Муфта (у тэхніцы) 4/369; 7/323; 9/527; 10/149, 605
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ФТА (ад ням. Muffe),
прыстасаванне для злучэння валоў, цяг, труб, канатаў, кабеляў і інш. цыліндрычных дэталей. Бываюць злучальныя (фітынгі, кабельныя муфты і інш.), якія забяспечваюць трываласць злучэння, герметычнасць, ахову ад карозіі, і М. прыводаў машын і механізмаў, што перадаюць вярчальны рух з аднаго вала на другі (ці на шкіў, зубчастае кола і да т.п.).
М. прыводаў таксама кампенсуюць мантажныя адхіленні, раз’ядноўваюць валы, засцерагаюць машыны ад паломак у аварыйных рэжымах і інш. Перадача моманту ў М ажыццяўляецца з мех. сувяззю паміж дэталямі (глухія, зубчастыя, утулачна-пальцавыя, кулачковыя, шарнірныя М.), за кошт трэння або магн. прыцяжэння (фрыкцыйныя, электраіндукцыйныя М.), сіл інерцыі (гідрамуфты, гл.Гідрадынамічная перадача). М. прыводаў бываюць: пастаянныя злучальныя, кіроўныя, самакіроўныя (аўтаматычныя, якія ўключаюцца і выключаюцца ў залежнасці ад рэжыму работы), М. слізгання.
Муфты для перадачы вярчальнага руху: а — простая муфта; б — адзінарныя шарнірныя, спалучаныя з прамежкавым валам (1 — злучальныя валы, 2 — паўмуфты, 3 — прамежкавы вал).