МЫ́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць мытна-прававыя адносіны. Асн. крыніцы М.п. Рэспублікі Беларусь — Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб мытным тарыфе» 1993 з наступнымі дапаўненнямі і змяненнямі, а таксама нормы цывільнага і адм. заканадаўства. Як навука М.п. ўяўляе сабой сукупнасць ведаў пра мытна-прававыя адносіны, разнастайнасці мытных рэжымаў, мытна-прававую адказнасць і г.д. М.п. таксама разглядаюць як вучэбную дысцыпліну — спец. курс, што выкладаецца студэнтам юрыд. і некаторых эканам. ВНУ.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІ,

дагаворы міжнародныя, якія заключаюцца паміж суседнімі дзяржавамі па пытаннях, што тычацца ўстанаўлення рэжыму дзярж. граніц, іх дэмаркацыі, водакарыстання на прыгранічных рэках і вадаёмах. Уключаюць пытанні буд-ва гідратэхн. збудаванняў, каналаў, барацьбы з ляснымі пажарамі, эпідэміямі і эпізаотыямі, правілы адносна парадку выезду і ўезду на пагранічныя тэрыторыі, мытнае супрацоўніцтва, прыгранічны гандаль і інш.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сістэматызаваны заканад. акт, які вызначае прававыя, эканам. і арганізац. асновы мытнай справы, накіраваны на абарону эканам. суверэнітэту і эканам. бяспекі Рэспублікі Беларусь і развіццё яе знешнеэканам. сувязей. Прыняты Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне ў 2-й пал. 1998. Складаецца з 15 раздзелаў, 45 глаў і 273 артыкулаў. Да 1998 на тэр. Беларусі дзейнічаў мытны кодэкс 1993. Апрача агульных палажэнняў змяшчае і рэгламентуе арганізац. пытанні кіравання мытнай справай; вызначае мытныя органы дзяржавы і іх кампетэнцыю; замацоўвае асн. прынцыпы перамяшчэння тавараў і трансп. сродкаў праз мытную граніцу; устанаўлівае мытныя рэжымы, мытныя плацяжы, мытнае афармленне тавараў, мытны і валютны кантроль; вызначае асоб, якім даецца права на мытныя льготы; рэгулюе пытанні вядзення мытнай статыстыкі і таварнай наменклатуры знешнеэканам. дзейнасці; шэраг норм кодэксу прысвечаны злачынствам і адм. правапарушэнням у сферы мытнай справы, прававому статусу службовых асоб мытных органаў, іх правам і абавязкам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)