МУ́СКУСНАЯ ПАРО́ДА качак,

мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ад дзікіх мясц. мускусных качак. Гадуюць у Еўропе, ЗША, Аўстраліі. На Беларусі наз. таксама бародаўчатымі, індакачкамі, шыпунамі; гадуюць пераважна аматары (з 1980-х г.).

Тулава падоўжанае, шырокае, грудзі глыбокія. Галава падоўжаная, з пукатым ілбом. Дзюба цялеснага або цёмна-ружовага колеру, з чорным канцом. Вакол вачэй і над асновай дзюбы скура голая, чырв., са складкамі і бародаўкамі, што выдзяляюць тлушч, які ў качараў у перыяд размнажэння пахне мускусам (адсюль назва). Крылы і хвост доўгія. Ногі кароткія, чорныя. Апярэнне чорнае з зялёным адлівам і белымі «люстэркамі» на крылах (або белымі крыламі), белае або стракатае.

Добра лётаюць; замест кракання шыпяць. Маса качараў 5—6 кг, качак 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 70—120 яец за год, маса яйца 70—80 г. Жыццяздольнасць высокая. Мяса нятлустае, мяккае, з прысмакам дзічыны.

Мускусная парода качак (1 — качка; 2 — качар).

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́КСА (Adoxa),

род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.

Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.

Адокса мускусная.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мускусніца 7/321

- » - мускусная 7/321 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАРГА́ (Moschus),

падсямейства атр. парнакапытных. 1 від (M. moschiferus).

Пашырана ў Цэнтр. і Усх. Азіі. Жыве ў горнай камяністай тайзе. Трымаецца паасобна, радзей невял. групамі.

Даўж. да 1 м, выш. ў карку да 70 см, маса да 20 кг. Афарбоўка пераважна карычневая, з дробнымі светлымі плямамі на баках. Спіна выгнутая, задняя ч. цела вышэйшая і грузнейшая за пярэднюю. У самцоў вострыя, накіраваныя ўніз іклы, на жываце мускусная залоза Перамяшчаецца скачкамі. Нараджае 1—2 дзіцяняці. Расліннаедныя.

Кабарга.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)