МУ́ЦІ ((Muti) Рыкарда) (н. 28.7.1941, г. Неапаль, Італія),

італьянскі дырыжор. З 1969 дырыжор опернага «Тэатра камунале» ў Фларэнцыі. У 1967—82 адначасова гал. дырыжор і маст. кіраўнік фестывалю «Фларэнтыйскі музычны май». У 1973—83 кіраўнік Лонданскага, у 1980—93 — Філадэльфійскага сімф. аркестраў, з 1986 — т-ра «Ла Скала». Удзельнік Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары оперы італьян. класікаў і сімф. творы кампазітараў 20 ст. Адточаны густ, пачуццё стылю, яскравы тэмперамент вылучаюць яго інтэрпрэтацыі твораў Б.Брытэна, Г.Петрасі, Л.Далапікалы, К.Орфа, І.Стравінскага, Дз.Шастаковіча і інш.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕРЫКО́ВЫ СХІЛ,

частка падводнай ускраіны мацерыка паміж шэльфам і мацерыковым падножжам. Характарызуецца зямной карой кантынентальнага тыпу. Вызначаецца вял. нахіламі паверхні (у сярэднім каля 4°, часта 15—20°, зрэдку да 40°) і рэзкай расчлянёнасцю рэльефу (ступені, падводныя каньёны). У верхняй частцы М.с. назіраецца перамяшчэнне вял. мас асадкавага матэрыялу ў выглядзе падводных апоўзняў і патокаў муці, у ніжняй пераважаюць працэсы акумуляцыі. Па высокай прадукцыйнасці арган. рэчыва М.с. вылучаецца ў асобную батыяльную зону (гл. Батыяль).

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НУС ВЫ́НАСУ,

акумуляцыйная форма рэльефу ў выглядзе плоскага паўконуса. Мае слабапукатую паверхню, уніз пашыраецца. Наземныя К.в. ўтвараюцца ў выніку назапашвання рыхлага матэрыялу (галька, пясок, гліна) ў месцах выхаду горных рэк на раўніны і ў вусцях часовых вадасцёкаў. Падводныя К.в. фарміруюцца ў прыбярэжных зонах мораў і акіянаў каля вусцяў рэк, якія выносяць значную колькасць наносаў, або ў вусцях падводных каньёнаў за кошт матэрыялу, які прыносяць патокі муці ў ніжнюю частку мацерыковага схілу ці ў вобласць мацерыковага падножжа.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДБЕ́ЛЬНЫЯ ГЛІ́НЫ,

гліністыя горныя пароды з рэзка выражанымі ўласцівасцямі адсорбцыі. У мінулым шырока выкарыстоўваліся для адбельвання сукна (адсюль назва). Ачышчаюць розныя рэчывы (пераважна вадкасці) ад пігментаў, муці, смолаў, слізі і інш. прымесяў. Складаюцца ў асноўным з мантамарыланіту, сапаніту і інш. мінералаў. Трапляюцца пераважна ў адкладах мелавога, палеагенавага і неагенавага перыядаў, у месцах вулканічнай актыўнасці. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы нафты і нафтапрадуктаў, алею, тлушчаў, сокаў, воцату, вінаў і інш. Як адсарбенты прыдатныя актывізаваныя стужкавыя гліны, якімі багатыя Віцебскі, Полацкі, Петрыкаўскі р-ны Беларусі.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)