МО́ЦАРТ ((Mozart) Вольфганг Амадэй) (27.1.1756, г. Зальцбург, Аўстрыя — 5.12.1791),

аўстрыйскі кампазітар; прадстаўнік венскай класічнай школы. Вучыўся ў бацькі — скрыпача і кампазітара Л.​Моцарта. Выключныя муз. здольнасці выявіў у раннім дзяцінстве, меў фенаменальныя муз. слых і памяць. З 1762 прафес. музыкант, віртуозна валодаў клавесінам, арганам, скрыпкай, з трыумфам гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1769—81 (з перапынкамі) канцэртмайстар, з 1779 арганіст архіепіскапа ў Зальцбургу. З 1781 у Вене, з 1787 «імператарскі і каралеўскі камерны музыкант» пры двары Іосіфа II. Адзін з заснавальнікаў (з І.Гайднам і Л.Бетховенам) класічнага стылю ў музыцы, звязанага з распрацоўкай сімфанізму як вышэйшага тыпу муз. мыслення, закончанай сістэмы класічных інстр. жанраў (сімфонія, канцэрт, саната, квартэт) і норм муз. мовы, яе функцыянальнай арганізацыі. У яго творчасці гарманічная цэласнасць быцця, яснасць, светланоснасць і прыгажосць спалучаюцца з глыбокім драматызмам. У цэнтры маст. свету М. — асоба чалавека, якую ён раскрывае як лірык і драматург. Творчасць М. ўвабрала і геніяльна абагульніла маст. вопыт розных эпох, нац. школ, традыцый нар. мастацтва. Найб. выразна яго наватарства выявілася ў муз.-сцэн. творах. Лепшым операм уласцівы арганічнае адзінства драм. і муз.-сімф. заканамернасцей, індывідуальнасць драматургічных вырашэнняў. М. стварыў уласны тып оперы-драмы («Ідаменей»; паст. 1781), оперы-буфа («Вяселле Фігара»; паст. 1786). Зінгшпіль ён ператварыў у філас. казку-прытчу, прасякнутую асветніцкімі ідэямі («Чароўная флейта», паст. 1791). Драматургія оперы «Дон Жуан» (паст. 1787) вылучаецца шматпланавасцю кантрастаў, незвычайным сінтэзам оперна-жанравых форм (оперы «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» і «Дон Жуан» у розныя гады паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі). Вядучыя жанры яго інстр. музыкі — сімфонія, камерныя ансамблі, канцэрты. Найб. значныя з інстр. твораў — 3 сімфоніі — Es-dur, g-moll, C-dur (усе 1788), у якіх па-рознаму вырашаны пытанні тэматыкі, трактоўкі цыкла і самога жанру на аснове бездакорнай аркестравай тэхнікі і поліфанічнага майстэрства. Распрацаваў тып камерна-інстр. ансамбля з вытанчанай лірыка-філас. эмацыянальнасцю, развітым гамафонна-поліфанічным складам, складанай гарманічнай мовай. Заснавальнік новага піяністычнага стылю і класічнага тыпу канцэрта. Яго незакончаны трагедыйны Рэквіем (1791, завершаны Ф.​К.​Зюсмайрам) адлюстроўвае непрымірымыя супярэчнасці рэчаіснасці і філас. роздум пра сэнс жыцця. Гарманічная, меладычна шчодрая, аптымістычная па духу і дэмакратычная па накіраванасці творчасць М. ахоплівае ўсе муз. жанры. Ён аўтар 17 опер, 2 араторый, 4 кантат, царк. твораў (месы, літаніі, вячэрні, араторыі, матэты), больш як 70 вак.-сімф. твораў (арыі, ансамблі, хары з арк.), каля 50 сімфоній, каля 40 ансамблева-арк. сюіт (дывертысменты, серэнады, накцюрны, касацыі), 40 інстр. канцэртаў, у т. л. каля 30 для фп. з арк., 5 для скрыпкі з арк., 4 для валторны з арк., больш як 50 камерных ансамбляў, санат для фп., для скрыпкі і фп., песень і інш. Існуе цэнтр моцартазнаўства Моцартэум.

Літ.:

Черная Е.С. Моцарт: Жизнь и творчество. 2 изд. М., 1966;

Яе ж. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;

Эйнштейн А. Моцарт: Личность. Творчество: Пер. с нем. М., 1977;

Аберт Г. В.​А.​Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1987—90;

Valentin E. Mozart: Weg und Welt. München, 1985.

Т.​А.​Шчарбакова.

В.А.Моцарт.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Моцарт В. А. 1/432, 586, 588; 2/120, 585; 3/295, 319, 444, 450, 521; 4/504; 5/109, 402, 539; 7/296—297, 307, 380, 467, 570; 8/36, 305, 496; 9/252, 351, 498, 520; 10/182, 281, 413, 537; 11/95, 287; 12/624

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ МУНІЦЫПА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР «НО́ВАЯ О́ПЕРА».

Створаны ў 1991. Арганізатар, маст. кіраўнік і дырыжор Я.​Колабаў. У рэпертуары пастаноўкі класічных опер, якія не ставіліся на рас. сцэне, а таксама арыг. трактоўкі вядомых твораў. Пастаўлены оперы «Марыя Сцюарт» Г.​Даніцэці, «Двое Фаскары» Дж.​Вердзі, «Валі» А.​Каталані. Эксперыментальную трактоўку набыла опера «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, створаны арыг. спектаклі «Расіні» і «О, Моцарт, Моцарт!» паводле твораў В.​А.​Моцарта, М.​Рымскага-Корсакава і А.​Сальеры, оперы ў канцэртным выкананні «Сіла лёсу» Вердзі, «Дэман» А.​Рубінштэйна. У рэпертуары таксама хар. і сімф. канцэртныя праграмы.

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДА́Р ((Godard) Жан Люк) (н. 3.12.1930, Парыж),

французскі кінарэжысёр. Адзін з вядучых прадстаўнікоў «новай хвалі». Яго творчай манеры ўласцівы своеасаблівы і востры стыль кінаапавядання, выражаны ў рытмічна-імпульсіўным мантажы, частым выкарыстанні ручной камеры, у нетрадыцыйнай лексіцы дыялогаў. Сярод фільмаў: «На апошнім дыханні» (1960), «Жыць сваім жыццём» (1962), «Шалёны П’еро» (1965), «Уікэнд» (1967), «Імя Кармэн» (1983), «Германія, дзевяць нуль» (1991), «Назаўсёды Моцарт» (1996).

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЭ́ЙКА ((Noreika) Віргіліюс-Кястуціс) (н. 22.9.1935, г. Шаўляй, Літва),

літоўскі спявак (тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1958, клас К.Пятраўскаса), з 1976 выкладае ў Літ. муз. акадэміі (з 1987 праф.). З 1957 саліст, у 1975—91 маст. кіраўнік і дырэктар Літоўскай оперы. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах, яскравым артыстызмам. Сярод партый: Даніла, Андрус, Нагліс, Юлюс («Піленай», «Дачка», «Вайва», «Ave, vita» В.​Кловы), Скудуціс і Юргяліс («Даля» Б.​Дварыёнаса), Тадас («Птушкі, якія заблудзіліся» В.​Лаўрушаса), Альфрэд, Герцаг, Атэла («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пінкертон, Каварадосі, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Тоска», «Багсма» Дж.​Пучыні), Вертэр і дэ Грые («Вертэр» і «Манон» Ж.​Маснэ), Эдгар, Немерык («Лючыя ды Ламермур», «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), МоцартМоцарт і Сальеры» М.​Рымскага-Корсакава), Прынц («Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева), Валодзя Гаўрылаў («Не толькі любоў» Р.​Шчадрына). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі Літвы 1960, 1970.

Літ.:

Гусев А., Хачатурова Н. Виргилиюс Норейка. М., 1982.

В.Нарэйка.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧЭ́РТА ГРО́СА (італьян. concerto grosso літар. вялікі канцэрт),

жанравая разнавіднасць інстр. канцэрта, заснаваная на проціпастаўленні ўсяго складу выканаўцаў і групы салістаў (канцэрціна). Склаўся ў 17 ст. ў Паўн. Італіі (А.​Страдэла, Дж. Тарэлі). Цыкл К.г. заснаваны на чаргаванні павольных гамафонных і хуткіх поліфанічных частак. Класічныя ўзоры К.г. ў творчасці А.​Карэлі, А.​Вівальдзі, Г.​Ф.​Гендэля. Прынцыпы інстр. выкладання, уласцівыя К.г., захоўваліся да 19 ст. ў прыкладной і праграмнай музыцы (І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт). У 20 ст. адраджаецца ў творчасці Э.​Кшэнека, Б.​Марціну, Э.​Тамберга, А.​Эшпая, А.​Шнітке і інш. Сярод бел. кампазітараў да жанру К.г. звярталіся П.​Альхімовіч, С.​Бельцюкоў, Л.​Шлег.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎМГАРТНЕР ((Paumgartner) Бернхард) (14.11.1887, Вена — 27.7.1971),

аўстрыйскі дырыжор, музыказнавец, кампазітар, педагог. Праф. (1925). Вучань Б.Вальтэра, Г.Адлера і інш. З 1911 каррэпетытар Венскай оперы, дырыжор аркестра Венскага т-ва музыкантаў. У 1917—59(з перапынкам) дырэктар і прэзідэнт (з 1953) Моцартэума. Заснавальнік (1929) і кіраўнік «Моцарт-аркестра» ў Зальцбургу. У 1952—69 кіраваў аркестрам Моцартэума «Camerata academica». З 1960 прэзідэнт Зальцбургскіх фестываляў. Даследаваў творчасць В.​А.​Моцарта, Р.​Шумана, кампазітараў эпохі барока. Аўтар манаграфіі пра Ф.​Шуберта (1943, 4-е Выд. 1974), успамінаў (1969) і інш. Сярод муз. твораў: оперы, у т. л. камічная «Расіні ў Неапалі» (паст. 1936), балетаў, у т. л. «Зальцбургскі дывертысмент» (паст. 1955), твораў для аркестра.

т. 12, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭЛА́КІ (Уладзімір Аркадзевіч) (29.3.1908, Тбілісі — 10.3.1994),

спявак (бас-барытон), рэжысёр. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1928), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1933). З 1929 саліст Муз. т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У 1954—64 адначасова гал. рэж. і артыст Маскоўскага т-ра аперэты. Стварыў галерэю драм. і камедыйных вобразаў, у т. л. Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.​Рымскага-Корсакава), Тарас («Сям’я Тараса» Дз.​Кабалеўскага), Сторажаў («У буру» Ц.​Хрэннікава), Стэфан («Цыганскі барон» І.​Штрауса), Капеліус («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Султанбек («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава), Напалеон («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Сярод пастановак: «Кето і Катэ» В.​Далідзе, «Тоска» Дж.​Пучыні, «Белая акацыя» І.​Дунаеўскага, «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара, «Масква, Чаромушкі» Дз.​Шастаковіча, «Цырк запальвае агні» Ю.​Мілюціна. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

Казенин И.И. Владимир Канделаки. М., 1987.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСТА́ЗІО (Metastasio; сапр. Трапасі; Trapassi) П’етра

(3.1.1698, Рым — 12.4.1782),

італьянскі паэт і драматург. Вучыўся ў акадэміі Аркадыя. З 1730 прыдворны паэт у Вене. Дэбютаваў паэт. зб. «Вершы» (1718). Залажыў асновы жанру лірычнай трагедыі на патэтычныя і любоўна-сентыментальныя сюжэты ў духу паэтыкі класіцызму і галантнай паэзіі ракако: «Пакінутая Дыдона» (1724), «Сірой» (1726), «Эцыо» (1728), «Пазнаная Семіраміда» (1729), «Артаксеркс» (1730). Сусв. вядомасць прынеслі гераічныя оперы-серыя: «Адрыян у Сірыі» (1731), «Алімпіяда» (1732), «Дэмафонт» (1733), «Міласэрнасць Ціта» (1734), «Фемістокл» (1736) і інш., у якіх спалучэнне традыцый грэч. трагедыі і італьян. пастаральнай драмы.

Аўтар ідылій, кантат, канцанет (зб. «Свабода», 1733; «Развітанне», 1746), эстэт. прац. Яго творы адметныя ўзвышанасцю маст. вобразаў, паэт. вытанчанасцю мовы і кампазіцыйнай зладжанасцю, гарманічным спалучэннем музыкі і паэзіі. Музыку на лібрэта М. пісалі Г.​Ф.​Гендэль, К.​В.​Глюк, І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт, М.​Беразоўскі і інш.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ФІКАТ (лац. Magnificat ад першага слова тэксту «Magnificat anima mea Dominum» «Вялічыць душа мая Госпада»),

царкоўнае песнапенне; хвалебная песня на тэкст слоў Дзевы Марыі з Евангелля ад Лукі. З 6 ст. адзін з нязменных (ардынарных) тэкстаў каталіцкай вячэрні. Належыць да т.зв. кантыкляў — важных у літургічным ужытку псалмападобных эпізодаў са Старога і Новага запаветаў. Спяваўся ў грыгарыянскай традыцыі антыфонна ў адным з царк. тонаў паводле спецыфічных формул меладызаванай рэчытацыі. У спалучэнні з т.зв. вялікім антыфонам — найб. меладычна развітым і ўрачыстым песнапеннем літургічнага дня ўяўляў сабою буйную вак. кампазіцыю. Шматгалосыя апрацоўкі М. вядомы з 14 ст. У 16—18 ст. да гэтага жанру звярталіся Г.​Дзюфаі, К. дэ Маралес, Дж.​Палестрына, А.​Ласа, К.​Мантэвердзі, І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль, А.​Вівалвдзі, Дж.​Б.​Пергалезі, В.​А.​Моцарт і інш., у 19—20 ст. — Ф.​Мендэльсон, К.​Пендарэцкі, Р.​Воан-Уільямс.

Т.​У.​Ліхач.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)