астанкі людзей, якія падвергліся натуральнай муміфікацыі і аб’яўлены духавенствам цудатворнымі, нятленнымі. Шанаванне М. — элемент культу святых, аб’ект рэліг. пакланення ў праваслаўных і католікаў. М. захоўваюцца і выстаўляюцца ў храмах у т. зв. раках — грабніцах або каўчэгах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й БАБО́ЛЯ (1591—16.5.1657),
бел. святы, езуіцкі манах, прапаведнік. Прапагандаваў ідэі Брэсцкай уніі 1596 у Вільні, Бабруйску, Полацку, Ломжы і Пінску, за што празваны пінскім апосталам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены ў 1657 казакамі і пасля катаванняў забіты. Пахаваны ў Пінску. У 1827 яго мошчы перанесены ў Полацк Кананізаваны ў 1938 папам Піем IX.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́КВІІ царкоўныя, прадметы рэліг. пакланення, якія звязваюцца з жыццём Хрыста, Багародзіцы ці святых. Да Р. адносяць таксама мошчы. Ушанаванне Р. узыходзіць да першабытных вераванняў (гл.Фетышызм). Царквой Р. прыпісваецца цудадзейная сіла (вылячэнне і інш.). Найб. культ Р. распаўсюджаны ў каталіцызме. У каталіцкіх храмах і кляштарах захоўваюць рэшткі адзення Хрыста, кавалачкі «крыжа, на якім ён быў распяты», цвікі, «якімі яго прыбівалі да крыжа», і інш. Храмы і кляштары, якія валодаюць Р., асабліва ўшаноўваюцца і прыцягваюць шматлікіх паломнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́КВІЯ (ад лац. reliquiae рэшткі, астанкі),
1) у розных рэлігіях асабліва шанаваныя прадметы, якія нібыта належалі багам, прарокам, ці астанкі святых (мошчы). Р. часам прыпісваецца цудадзейная сіла, здольная вылечваць хваробы.
2) Прадмет, які беражліва захоўваецца як памяць пра мінулае. Напр., Р. ваен.-гіст. (баявыя сцягі, асабістая і калект. зброя, узнагароды, рэчы, дакументы, фотаздымкі і інш.) сведчаць пра ваенна-гіст. падзеі, славутых дзеячаў. Р. сямейныя (дакументы, прадметы, якія належаць сям’і, роду) перадаюцца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІЯ ПАКУ́ТНІКІ,
бел. святыя Іаан, Антоній і Яўстафій (да хрышчэння Кумец, Няжыла, Круглец), якія загінулі ў 1347 пакутніцкай смерцю за пераход з язычніцтва ў хрысціянства. На месцы пакарання віленскіх пакутнікаў, якія былі прыдворнымі вял. князя Альгерда, па жаданні яго жонкі пабудавана капліца, пазней — Свята-Троіцкая царква. У 1374 віленскія пакутнікі кананізаваны. З 16 ст. іх мошчы знаходзіліся ў Віленскім Святадухаўскім манастыры. У ліп. 1993 часткі мошчаў віленскіх пакутнікаў закладзены ў абраз трох віленскіх пакутнікаў і перанесены ў Мінскі Свята-Петрапаўлаўскі сабор. Гісторыя віленскіх пакутнікаў коратка выкладзена ў «Сказанні пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў Уладзімір Глебавіч, бел. этнограф і фалькларыст 2-й пал. 19 ст.Чл. Мінскага губернскага стат. к-та, Рус.геагр.т-ва. З 1863 жыў у Мінскай губ., потым працаваў у Тураве, Мазыры міравым пасрэднікам, надворным саветнікам, міравым суддзёю. Друкаваўся ў «Минских губернских ведомостях», «Минских епархиальных ведомостях» і інш. Аўтар артыкулаў: «Нарысы нораваў Барысаўскага павета», «Нарысы народных святкаванняў і маленняў на Палессі», «Палессе: Паездка на возера Князь-Жыд», «Ліст з Палесся» (усе 1869), «Тураўская кантата св. Іаану Хрысціцелю» (1879), «Дзе мошчысв. Кірылы Тураўскага?» (1884). Адзін з першых запісаў легенды пра Князь-возера. Рабіў этнагр. замалёўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́Я МЕ́СЦЫ,
месцы, звязаныя з падзеямі свяшчэннай гісторыі, наведваннямі багоў і святых, цудатворствамі; важны элемент культу ўсіх рэлігій (гл.Культ рэлігійны). У хрысціян асаблівай пашанай карыстаюцца святыні ў Палесціне, дзе жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс Ісус Хрыстос. Да С.м. часам адносяць храмы і манастыры, дзе захоўваюцца мошчы святых, цудатворныя абразы і інш. святыні, а таксама цудатворныя крыніцы, месцы, дзе адбываліся з’яўленні абразоў і інш. цудатворствы. У каталіцызме адрозніваюць свяшчэнныя (асабліва адметныя ў культавай практыцы месцы, асвячоныя вышэйшымі царк. іерархамі, а таксама касцёлы, алтары і могілкі) і С.м. (вобласці Палесціны, звязаныя са старазапаветнымі падзеямі і жыццём Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі). Паводле кананічнага права, свяшчэнныя месцы павінны быць унесены ў літургічныя кнігі і традыцыйна выключаны са свецкай юрысдыкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЛУ́ДАЎСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Дзейнічаў у г. Заблудаў (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча) у 17—19 ст. Некат. гісторыкі лічаць, што манастыр існаваў ужо ў 1560—70-я г. ў час дзейнасці ў Заблудаве друкароў І.Фёдарава і П.Мсціслаўца (Свята-Успенская царква ў Заблудаве засн. ў 1563). Упершыню ўпамінаецца ў фундушавым запісе 1659 уладальніцы Заблудава кн. Марыі Малдаванскай, удавы Я.Радзівіла. З запісу вынікае, што манастыр засн. да смерці Радзівіла (1655). У 1664—88 манастыром спрабавалі завалодаць уніяты, але намаганнямі дачкі і ўнучкі Марыі ён застаўся праваслаўным. У 2-й пал. 17 ст. пры манастыры дзейнічалі школа, шпіталь, б-ка. У 1746—55 тут захоўваліся мошчысв. Гаўрыіла Беластоцкага. У сярэдзіне 18 ст. манастыр заняпаў (у 1760 былі 4 манахі). Пасля наведання манастыра слуцкім архімандрытам Паўлам Ваўчанскім (1783) зроблены капітальны рамонт, аднавілі дзейнасць школа і шпіталь. З 1807 манастыр быў падпарадкаваны Мінскай епархіі, у 1824 скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́МІЯ,
высахлы труп чалавека або жывёлы, які натуральным (пры спрыяльных умовах) ці штучным спосабам захаваўся ад гніення. Самы стараж. спосаб муміфікацыі зафіксаваны сярод рыбакоў племя чынчорас, што жылі на ўзбярэжжы Ціхага ак. паміж Іла (Перу) і Антафагастай (Чылі) больш за 6 тыс.г. назад. З 3-га тыс. да н.э. практыка стварэння М. бальзаміраваннем пашырылася ў Стараж. Егіпце, дзе целы нябожчыкаў апрацоўвалі пераважна прыроднай соллю (натронам), а шырокія льняныя палосы, якімі абгортвалі М., прамочвалі камеддзю і смоламі. Лічылася, што захаванне цела — адна з гал. умоў захавання душы. Пахаванні з М. звычайна маюць багаты пахавальны інвентар і даюць каштоўныя матэрыялы аб культуры, мастацтве, рэлігіі і побыце стараж. грамадстваў. Муміфікацыя была пашырана ў краінах Лац. Амерыкі і на Канарскіх а-вах. На Алтаі ў час раскопак Пазырыкскіх курганоў 5—4 ст. да н.э. знойдзены М. У шматлікіх хрысц. цэрквах захоўваюцца натуральныя М., т.зв.мошчы святых.
І.М.Язэпенка.
Галава муміі фараона Рамсеса II (1317—1251 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СІЙ БРЭ́СЦКІ (Афанасій Філіповіч; каля 1595, Брэстчына — 15.9.1648),
святы бел.правасл. царквы, пісьменнік-публіцыст, паліт. і царк. дзеяч. З сям’і незаможнага шляхціца. Меў даволі добрую адукацыю. У 1622 канцлер ВКЛ Леў Сапега прызначыў яго выхавацелем Я.Лубы, якога польскія прыдворныя выдавалі за рус. царэвіча, прэтэндэнта на маскоўскі трон. У 1627 пастрыгся ў манахі пры віленскім Святадухаўскім манастыры. Жыў у манастырах Куцеінскім (пад Оршай), Міжгорскім (пад Кіевам), Дубайскім, Купяціцкім (каля Пінска); у 1640—41 ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце. У 1637—38 ездзіў да рус. цара, у спец. рэляцыі «Гісторыя падарожжа ў Маскву» расказаў пра цяжкае становішча правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны ў складзе Рэчы Паспалітай. За супрацьдзеянне Брэсцкай уніі 1596, рэзкія выпады ў адрас караля ў 1643 сасланы ў Кіеў, у 1644 арыштаваны як «дзяржаўны злачынца» па справе Я.Лубы. З варшаўскай турмы накіраваў каралю шэраг артыкулаў з крытыкай палітыкі Рэчы Паспалітай, царк. іерархаў і свецкіх магнатаў. Выступаў за адраджэнне правасл. царквы і саюз з Рус. дзяржавай. Праз год пасля выхаду на волю (1648) зноў арыштаваны і абвінавачаны ў аказанні дапамогі казакам Б.Хмяльніцкага. Пасля здзекаў і жорсткіх катаванняў па прыгаворы суда быў расстраляны. Аўтар «Дыярыуша» (1646), які змяшчае ўсю яго публіцыстыку і напеў (запісаны кіеўскай 5-лінейнай натацыяй) гімнападобнага канта — аднаго з найб. ранніх нотных запісаў у бел. музыцы. Кананізаваны царквой паміж 1658 і 1666. Мошчы Афанасія Брэсцкага знаходзяцца ў Брэсце. У яго памяць пабудаваны капліца ў в. Гершоны Брэсцкага р-на, а ў Гродзенскім Барысаглебскім манастыры — царква (не захавалася).
Літ.:
Коршунов А.Ф. Афанасий Филипович: Жизнь и творчество. Мн., 1965;
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.