МІЯГЛАБІ́Н (ад мія... + глабін),

складаны бялок мышцаў чалавека і жывёл, які звязвае малекулярны кісларод, што пераносіцца гемаглабінам ад лёгкіх і перадае яго акісляльным сістэмам клетак. Паводле саставу і ўласцівасцей блізкі да гемаглабіну. Ёсць пераважна ў мышцах, якія працуюць рытмічна (напр., сэрца, дыяфрагма, мускульны страўнік птушак). Многа М. ў водных млекакормячых, якія доўгі час не дыхаюць (напр., у дэльфінаў, цюленяў). М. чырв. колеру. Мал. м. 17 000. Малекула М. складаецца з аднаго поліпептыднага ланцуга (каля 150 амінакіслотных рэшткаў) і жалезапарфірынавага комплексу — гема. З кіслародам злучаецца лягчэй за гемаглабін, утварае оксіміяглабін (рэакцыя абарачальная). У чалавека ў складзе оксіміяглабіну да 14% кіслароду ад агульнага яго запасу ў арганізме, у цюленя — 47%.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ (Columbiformes),

атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; C. rupestris), буры (C. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.

Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.

Да арт. Голубападобныя. Галубы: 1 — каменны; 2 — белагруды; 3 — буры. Рабкі: 4 — саджа звычайная (а — самка; б — самец); 5 — белабрухі.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Cephalopoda),

клас найб. высокаарганізаваных марскіх малюскаў. 7 падкласаў, з іх 6 пераважна выкапнёвыя віды (у т. л. вымерлыя аманіты і белемніты) і 1 сучасны з 7 атрадамі. Каля 650 сучасных і 10 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах і акіянах, трапляюцца таксама ва ўмераных і палярных водах. Жывуць паблізу берагоў і на вял. глыбінях каля дна, сярод камянёў, скал і водарасцей, у тоўшчы вады. Найб. вядомыя васьміногі, кальмары, каракаціцы.

Даўж. цела ад 1 см да 18 м (разам са шчупальцамі). Галава і вочы вялікія. Вакол рота 8 або 10 шчупальцаў («рук»), якія з’яўляюцца часткай змененай і перамешчанай на галаву нагі (адсюль назва). Канечнасці з прысоскамі. Тулава ўкрыта мантыяй. Каля шчылінападобнага ўваходу ў мантыйную поласць ёсць мускульны орган — канічная лейка — відазмененая частка нагі. Вада з мантыйнай поласці з сілай выкідваецца праз лейку, і галаваногія малюскі рухаюцца па прынцыпе ракеты заднім канцом цела наперад. Ракавіна рэдукаваная або адсутнічае (за выключэннем караблікаў). Драпежнікі, бента- і планктафагі. Раздзельнаполыя. З дапамогай своеасабліва змененай рукі (гектакатыля) самец пераносіць капсулы (сперматафоры) з палавымі прадуктамі ў мантыйную поласць самкі. Звычайна размнажаюцца раз у жыцці, потым гінуць. Яйцы вялікія, самка прымацоўвае іх да падводных прадметаў. Ёсць чарнільны мяшок, здольны хутка мяняць афарбоўку цела (ахоўная рэакцыя). Часта маюць органы свячэння. Аб’екты промыслу, фармацэўтычная сыравіна.

Галаваногія малюскі: 1 — росія; 2 — сепія; 3 — арганаўт (а — самка, б — самец).

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТУ́ШКІ (Aves),

клас пазваночных жывёл; наземныя двухногія яйцародныя амніёты, прыстасаваныя да палёту. 2 падкл.: яшчарахвостыя П. (гл. Археаптэрыкс) і веерахвостыя П., або новыя (сапраўдныя). 34 атр., у т. л. 28 сучасных, каля 9 тыс. відаў. Продкамі П. лічаць стараж. (трыясавых) паўзуноў атр. псеўдазухій. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 19 атр., 307 відаў, з якіх гняздуюцца 226, сустракаюцца ў час міграцыі 26, зімуюць 11, вядомы як выпадкова залётныя 37; 75 занесены ў Чырв. кнігу. Большасць відаў арнітафауны належыць да атр. вераб’інападобных.

Памеры ад 5,5 см, масай 2 г (калібры) да больш як 2,5 м, масай да 150 кг (страус); размах крылаў да 4 м (альбатрос). Цела абцякальнай формы, укрытае пер’ем, пярэднія канечнасці ператвораны ў крылы. Шкілет лёгкі і трывалы (за кошт злучэння ці зрашчэння тонкіх пнеўматычных касцей). Грудзіна мае кіль (у бегаючых птушак адсутнічае) для прымацавання развітай лятальнай мускулатуры (у некат. відаў дасягае 50% масы цела). Шыйны аддзел з 11—25 пазванкоў, вельмі рухомы. Сістэма паветраных мяшкоў павялічвае газаабмен, забяспечвае тэрмарэгуляцыю, дазваляе змяняць шчыльнасць цела пры ныранні (у вадаплаўных П.). Скура без залоз (за выключэннем копчыкавай, якая выдзяляе сакрэт для змазкі апярэння). Пёры маюць розную будову (ніткападобныя, шчацінкі, пуховыя, контурныя) і функцыі (датыкальнага адчування, тэрмарэгуляцыі, спрыяюць абцякальнасці і ўзнікненню пад’ёмнай сілы пры палёце, ахоўваюць цела ад мех. пашкоджанняў). Дзюба (відазмененая сківіца без зубоў) пакрыта рагавым чахлом. У многіх відаў ёсць валлё. Страўнік падзелены на залозісты і мускульны (для мех. перацірання корму) аддзелы, кішэчнік доўгі. Задняя кішка і мачавы пузыр адсутнічаюць. Стрававальны тракт, мачаточнік і пратокі палавых залоз адкрываюцца ў клааку. Сэрца 4-камернае (у дробных відаў П. скарачаецца да I тыс. разоў за мінуту). Т-ра цела пастаянная, высокая (37,5—45,5 °C), абмен рэчываў інтэнсіўны, патрэбнасці ў корме вялікія (да 28% ад масы цела за дзень). Маюць вострыя каляровы зрок і слых, здольныя выдаваць разнастайныя гукі. Галаўны мозг з развітымі зрокавымі долямі і мазжачком забяспечвае высокі ўзровень нерв. дзейнасці і складаны тып паводзін. Размнажэнне цыклічнае, звязанае з сезонным развіццём палавых залоз. У час гнездавання могуць утвараць птушыныя базары. Апладненне ўнутранае, нясуць яйцы (ад 1 да 25). Па характары постэмбрыянальнага развіцця адрозніваюць вывадкавых птушак, паўвывадкавых птушак і птушанятных птушак. Жывуць асела, вандруюць або мігрыруюць (гл. Міграцыя жывёл, Кальцаванне птушак). Некат. пералётныя птушкі зімуюць на тэр. Беларусі, напр.: гракі, дразды, часам шпакі, крыжанкі, чыркі і інш. Шэраг відаў свойскіх і дэкаратыўных птушак, многія — аб’екты палявання (гл. Паляўнічыя жывёлы), некат. (арлы, сокалы, ястрабы) палююць на інш. жывёл. З пач. 16 ст. вымерла ці знішчана каля 170 відаў П. Адыгрываюць важную ролю ў харч. ланцугах біяцэнозаў, падтрымцы біял. разнастайнасці. Маюць вял. навук., гасп. і эстэт. значэнне. Існуе Міжнародны савет аховы птушак. Вывучае П. арніталогія.

Літ.:

Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;

Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;

Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.

Э.​Р.​Самусенка, І.​Э.​Самусенка.

Птушкі: 1 — адбітак археаптэрыкса; 2 — калібры вымпелахвостая; 3 — драфа гіганцкая; 4 — паморнік даўгахвосты; 5 — сокал балабан; 6 — зязюля малая; 7 — трагон ашыйнікавы; 8 — баклан чырванатвары; 9 — буравеснік вялікі стракататвары; 10 — гагара белашыйная.

т. 13, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)