Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РЭЙ, Мары (Murray),
самая вялікая рака ў Аўстраліі. Даўж. 2570 км (ад вытоку р. Дарлінг — 3750 км), пл. басейна 1057 тыс.км². Вытокі ў Аўстрал. Альпах, цячэ пераважна па засушлівай раўніне, упадае ў мелкаводны заліў-лагуну Александрына (адгароджаны ад Індыйскага ак. штучным барам для папярэджання ад засалення). Гал. прытокі: Дарлінг і Марамбіджы (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Вясной і летам паўнаводная, у сухі перыяд (зімой) большасць прытокаў перасыхае, не дасягае гал. ракі, і М. моцна мялее. Сярэдні гадавы расход вады 330 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Рыбалоўства. На М. і яе прытоках вадасховішча, ГЭС. Суднаходная ад г. Олберы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАМБІ́ДЖЫ (Murrumbidgee),
рака на ПдУ Аўстраліі, правы прыток р.Мурэй. Даўж. 2172 км, пл. басейна 165 тыс.км². Пачынаецца ў паўн. адгор’ях Аўстралійскіх Альпаў, цячэ па раўніне. Гал. прыток — р. Лаклан (справа). Сцёк зарэгуляваны (вадасх. Барынджак і ГЭС у вярхоўях М.). Сярэдні расход вады каля г. Балраналд 77 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Летам, у сезон дажджоў, суднаходная ніжэй г. Уога-Уога, у сухі сезон зрэдку перасыхае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ПАЎДНЁВЫ УЭ́ЛЬС (New South Wales),
штат Аўстраліі, на ПдУ краіны. Пл. 801,6 тыс.км². Нас. каля 6 млн.чал. (1998). Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г.Сідней. У межах штата знаходзіцца сталіца Аўстраліі — г.Канбера. Паверхня — пераважна раўніна ўздоўж р.Мурэй і яе прытокаў — рэк Дарлінг і Марамбіджы. На УВялікі Водападзельны хрыбет і прыморская нізіна (шыр. 20—40 км). Клімат на прыморскай нізіне субтрапічны вільготны (ападкаў 1200—1500 мм за год), на астатняй тэр. больш кантынентальны і сухі (ападкаў да 250 мм за год). Сярэднія месячныя т-ры ад 10—12 °C (ліп.) да 22—26 °C (студз.). На раўніне — засушлівае рэдкалессе і паўпустынныя хмызняковыя саванны, на ўзбярэжжы — вільготныя лясы. Найб. населены і эканамічна развіты штат Аўстраліі. Здабыча каменнага вугалю (Ньюкасл і інш.), поліметалаў (Брокен-Хіл), серабра, медзі, волава, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд. (с.-г. тэхніка, судны, легкавыя аўтамабілі, станкі і інш.), чорная і каляровая металургія, хім., нафтахім., харч., тэкст., папяровая, шкляная. Лесанарыхтоўкі (на У). У сельскай гаспадарцы найб. развіты вырошчванне збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, кукуруза), гадоўля мясной буйн. раг. жывёлы (на У) і авечак (на З). Пояс збожжавых культур цягнецца з Пн на Пд уздоўж зах. схілаў гор. Значныя пл. арашальных зямель. На ўзбярэжжы — малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, на Пн — вырошчванне цукр. трыснягу. Пашыраны вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, пчалярства. Марское рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Суднаходства па р.Мурэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ А́ЛЬПЫ (Australian Alps),
горы на ПдУ Аўстраліі, найб. высокая і расчлянёная частка Вял. Водападзельнага хрыбта. Даўж. каля 450 км, шыр. да 150 км. Пераважная выш. 1700—2000 м, найб. — 2230 м, г. Касцюшкі (самая вял. вяршыня Аўстраліі). Аўстралійскія альпы — высока ўзняты горставы масіў, разбіты разломамі на асобныя хрыбты-блокі (Гурак, Манара, Муніёнг, Бары і інш.) са слядамі чацвярцічнага зледзянення (марэны, кары, цыркі і невял. лядовыя азёры). Складзены з палеазойскіх кварцытаў, сланцаў і вапнякоў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі. Радовішчы бурага і каменнага вугалю. З паўн.-зах. схілаў пачынаецца гал. рака Аўстраліі Мурэй і яе прыток Дарлінг. Да выш. 1200 м — эўкаліптавыя лясы, вышэй — зараснікі верасоў, участкі злакавых лугоў і камяністых россыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АЎСТРА́ЛІЯ (South Australia),
штат Аўстралійскага Саюза каля ўзбярэжжа Вял. Аўстралійскага зал. Індыйскага акіяна. Пл. 984,4 тыс.км². Нас. 1479,8 тыс.чал. (1997). Каля 90% насельніцтва жыве ў гарадах. Адм. ц. — г.Адэлаіда. У рэльефе пераважаюць пустынныя раўніны з асобнымі ізаляванымі горнымі масівамі (Масгрэйв, Сцьюарт і інш.) і ўпадзінамі з салёнымі азёрамі (Эйр, Гэрднер, Торэнс і інш.). На ПдУ — раўніна р.Мурэй. Расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі вечназялёныя хмызнякі. Развіты сельская гаспадарка і прам-сць. Здабыча меднай і жал. руд, прыроднага газу, каменнага вугалю. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, у т. л. агульнае, дакладнае, с.-г., эл.-тэхн., судна- і аўтабудаванне; нафтахімія, вінаробства, мукамольная, кансервавая, тэкст., швейная, абутковая. Гал.прамысл. цэнтры Адэлаіда, Уаяла, Порт-Піры. Сеюць пшаніцу, ячмень, авёс. Садоўніцтва і вінаградарства (каля 50% збору вінаграду ў краіне). Гадуюць мерыносавых авечак (пагалоўе каля 20 млн.) і буйн. раг. жывёлу. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Важнейшы порт Адэлаіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria),
штат на ПдУ Аўстраліі. Пл. 227,6 тыс.км². Нас. 4468,3 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Мельбурн. На Пд Аўстралійскія Альпы з вяршынямі да 2 тыс.м акаймоўваюць вузкую паласу ўрадлівай берагавой раўніны з субтрапічным кліматам і вечназялёнай расліннасцю. На паўд. і паўд.-ўсх. схілах гор (ападкаў 2000 мм за год) — густыя вечназялёныя лясы, на паўн. схілах, больш засушлівых, — паркавыя лясы, якія на Пн змяняюцца сухімі стэпамі. На Пн і ПнЗ — алювіяльная раўніна р.Мурэй (Мары) са стэпавай, часткова паўпустыннай расліннасцю. Вікторыя — другі па эканам. значэнні (пасля Новага Паўднёвага Уэльса) штат краіны. Здабыча бурага вугалю, у прыбярэжных водах — нафты і прыроднага газу. Буйныя ЦЭЦ, а таксама некалькі значных ГЭС (на У у Снежных гарах). Развіта металаапр., маш.-буд., хім., нафтаперапр., авіяц.прам-сць, з галін лёгкай прам-сці — абутковая, швейная, шарсцяная, а таксама харч. (вінаробчая, кансервавая, масларобчая і інш.). Асн.прамысл. цэнтры — Мельбурн, Джыланг, Баларат, Бендыга. Гал.с.-г. культуры: пшаніца, авёс, ячмень, бульба. Вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля малочная і мяса-воўнавая. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Вытв-сць на экспарт масла, сыроў, мяса, шэрсці. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Важнейшыя парты Мельбурн і Джыланг.
Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28°паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28°паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.
Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш.Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15°паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28°паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́,
адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз.вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз.рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз.вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл.бас. больш за 50 тыс.км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл.бас. 2—50 тыс.км²) і малая Р. (пл.бас. да 2 тыс.км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.І.Львовіча, П.С.Кузіна, Б.Дз.Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс.км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).
На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс.км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс.км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс.км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл.Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл.Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.
Літ.:
Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;
Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі