МУЛЯ́РАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
бой партызан аб’яднанага гарнізона Ф.І.Паўлоўскага па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Муляраўка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на лініі Жыткавічы—Калінкавічы 22 лют. ў Вял. Айч. вайну. Для выканання аднаўленчых работ на чыгунцы на станцыю прыбыла частка буд. батальёна гітлераўцаў. Атрадам А.Ф.Каваленкі, І.Р.Жулегі, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.Я.Чырлін) і Капаткевіцкаму (камандзір А.Ц.Міхайлоўскі) было даручана разграміць гарнізон праціўніка. Да раніцы 21 лют. атрады сканцэнтраваліся ў в. Залессе Акцябрскага р-на, правялі разведку, удакладнілі сілы, узбраенне праціўніка. Аперацыяй кіравалі Паўлоўскі і камісар С.В.Маханько. 22 лют. раніцай партызаны акружылі станцыю і казарму, у якой размяшчаліся гітлераўцы, і адкрылі агонь. У выніку аперацыі фаш. гарнізон на ст. Муляраўка разгромлены, аднаўленчыя работы сарваны.
т. 11, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЯ́РАЎКА,
вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Жыткавічы—Калінкавічы; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы—Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 12 км на Пн ад г. Петрыкаў, 178 км ад Гомеля. 649 ж., 210 двароў (1999). Акц. т-вы «Аграпрамтэхніка» і «Петрыкаўснаб», раённае аб’яднанне «Сельгасхімія». Школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Каля вёскі адбылася Муляраўская аперацыя 1942.
т. 11, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)