мера сілы слыхавога адчування, выкліканая гукам. Залежыць ад гукавога ціску і адчувальнасці вуха, якая неаднолькавая для гукаў рознай частаты і інтэнсіўнасці. Узровень М.г. вымяраецца ў фонах.
Для параўнання М.г. рознай частаты карыстаюцца фіз. велічынёй, якая наз. ўзроўнем чутнасці і выражаецца формулай
, дзе р — гукавы ціск для гуку з частатой 1 кГц і такой жа гучнасцю, як і даследаваны; p0 = 2∙10−5 Па — стандартны парог чутнасці для частаты 1 кГц. Парогам чутнасці наз. гукавы ціск, пры меншым за які вуха не чуе гуку. Парогам болевага адчування наз. гукі дастаткова вял. інтэнсіўнасці, што таксама не ўспрымаюцца вухам і выклікаюць болевае адчуванне пры перавышэнні гэтага парога.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГУСТА́ЦЫЯ (ад лац. degustatio каштаванне),
ацэнка якасці харч. прадуктаў арганалептычным спосабам (органамі зроку, нюху, смаку).
Пры Д. віна вызначаюцца смак, букет, празрыстасць і колер, для пеністых яшчэ і пеністасць. Пры Д. чаю ацэньваецца пах, смак і колер настою, выгляд сухога чаю і разваранага ліста. У тытуні вызначаюць пах, смак, моцнасць, наяўнасць у дыме алеістых рэчываў. Дэгустуюць таксама стравы, кансервы і інш. прадукты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГНІ́Н (ад лац. lignum дрэва, драўніна),
арганічнае палімернае злучэнне, што знаходзіцца ў клетачных абалонках сасудзістых раслін. Разам з цэлюлозай выклікае іх адраўненне. Цвёрдасць і моцнасць абалонак дазваляюць дрэвам дасягаць выш. больш за 150 м (напр. эўкаліпты), а галінам вытрымліваць цяжар лісця, пладоў і інш. Драўніна лісцевых парод мае ў сабе 20—30% Л., хвойных — да 50%. Выкарыстоўваецца ў прам-сці як хім. сыравіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНІ́СТЫЯ КЛЕ́ТКІ, склераіды,
парэнхімныя па форме, мёртвыя клеткі, якія маюць патоўшчаныя слаістыя адраўнелыя абалонкі. Звычайна насычаны солямі кальцыю ці крэменязёму і пранізаны поравымі канальцамі. Надаюць моцнасць тканкам. Бываюць кароткія, размяшчаюцца групамі (канкрэцыямі) у мякаці пладоў (груша, айва), карэнішчах (півоня, ветраніца), каранях (хрэн), лубе (дуб, бук), радзей ствараюць суцэльны слой (перыкарпій арэха, костачкі слівы, вішні); падоўжаныя К.к. звычайна знаходзяцца ў насеннай абалонцы (фасоль). Адзіночныя маюць зорчатую форму, умацоўваюць сцёблы, лісце (жоўты гарлачык, чай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕМЯННА́Я ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛЯ,
развядзенне на племя чыстапародных і высакакроўных жывёл з мэтай удасканалення наяўных і стварэння новых парод жывёл, павышэння плем. якасцей і прадукцыйнасці с.-г. жывёл. Да мерапрыемстваў П.ж. адносіцца: творчы адбор, захаванне і макс. выкарыстанне найб. каштоўнай жывёлы, выбракоўка горшай, непрыдатнай для плем. выкарыстання, падбор метадаў і тэхнікі развядзення, стварэнне для жывёлы найлепшых умоў кармлення і ўтрымання ва ўсе перыяды яе жыцця з мэтай выяўлення і развіцця каштоўных якасцей, на аснове якіх і праводзіцца адбор. Асн. спосаб развядзення — чыстапароднае, гал. задача якога развядзенне па лініях і матачных сямействах (гл.Селекцыя). У кожнай пародзе для яе ўдасканалення павінна быць не менш як 10—15 ліній. З мэтай атрымання нашчадкаў з высокакарыснай спадчыннасцю і спалучэннем каштоўных якасцей зыходных парод (высокая прадукцыйнасць, канстытуцыйная моцнасць, прыстасаванасць да мясц. умоў) праводзіцца скрыжаванне.
Планамернай П.ж. папярэднічаў працяглы перыяд адбору жывёлы і паступовага назапашвання ў іх карысных гасп. якасцей. Яшчэ да н.э. атрыманы пароды свойскай жывёлы (авечак, коней і інш.). Сусв. пашырэнне атрымалі пароды с.-г. жывёлы, выведзеныя ў 13—18 ст. у краінах Еўропы (Нідэрланды, Вялікабрытанія, Швейцарыя, Францыя); пазней — у Расіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Аргенціне і інш. Першыя дакумент. матэрыялы аб П.ж. зафіксаваны ў плем. кнізе Вялікабрытаніі ў 1793, у Расіі — у 1834.
На Беларусі П.ж. пачала развівацца ў асн. у 20 ст. Паглыбленую работу па паляпшэнні пароднага складу на Беларусі ажыццяўляюць спец.племянныя гаспадаркі, плем. саўгасы, дзярж. станцыі, плем. фермы калгасаў і саўгасаў. Плем. саўгасы і фермы праводзяць работу па паляпшэнні мясц.плем. жывёлы (вырошчваюць племянны маладняк для забеспячэння ім гаспадарак і станцый па плем. рабоце) і штучным асемяненні. На племзаводах займаюцца ўдасканаленнем існуючых і стварэннем новых парод. Разам з плем. саўгасамі і фермамі племзаводы — цэнтры П.ж. Арганізац. і метадычнымі цэнтрамі плем. справы з’яўляюцца дзяржплемаб’яднанні і племпрадпрыемствы. Аб’ём П.ж., яе ўдзельная вага ў жывёлагадоўлі вызначаюцца патрэбамі карыстальнай (таварнай) жывёлагадоўлі ў плем. жывёле, пераважна ў вытворцах. На Беларусі П.ж. вядуць больш за 100 спецыялізаваных племзаводаў, саўгасаў, дзярж.плем. прадпрыемстваў, а таксама раённыя племстанцыі, навук. ін-ты і лабараторыі пры ВНУ, у т. л. 6 дзярж. прадпрыемстваў, 6 племсаўгасаў, 18 племзаводаў, 5 племптушкарэпрадуктараў, племгас, прадпрыемства плем. справы, занальна-доследная станцыя, племстанцыя, селекцыйна-плем. ўчастак. Найб. колькасць такіх прадпрыемстваў у Брэсцкай і Гродзенскай абл. Разводзяць пароды жывёл, найб. прыстасаваныя да мясц. умоў: 8 парод буйн. раг. жывёлы малочнай (чорна-пярэстая, швіцкая, кастрамская, чырвоная беларуская, бурая латвійская, сіментальская, джэрсейская, галштына-фрызская) і 4 пароды мясной (герэфордская, шарале, лімузінская, мен-анжу); 5 парод свіней (буйная белая, бел. чорнарабая, эстонская беконная, ландрас, гемпшырская) і некалькі спецыялізаваных ліній; 3 пароды авечак (прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская); некалькі парод коней (бел. запражная пародная група, руская цяжкавозная, руская рысістая, тарыйская і інш.). Кіруюць П.ж. рэсп. і абл. аб’яднанні па плем. рабоце, раённыя племстанцыі. Навук.-метадычнае кіраўніцтва ажыццяўляе селекцыйны цэнтр Бел.НДІ жывёлагадоўлі. П.ж. добра развіта ў ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Нідэрландах, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Швейцарыі.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Племянная жывёлагадоўля. Статак кароў чорна-пярэстай пароды на пашы.