ДУ́ГЛАС (Douglass) Фрэдэрык [сапр. Бейлі

(Bailey) Фрэдэрык Агастэс Вашынгтон; люты 1817, Такаха, каля г. Істан, штат Мэрыленд, ЗША — 20.2.1895], грамадскі дзеяч, публіцыст, адзін з лідэраў абаліцыянізму ў ЗША. Мулат, да ўцёкаў у паўн. штаты ЗША (1838) быў рабом. З 1847 выдаваў антырабаўладальніцкую газ. «The North Star» («Паўночная зорка»),

Пад уплывам Дж.Браўна выступіў за ўзбр. барацьбу супраць негрыцянскага рабства. Адзін са стваральнікаў першых негрыцянскіх палкоў у грамадз. вайну ў ЗША 1861—65 і кіраўнікоў руху неграў за раўнапраўе ў час Рэканструкцыі Поўдня 1865—77. Выступаў за дэмакратызацыю грамадска-паліт. жыцця краіны, за правы жанчын. Аўтар антырабаўладальніцкага аўтабіягр. твора «Аповесць пра жыццё Фрэдэрыка Дугласа, амерыканскага раба» (1845, перапрацавана ў 1855 і 1881 пад інш. назвамі).

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСЕН ((Anderstn) Ханс Крысціян) (2.4.1805, г. Одэнсе, Данія — 4.8.1875),

дацкі пісьменнік. Аўтар кніг «Казкі для дзяцей» (т. 1—3, 1835—37), «Новыя казкі» (1843—48), «Гісторыі» (1852—53); раманаў «Імправізатар» (1835), «Толькі скрыпач» (1837), «Дзве баранесы» (т. 1—3, 1849); зб. навел «Кніга карцін без карцін» (1840); п’ес «Мулат», «Маўрытанка» (абедзве 1840), аўтабіяграфіі «Казка майго жыцця» (1846), падарожных нарысаў. Сусв. вядомасць Андерсену прынеслі казкі «Дзюймовачка», «Крэсіва», «Снежная каралева», «Прынцэса на гарошыне», «Новае ўбранне караля», «Брыдкае качаня», «Стойкі алавяны салдацік». Творчасці Андэрсена ўласцівыя рамантызм і народнасць, іронія і гумар, гуманізм і філас. мудрасць. На бел. мову казкі Анднрсена перакладалі Я.Маўр, А.Якімовіч і інш. Казка «Салавей» паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі (1980). 1975 быў аб’яўлены годам Андэрсена.

Тв.:

Бел. пер. — Брыдкае качаня. Мн., 1938;

Выбраныя казкі. Мн., 1946;

Стойкі алавяны салдацік. Мн., 1947;

Казкі. Мн., 1955;

Дзікія лебедзі. Мн., 1971;

Рус. пер. — Сказки и истории. М., 1980.

Літ.:

Грёнбек Бо. Ханс Кристиан Андерсен: Жизнь. Творчество. Личность: Пер. с дат. М., 1979;

Переслегина Э.В. Ханс Кристиан Андерсен: Биобиблиогр. указ. М., 1979.

У.Л.Сакалоўскі.

Х.К.Андэрсен.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)