БАХРУ́ШЫН (Аляксей Аляксандравіч) (31.1.1865, Масква — 7.6.1929),

рускі тэатр. дзеяч. На аснове сабраных ім матэрыялаў па гісторыі рус. т-ра ў 1894 стварыў музей (гл. Тэатральны музей імя Бахрушына). З 1918 старшыня музейна-архіўнай секцыі пры Тэатр. аддзеле Наркамасветы РСФСР.

А.А.Бахрушын.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ ЗАПАВЕДНІК, Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік «Заслаўе». Створаны ў 1986 у г. Заслаўе Мінскага р-на на базе гіст.-археал. запаведніка (засн. ў 1967). Уключае Заслаўскі замак, гарадзішча «Вал», «Замэчак» 10—11 ст., заслаўскія курганныя могільнікі, Заслаўскі фарны касцёл, рэшткі сядзібы 17—19 ст. На тэр. запаведніка музеі «Млын», «Хата завознікаў», «Кузня», «Свіран» (усе пач. 20 ст.), музейна-выставачны комплекс, у якім размешчаны выстаўкі муз. інструментаў (177 экз.), дываноў «Мара аб Заслаўі», габеленаў. Пл. запаведніка 1,13 км², пл. экспазіцыі 375 м², 9,4 тыс. экспанатаў (1997), у т. л. 256 твораў жывапісу, 196 — графікі, 1,81 тыс. прадметаў этнаграфіі, каля 3,9 тыс. археалогіі, 612 тамоў друк. выданняў. У 1978—90 на тэр. запаведніка дзейнічаў музей рамёстваў і нар. промыслаў (размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы 16 ст.). Удзельнік міжнар. руху «За новую музеялогію».

А.​М.​Каўбаска.

Млын 1910 на тэрыторыі Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка.

т. 6, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАЛЬЕ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва вырабу форм для адліўкі і штэмпеляў для чаканкі манет і медалёў; галіна скульптуры дробных форм. Творы М.м. вырабляюцца з медзі, серабра, золата, бронзы і інш. матэрыялаў, якія дазваляюць рабіць дакладныя выявы і дэталі ў дробным фармаце; дэкар. і выставачныя медалі вырабляюць і ў тэхніцы керамікі. М.м. ўласцівы пошукі пластычных, ясных і лаканічных кампазіцыйных вырашэнняў, шырокае выкарыстанне сімвалаў, эмблем і алегорый, арган. спалучэнне выяў і надпісаў, устойлівасць асн. іканаграфічных прыёмаў і тыпаў, звязаных з неабходнасцю ўпісаць рэльефную мініяцюру ў зададзеную стандартную форму.

Узнікла ў 7—6 ст. да н.э. разам з вырабам метал. манет у Лідыі і Стараж. Грэцыі. У старажытнасці пераважала чаканка манет штэмпелямі з загартаванага металу з гравіраванымі негатыўнымі выявамі. Буйныя манеты часам адліваліся ў формах. Ант. манетам уласцівы прастата і гарманічнасць вобразаў божастваў і міфалагічных сцэн. У эпоху сярэднявечча ў кампазіцыі пераважалі арнаментальнасць і геральдычны характар, пашырыліся партрэтныя выявы. Манеты краін Азіі вызначаліся прыгажосцю каліграфічных надпісаў. З 14—16 ст. вядомы выраб памятных медалёў. Творам М.м. эпохі Адраджэння ўласцівы індывідуальнасць партрэтных характарыстык і пластычная дасканаласць алегарычных фігур (медальеры Пізанела, Б.​Чэліні ў Італіі, Ж.​Пілон у Францыі і інш.). У эпохі барока і класіцызму з’явіліся стальныя штэмпелі, што дазваляла дасягнуць у гераізаваных кампазіцыях ювелірнай дакладнасці апрацоўкі дэталяў (Ж.​Варэн, Г.​Дзюпрэ ў Францыі, І.​Хён, Ф.​Г.​Мюлер у Германіі, П.​Уткін, Ф.​Талстой у Расіі, і інш.). Эпоха рамантызму прыўнесла ў М.м. пошукі жывапіснасці і свабоды пластычнай святлоценявой лепкі (П.​Ж.​Давід д’Анжэ ў Францыі). У 20 ст. значна пашырыліся выразныя сродкі (контррэльеф, паглыблены контур, чарненне, эмаль) і тэматыка, ускладнілася кампазіцыя, пластычная мова і фактура твораў М.м. (А.​Л.​Галцье, Р.​Дэламар, Ж.​Лей, А.​Ж.​Адам у Францыі, Я.​Фішэр, І.​Прадлер у Чэхіі і інш.).

На Беларусі М.м. развівалася ў рэчышчы асн. маст. эпох і стыляў. З канца 15 ст. манеты выраблялі на Віленскім манетным двары. З пач. 16 ст. вядомы медалі ў гонар польскіх каралёў, вял. князёў ВКЛ і чл. іх сямей, у т. л. Жыгімонта I Старога, Жыгімонта II Аўгуста, Боны Сфорцы і інш., якія стваралі замежныя медальеры Г.​Шварц, Я.​М.​Муска Падавана, Д.​Венетус і інш. З сярэдзіны 16 ст. на Віленскім манетным двары пачаўся пастаянны выпуск медалёў, пашырылася іх тэматыка, медалі з нагоды ваен. перамог. Паводле заказу кн. Радзівілаў вырабляліся медалі ў гонар прадстаўнікоў іх роду. Сярод вядомых віленскіх медальераў Г.​Кель, Г.​Трыльнер, манаграміст «HD». З 18 ст. пашырыўся выраб медалёў і жэтонаў рэліг. тэматыкі, прысвечаных важным дзярж. і грамадскім падзеям. Найб. вядомы медальер 18 ст. — І.​Ф.​Гольцгаўзер. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай творы М.м., звязаныя з бел. тэматыкай, ствараліся ў Расіі. За межамі імперыі было выраблена шмат медалёў, прысвечаных паўстанням 1830—31 і 1863—64, А.​Міцкевічу, Т.​Касцюшку і інш. У 1960-я г. бел. М.м. аднавілася. Ствараюцца памятныя, юбілейныя і сувенірныя медалі, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны, гадавінам бел. гарадоў, навук. устаноў, прадпрыемстваў, падзеям культ. жыцця, значным асобам Беларусі. Унікальныя музейна-выставачныя медалі адліваюць з бронзы ці сілуміну. Вырабляюць таксама медалі з фарфору і гліны, са шкла ў тэхніцы маліравання і інш. Да М.м. ў сваёй творчасці звяртаюцца Г.​Асташонак, М.​Байрачны, С.​Вакар, Г.​Гаравая, С.​Гарбунова, А.​Зіменка, А.​Кашкурэвіч, В.​Ларчанка, У.​Лятун, У.​Слабодчыкаў, Л.​Талбузін, А.​Фінскі і інш. Творы М.м. экспануюцца на выстаўках. Гл. таксама Манета, Медаль.

Літ.:

Одноралов Н.В. Техника медальерного искусства. М., 1983.

Да арт. Медальернае мастацтва. Медальён у 8 солідаў. Рымская імперыя. Каля 337—361.
Да арт. Медальернае мастацтва. Златнік Уладзіміра Святаславіча. Канец 10 — пач. 11 ст.
Да арт. Медальернае мастацтва. Л.​Талбузін. Медаль «Мікола Гусоўскі». 1960.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)