Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУС (лац. muscus ад санскр. машонка, яйцо),
прадукт жывёльнага ці расліннага паходжання са своеасаблівым, т.зв. мускусным, пахам і здольнасцю паляпшаць і фіксаваць пах парфумерных кампазіцый.
ЖывёльныМ., які атрымліваюць пераважна з мускусных залоз самцоў кабаргі — зярністая цёмна-рудая маса, мае бялкі, тлушчы, халестэрын, розныя солі. Пах абумоўлены прысутнасцю макрацыклічнага кетону мускону. Мускусны пах маюць некаторыя эфірныя алеі, а таксама сінт. пахучыя рэчывы, якія не знойдзены ў прыродзе. Пахучая аснова расліннага М. — макрацыклічныя лактоны (макраліды); найб. важныя амбрэталід, які ёсць у эфірным алеі з насення гібіскусу, і тыбеталід, што уваходзіць у састаў эфірнага алею з каранёў аптэчнага дзягілю. Сярод сінт. М. найб. шырока выкарыстоўваюць т.зв.нітрамускусы — вытворныя бензолу, што маюць адну ці некалькі нітрагруп (напр., М. амбравы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУСНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
відазмененыя скурныя залозы некаторых паўзуноў і млекакормячых, якія выпрацоўваюць мускус. Пах М.з. служыць для прываблівання асобін інш. полу і маркіроўкі занятай жывёлай тэрыторыі. Размяшчаюцца ў вобласці ніжняй сківіцы, клаакі (напр., кракадзіл, гатэрыя), у пахвіннай вобласці (напр., аўцабык, бабёр, кабарга), на хвасце (напр., хахуля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКТО́НЫ,
арганічныя рэчывы; унутраныя цыклічныя складаныя эфіры аксікіслот, маюць у цыкле атамную групоўку —C(O)—O—.
Л. — вадкасці ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы. Добра раствараюцца ў вадзе і палярных арган. растваральніках. Ніжэйшыя Л. — лакрыматары. Л., якія маюць у цыкле больш за 8 атамаў, адносяцца да макралідаў. Макраліды — макрацыклічныя Л., якія могуць мець розныя замяшчальнікі; многія з іх прадуцыруюцца штамамі бактэрый і з’яўляюцца антыбіётыкамі. Л. ёсць у малацэ і малочных прадуктах, раслінных мускусах (гл.Мускус). Сінт. Л. атрымліваюць цыклізацыяй адпаведных аксі- і галагенакіслот. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, як пахучыя рэчывы, лек. сродкі. Гл. таксама Кумарын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВЕ́РА (Viverra),
род млекакормячых атр. драпежных. 3 віды: цывета буйнаплямістая (Viverra megaspila) з 2 падвідамі, цывета азіяцкая (Viverra zibetha), тангалунга (Viverra tangalunga). Пашыраны ў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Наземныя могуць добра лазіць па дрэвах і плаваць.
Даўж. цела 60—83 см, хваста 30—48 см, маса да 11 кг. Тулава падоўжанае, з бакоў пляскатае. Валасяное покрыва высокае, але рэдкае і грубае, рыжавата-карычневае або шараватае з чорнымі плямамі; хвост з чорнымі і белымі кольцамі. Кормяцца дробнымі млекакормячымі, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, насякомымі, пладамі і каранямі раслін. Трымаюць у няволі, сакрэт анальных залоз (мускус) выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Падвід цывета малабарская (Viverra megaspila civettina) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗЫ,
органы (клеткі) жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць спецыфічныя фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны, слізь, сліна, мускус і інш.) і ўдзельнічаюць у розных фізіял. функцыях і біяхім. працэсах у арганізме. Большасць З. утвораны эпітэліяльнай тканкай і добра рэгенерыруюць. Адрозніваюць залозы ўнутранай сакрэцыі (эндакрынныя) і З. знешняй сакрэцыі (экзакрынныя), якія праз вывадныя пратокі выдзяляюць сакрэты на паверхню цела, слізістых абалонак або ў знешняе асяроддзе (потавыя, слінныя, малочныя, васковыя З. насякомых і інш.). Паводле тыпу сакрэцыі адрозніваюць З. меракрынныя (без страты цытаплазмы), апакрынныя (з адрывам верхавінкі клеткі з сакраторным уключэннем) і галакрынныя (з парушэннем сакраторнай клеткі). Бываюць аднаклетачныя (напр., бакалападобныя клеткі эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка і дыхальных шляхоў) і шматклетачныя (напр., большасць З. эндакрыннай сістэмы). Адрозніваюць простыя З. (іх вывадная пратока звязана з адным канцавым сакраторным аддзелам) і складаныя (у іх агульны ход выводзіцца сакрэт некалькіх або многіх канцавых сакраторных аддзелаў). Удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў і энергіі, рэгуляцыі жыццядзейнасці арганізма, ахоўваюць цела ад уздзеяння шкодных фактараў знешняга асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХУ́ЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, пахкія рэчывы,
арганічныя злучэнні, якія маюць прыемны пах і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці парфумерных і касметычных вырабаў, тавараў быт. хіміі, харч. прадуктаў. Пашыраны ў прыродзе: уваходзяць у састаў пахучых прадуктаў расліннага (эфірныя алеі, бальзамы, пахучыя смолы і інш.) і жывёльнага (амбра, мускус і інш.) паходжання. Паводле хім. прыроды большасць П.р. адносіцца да складаных эфіраў (напр., бутылацэтаты, бензіл- і ліпалілацэтат з кветкавым пахам), многія да альдэгідаў (напр., бензойны альдэгід, ванілін), спіртоў (напр., ліналаол).
Да 19 ст., калі былі атрыманы першыя сінт. аналагі прыродных П.р. (ванілін, 2-фенілэтанол з пахам ружы і інш.), адзінай крыніцай П.р. былі прыродныя прадукты. Распрацаваны метады сінтэзу амаль усіх П.р., што атрымлівалі з прыроднай сыравіны (напр., ментолу, цытралю), а таксама П.р., не знойдзеных у прыродзе (напр., фаліону э пахам фіялкі). Зроблена спроба вызначыць залежнасць паміж прыродай паху і будовай малекул П.р., аднак гэта не дае магчымасці прадказаць пах рэчыва.
Асн. колькасць П.р., што маюць прамысл. значэнне (больш за 500), атрымліваюць сінтэтычна, некаторыя вылучаюць з эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць у выглядзе парфумерных кампазіцый. Гл. таксама Парфумерыя, Парфумерна-касметычная прамысловасць.
Літ.:
Братус И.Н. Химия душистых веществ. 2 изд. М., 1992.