МЕТАСТА́ЗІО (Metastasio; сапр. Трапасі; Trapassi) П’етра

(3.1.1698, Рым — 12.4.1782),

італьянскі паэт і драматург. Вучыўся ў акадэміі Аркадыя. З 1730 прыдворны паэт у Вене. Дэбютаваў паэт. зб. «Вершы» (1718). Залажыў асновы жанру лірычнай трагедыі на патэтычныя і любоўна-сентыментальныя сюжэты ў духу паэтыкі класіцызму і галантнай паэзіі ракако: «Пакінутая Дыдона» (1724), «Сірой» (1726), «Эцыо» (1728), «Пазнаная Семіраміда» (1729), «Артаксеркс» (1730). Сусв. вядомасць прынеслі гераічныя оперы-серыя: «Адрыян у Сірыі» (1731), «Алімпіяда» (1732), «Дэмафонт» (1733), «Міласэрнасць Ціта» (1734), «Фемістокл» (1736) і інш., у якіх спалучэнне традыцый грэч. трагедыі і італьян. пастаральнай драмы.

Аўтар ідылій, кантат, канцанет (зб. «Свабода», 1733; «Развітанне», 1746), эстэт. прац. Яго творы адметныя ўзвышанасцю маст. вобразаў, паэт. вытанчанасцю мовы і кампазіцыйнай зладжанасцю, гарманічным спалучэннем музыкі і паэзіі. Музыку на лібрэта М. пісалі Г.Ф.Гендэль, К.В.Глюк, І.Гайдн, В.А.Моцарт, М.Беразоўскі і інш.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)