МУ́ЗЫ (ад грэч. musai),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дочкі Зеўса і Мнемасіны; спачатку багіні спеваў, пазней паэзіі, мастацтваў, навук. М. было 9: Кліо — апякунка гісторыі, Талія — камедыі, Мельпамена — трагедыі, Еўтэрпа — лірычнай паэзіі, Эрато — любоўнай эратычнай паэзіі, Тэрпсіхора — танцаў, Палігімнія — гімнаў, Каліопа — эпічнай паэзіі і навукі, Уранія — астраноміі. У пераносным сэнсе М. (муза) — творчае натхненне.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАКРЭ́НА (лац. Hippocrene ад грэч. hippu krēnē крыніца каня),

у грэчаскай міфалогіі крыніца на гары Гелікон, дзе жылі музы (гл. Гіпакрэна).

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКРЭ́НА, Іпакрэна,

у грэчаскай міфалогіі крыніца натхнення. Лічылі, што ўзнікла ад удару капыта крылатага каня Пегаса на гары муз Гелікон (літар. «конская крыніца»). Музы, якія выкупаліся ў гэтай фіялкава-цёмнай крыніцы, вадзілі карагоды і спявалі дзівосныя песні; Арэст пасля забойства маці ачысціўся ў гіпакрэне.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Антон Іванавіч) (1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),

бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел. нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.​Баршчэўскага і інш.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;

Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФЕ́Й,

у грэчаскай міфалогіі фракійскі спявак, сын музы Каліопы. Цудоўнымі спевамі і ігрой на кіфары ён зачароўваў багоў і людзей, утаймоўваў дзікія сілы прыроды. Паводле міфаў, Арфей удзельнічаў у паходзе арганаўтаў, лічыўся заснавальнікам арфічных культаў. Калі раптоўна памерла яго жонка Эўрыдыка, Арфей адправіўся за ёю ў царства мёртвых. Міф пра Арфея — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны П.​Рубенса, Я.​Тынтарэта), л-ры (Авідзій, Вергілій), музыцы (К.​Глюк, Ф.​Ліст, І.​Стравінскі) і інш.

Арфей, які іграе на ліры. Мазаіка. 3 ст.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГРЫЎ ((Congreve) Уільям) (10.2. 1670, Бардсі, каля г. Лідс, Вялікабрытанія — 19.1.1729),

англійскі камедыёграф, паэт. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Дубліне і Оксфардзе. Дэбютаваў раманам «Інкогніта» (1692). Аўтар узорных класіцыстычных камедый «Стары халасцяк», «Двайная гульня» (абедзве 1693), «Каханне за каханне» (1695), «Так робяць у свеце» (1700), якім уласцівы мяккая сатыра, дасціпны дыялог, гумар, бездакорны густ і лаканізм. Пісаў оды, паэмы («Нараджэнне музы», «Пасланне да віконта Кабхэма»), літ. памфлеты. Перакладаў Гамера, Авідзія, Мальера і інш. Паўплываў на творчасць Вальтэра, Дж.​Свіфта, А.​Поўпа.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1977.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРНА́С (Parnasos),

горны масіў у Грэцыі, на Пн ад Карынфскага зал. Выш. 2457 м. Складзены з вапнякоў, вяршыня скалістая. Да выш. 1000 м укрыты міжземнаморскімі хмызнякамі і хваёвымі лясамі. Каля падножжа П. — стараж.-грэч. г. Дэльфы, археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; рэшткі помнікаў архітэктуры 7 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі П. — месцазнаходжанне Апалона і муз; у пераносным значэнні — садружнасць паэтаў, парнаскія кветкі — вершы, парнаскія сёстры — музы. Адсюль выраз «Узысці на П.»: дасягнуць сапр. поспеху і прызнання ў л-ры і мастацтве. Арх. музей. Нац. парк.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІХТ (Генрык Тэадоравіч) (1835 ці 1836, Вільня — 12.6.1863),

удзельнік нац.-вызв. руху 1850—60-х г. на Беларусі, у Польшчы, Літве. Скончыў Віленскую гімназію (1852), служыў паштовым чыноўнікам. Каб пазбегнуць арышту за ўдзел у рэв. гуртках, у 1857 эмігрыраваў у Лондан. Быў актыўным дзеячам польскай Рэвалюцыйнай грамады «Лондан», працаваў у друкарні «Колокола». Вясной 1862 нелегальна прабраўся ў Варшаву. Уваходзіў у лявіцу «чырвоных», быў агентам Цэнтральнага нацыянальнага камітэта. Асн. рухальнай сілай паўстання лічыў народ. У ліст. 1862 арыштаваны, зняволены ў Брэсцкую крэпасць. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

Літ.:

Кісялёў Г. Вязень Брэсцкай крэпасці // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНІ́ ((Denis) Марыс) (25.11.1870, г. Гранвіль, Францыя — 3.11.1943),

французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1887) і ў Школе прыгожых мастацтваў. Зазнаў уплыў П.​Сезана, П.​Гагена. Адзін з заснавальнікаў і тэарэтык групы «Набі» (1890) і «Майстэрняў рэлігійнага мастацтва» (1919). Лідэр неатрадыцыяналістычнай плыні ў франц. жывапісе. Працаваў у стылях сімвалізму і мадэрну. Для твораў характэрны манум. формы, дэкар. гармонія, рэліг.-містычныя сюжэты, плоскасная стылізацыя, светлы каларыт. Сярод твораў «Музы» (1893), «Марфа і Марыя» (1896), «Партрэт Івоны Лероль» (1897), «У гонар Сезана» (1900), 11 пано «Гісторыя Псіхеі» (1908—09) і інш. Аўтар кніг «Тэорыі» (1912), «Новыя тэорыі» (1921).

М.Дэні. Партрэт Івоны Лероль. 1897.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫ́ШКА (Баляслаў Вікенцьевіч) (7.8.1837, фальварак Карманішкі, Эйшышкскі р-н Літвы — 9.6.1863),

удзельнік рэв. руху 1860-х г. З 1860 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у 1861 вёў рэв. агітацыю ў Лідзе і Лідскім пав., удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, сутыкненнях з паліцыяй у Маскве. У сак. 1863 сфарміраваў паўстанцкі атрад (Дубіскі полк) у цэнтр. Літве. 5.4.1863 з атрадам далучыўся да З.Серакоўскага, камандаваў адной з калон у паходзе паўстанцаў на Пн Літвы. Пасля разгрому паўстанцаў у Біржайскай бітве (25—27.4.1863) узяты ў палон і паводле прысуду павешаны ў Вільні на плошчы Лукішкі.

Літ.:

Кісялёў Г. Рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст з Лідчыны // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Генадзь Кісялёў.

Б.В.Калышка.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)