АМЕБЕ́ЙНАЯ КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад грэч. amoibaios папераменны),

у вершаскладанні будова паэт. твора, заснаваная на кампазіцыйным паралелізме (паўтарэнні вершаванага радка або страфы). Шырока ўжываецца ў фальклоры (нар. песні). Выкарыстана Ф.​Багушэвічам у вершы «Песня», заснаваным на чаргаванні пытальных і сцвярджальных інтанацый: «Чым бяздомны, мужычок? // — Бо чужога гляджу. // Чаму хіцёр, мужычок? // Бо дурны, як варона. // Чаго ўмёр, мужычок? // — Уцякаў ад закона!» Найчасцей у аснове амебейнай кампазіцыі ляжыць прыём анафары.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕ́ЛКА (Канстанцін Кандратавіч) (22.10.1915, г. Калінкавічы Гомельскай вобл. — 8.1.1989),

бел. самадзейны майстар-разьбяр па дрэве. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скульптурам К. характэрны складаная дынамічная кампазіцыя, дакладнасць мадэліроўкі і стараннасць апрацоўкі матэрыялу. Выкарыстоўваў сюжэты з фальклору, літ. твораў, гісторыі і сучаснага жыцця: «Віцязь» (1948), «Аляксандр Неўскі», «Сувораў», «Мужычок з ногцік» (усе 1949), «Багдан Хмяльніцкі», «Руслан і Рагдай», «Бой рыцара з турам», «Салават Юлаеў» (усе 1954), «Героі Брэста», «Беларусы едуць», «Паляванне на зубра» (усе 1957), «Цялятніца» (1958), «Будзёнаўцы» (1962), «Партызанская тачанка» (1965) і інш.

Літ.:

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977.

К.Казелка. Мужычок і ногцік. 1949.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́НІЧ (Ерафей Васілевіч) (16.10.1854, в. Мужычок Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.1.1906),

вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р медыцыны (1887), праф. (1893). Скончыў Пецярбургскую ваен.-мед. акадэмію (1883). З 1894 праф. Варшаўскага ваен. шпіталя, з 1900 заг. вочнай клінікі і дырэктар вочнай лячэбніцы ў Пецярбургу.

У час адпачынкаў бясплатна лячыў і рабіў хірург. аперацыі сялянам на Беларусі. Навук. працы па пытаннях афтальмалогіі. Удасканаліў шэраг афтальмалагічных аперацый.

Тв.:

Развитие палочек, колбочек и наружного ядерного слоя в сетчатке зародыша человека. СПб., 1887.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ,

агітацыйна-прапагандысцкі т-р мініяцюр у Мінску. Існаваў у 1921—22. Арганізатары Е.​Міровіч і У.​Базілеўскі. Ставіліся агітацыйныя п’есы на вытв. тэмы, мініяцюры, аднаактоўкі на тэмы маралі, прыпеўкі на надзённыя тэмы. Для паказаў выкарыстоўвалася форма спектакляў-судоў, спектакляў-дыспутаў. Папулярным быў і танцавальна-пантамімічны жанр. Міровіч для тэатра напісаў мініяцюры «Ордэр жыладдзела», «Агідныя тыпы». Пастаўлены сатыр. мініяцюры «Полька», «Разруха», «Цвічок», «Лялькі», «Святая тройца», «Рэпка», «Мужычок». У іх высмейваліся спекулянты, сабатажнікі, гультаі і інш. Паказы адбываліся ў Чырвонай зале.

К.​Б.​Кузняцова.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.​В.​Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л. бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.​Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.​Пушкіна, І.​Крылова, М.​Някрасава, А.​К.​Талстога, А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, Я.​Каспровіча, І.​Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.​Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ. Мн., 1958. [Вып.] 1;

Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;

Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.

Р.​М.​Семашкевіч.

Адам Гурыновіч.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)