчнай мышцы і мышцаў з двайной касой счэрчанасцю; забяспечваюць мышачнае скарачэнне. Дыям. ад 0,5 да некалькіх мікрон. Асн. маса М. — міяфіламенты, або протафібрылы, двух тыпаў: тоўстыя міязінавыя (дыям. 10—15 нм) і тонкія актынавыя (дыям. 5—8 нм). Маюць у сабе таксама бялкі тропаміязін A і B, актыніны і інш. Гл. таксама Мышачнае скарачэнне.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАЭРГІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, высокаэргічныя ці высокаэнергетычныя злучэнні,

арганічныя злучэнні жывых арганізмаў, якія маюць багатыя энергіяй (макраэргічныя) хім. сувязі. Удзельнічаюць у назапашванні і пераўтварэнні энергіі. Разрыў сувязей у малекулах М.з. суправаджаецца выдзяленнем энергіі, якая ідзе на біясінтэз і транспарт рэчываў, мышачнае скарачэнне, страваванне і інш. працэсы жыццядзейнасці арганізма. Да М.з. адносяцца адэназінфосфарныя кіслоты, найб. значная з іх — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ). Звязаныя з АТФ М.з. адыгрываюць важную ролю ў фотасінтэзе, біясінтэзе бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і інш. прыродных злучэнняў.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СІМУМ (ад лац. pessimum найгоршае) у фізіялогіі, прыгнечанне дзейнасці нерв. і мышачнай тканак. Выклікаецца празмернай частатой стымуляцый нерв. ствала, якая не можа быць узноўлена ў выглядзе біяпатэнцыялаў самога нерва і сінхронных скарачэнняў мышцы, што ён інервуе. Апісаны ў 1886 М.​Я.​Увядзенскім. Адпаведная П. частата трапляе на мышцу ў фазе яе абс. неўзбуджальнасці (рэфрактарнасці) і суправаджаецца аслабленнем скарачэння мышцы ў выніку трансфармацыі частаты раздражнення. Працэс мае абарачальны характар: зніжэнне інтэнсіўнасці раздражнення аднаўляе мышачнае скарачэнне.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХІ́МІЯ (ад бія... + хімія),

біялагічная хімія, навука, якая вывучае хім. састаў арганізмаў і хім. працэсы, звязаныя з іх жыццядзейнасцю. Адрозніваюць статычную біяхімію, якая займаецца пераважна аналізам хім. саставу арганізмаў і цесна ўзаемазвязана з біяарганічнай хіміяй і малекулярнай біялогіяй, дынамічную біяхімію, што даследуе працэсы ператварэння рэчываў у арганізме, і функцыянальную біяхімію, якая высвятляе сувязь паміж хім. ператварэннямі малекул і функцыяй клеткі ці органа (механізмы сакрэцыі, мышачнае скарачэнне, перадача спадчынных уласцівасцяў і інш.), а таксама механізмы рэгуляцыі працэсаў жыццядзейнасці. Паводле аб’ектаў даследавання адрозніваюць біяхімію мікраарганізмаў, раслін, жывёл і чалавека. Шэраг раздзелаў біяхіміі вылучаюць у асобныя навук. дысцыпліны: біяхімія вітамінаў, гармонаў, клінічная біяхімія і інш. Асобна ідуць параўнальная і эвалюцыйная біяхімія, якія займаюцца вывучэннем узаемасувязі паміж рознымі жывымі арганізмамі на малекулярным узроўні.

Як асобная навука біяхімія сфарміравалася ў 19 ст. Гісторыя развіцця біяхіміі бярэ пачатак ад аграхімікаў (ням. ўрач і прыродазнавец Парацэльс, 16 ст., і інш.), якія разглядалі жыццядзейнасць чалавека з пазіцый хіміі, увялі ў практыку лячэння шэраг хім. прэпаратаў. У пач. 19 ст. праведзены даследаванні па вывучэнні хім. саставу раслінных і жывёльных клетак, у 1828 сінтэзавана мачавіна (ням. хімік Ф.​Вёлер), у 1842 у Германіі выдадзены першы падручнік па біяхіміі (І.​Зіман). Ва ун-тах Еўропы, Расіі (Казань, А.Я.Данілеўскі, 1863) адкрыты кафедры біяхіміі. У 2-й пал. 19 ст. назапашаны некаторыя звесткі пра састаў і хім. пераўтварэнні бялкоў, тлушчу і вугляводаў, працэс браджэння (ням. вучоныя Ю.​Лібіх, Э.Бухнер, франц. Л.Пастэр), фотасінтэз (К.А.Ціміразеў). Вял. ўклад у развіццё біяхіміі ў Расіі зрабілі М.​В.​Ненцкі, адзін з заснавальнікаў тэорыі біясінтэзу мачавіны ў арганізме млекакормячых, Я.​С.​Лондан (распрацаваў метады ангіястаміі і арганастаміі для прыжыццёвага даследавання абменных працэсаў на цэлым арганізме), У.І.Паладзін і Дз.​М.​Пранішнікаў (вывучалі абмен азоту ў раслінах), А.​М.​Бах (заснавальнік школы рус. біяхімікаў; даследаваў хімізм фотасінтэзу і акісляльныя працэсы ў клетцы) і інш.

На Беларусі біяхім. даследаванні праводзяцца з канца 19 ст. Цяпер вядуцца ў біял. ін-тах АН Беларусі, НДІ мед. і с.-г. профілю, на адпаведных кафедрах і ў навук. цэнтрах ВНУ. Найб. вядомы працы па біяхіміі фотасінтэзу (Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, А.С.Вечар), глебавых ферментаў (В.Ф.Купрэвіч), біяхіміі мікраэлементаў (В.​А.​Лявонаў, Ф.​Я.​Беранштэйн), вітамінаў (Ю.М.Астроўскі), біяхіміі біял. мембранаў (С.В.Конеў), па патахіміі (М.Ф.Меражынскі), біяхіміі апрамененага арганізма (Л.С.Чаркасава). Даследуюцца біяхім. працэсы ў тканках, асобныя праблемы тэхн. біяхіміі, малекулярнай біяхіміі, біяэнергетыкі; вывучаюцца лакалізацыя і ператварэнне рэчываў у клетках і тканках, сувязь паміж будовай біяпалімераў і інш. біялагічна актыўных прыродных злучэнняў з іх функцыямі. Патрабуюць вырашэння праблемы: вывучэнне малекулярных асноў злаякаснага росту, імунітэту, малекулярных механізмаў памяці, асноў рацыянальнага харчавання чалавека і жывёл, малекулярных асноў спадчынных і саматычных захворванняў чалавека, арганізацыі і механізмаў дзейнасці генома, прынцыпаў біял. пазнавання, структуры і функцыі біял. мембранаў, праблемы ўзаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1981;

Кретович В.Л. Очерки по истории биохимии в СССР. М., 1984;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Биохимия человека. Т. 1—2. М., 1993.

В.​К.​Кухта.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)