Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬ,
група археал. помнікаў (каля 15) мезаліту, неаліту і бронзавага веку каля в.Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.Найб. значныя калекцыі атрыманы на стаянках 1 і 5. Выяўлена каля 30 тыс. знаходак, у т.л. каля 3 тыс. сабрана на паверхні. Знойдзены грубаапрацаваныя каменныя сякеры, прылады макралітычнага тыпу, крамянёвыя разцы, скрэблы, скрабкі, цёслы, нажы, праколкі, пласціністыя і тронкавыя наканечнікі, адходы крамянёвай вытв-сці, ляпныя гаршкі, арнаментаваныя адбіткамі шнура, дробнымі наколамі тыпу адступаючай лапаткі, тарцовымі адбіткамі невял. пласцінкі, зрэдку грэбеня, лейкападобныя кубкі, вял. колькасць неарнаментаванага посуду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬ,
вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на Пн ад г. Іванава, 161 км ад Брэста, 23 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 4413 ж., 1247 двароў (1999). Спажывецкае т-ва, камбінат каап. прам-сці, кааператыў «Моталь». 2 сярэднія школы, навуч.-вытв. камбінат, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, Мотальскі музей народнай творчасці, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Традыцыйны цэнтр вырабу мотальскіх ручнікоў і мотальскіх кажухоў. Брацкая Магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Праабражэнская царква (1888). Каля вёскі група археал. помнікаў Моталь.
Упершыню ўпамінаецца пад 1422 у актах Літоўскай метрыкі як прыватнае ўладанне. Пазней уваходзіла ў Пінскае княства. У 1520 сяло пінскага кн. Фёдара Іванавіча Яраславіча, пасля смерці якога перайшло да караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога. У сярэдзіне 16 ст. мястэчка. Паводле рэвізіі 1555 М. аднесены да гарадоў з самакіраваннем, г.зн. меў магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886—2294 ж., 239 двароў, 2 царквы, капліца, яўр. малітоўны дом, школа, 13 крам, 7 корчмаў, праводзіўся кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, у Драгічынскім пав. Палескага ваяв. Дзейнічалі мясц. арг-цыі БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. З 1939 у БССР, з 12.19.1940 гар. пасёлак у Іванаўскім раёне. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў М. каля 2 тыс.ж., спалілі каля 400 двароў. У М. дзейнічала Мотальскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета. У 1962—65 у Драгічынскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в.Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в.Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.
М.П.Жабінская.
Да арт.Мотальскія ручнікі. В.Лукашэвіч. Ручнік. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́СКАВІЧЫ,
вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Іванава — в.Моталь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 3 км на Пн ад г. Іванава, 143 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 1368 ж., 507 двароў (1999). Лясніцтва, станцыя па барацьбе з хваробамі жывёл. Пачатковая школа, вучэбна-вытв. камбінат, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Прачысценская царква (пабудавана да 1783), сялянскі двор з нязвязанымі пабудовамі (1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАВА,
вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Пінск — в.Моталь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Іванава, 152 км ад Брэста, 24 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 949 ж., 443 двары (1999). Цагельны з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У канцы 18 — пач. 20 ст. тут існаваў Моладаўскі палац. Помнікі архітэктуры — Свята-Вазнясенская царква (канец 18 ст.) і Моладаўская капліца. Гл. таксама Моладаўскі звон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІ́НЧЫКАЎ (Моталь Абелевіч) (25.3.1896, г. Краслава, Латвія — 11.11.1935),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1912. З 1919 у Чырв. Арміі, нам.нач. палітаддзела 17-й дывізіі на Зах. фронце. З канца 1920 нам. наркома працы БССР. З ліст. 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Беластоцкага акр.к-та КПП. У 1922—28 зняволены ў турмах Польшчы. У 1928—35 чл. Бюро ЦККПЗБ, кіраўнік Краявога сакратарыятаЦККПЗБ, прадстаўнік ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б. Дэлегат І (1928) і II (1935) з’ездаў КПЗБ, VI (1932) з’езда КПП, VII кангрэса Камінтэрна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙЦМАН (Хаім) (27.11.1874, в.Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 9.11.1952),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Ізраіля, вучоны-хімік. Праф. біяхіміі. Выкладаў у Жэнеўскім (1901—04), Манчэстэрскім (1904—19) ун-тах, узначальваў хім. лабараторыю Брыт. адміралцейства (1916—19). У 1920—31, 1935—46 прэзідэнт сусв. сіянісцкай арг-цыі, у 1929—31 і 1935—46 — яўр. агенцтва для Палесціны. У 1948—52 першы прэзідэнт Ізраіля. Заснаваў яўр.ун-т у г. Іерусалім (1918), НДІ па тэарэт. і прыкладных прыродазнаўчых навуках у г. Рэховат (1949, прысвоена імя Вейцмана, з 1952 частка тэр. ін-та — мемарыяльны комплекс Вейцмана).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. на невял. тэр. Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (вёскі Моталь, Тышкавічы, Асаўніца). Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па аснове, са шматлікімі складкамі вакол стаячага каўняра. Тыповым прыёмам аздаблення былі звычайныя строчкі, уручную прашытыя чорнай баваўнянай ніткай упоперак стаячага каўняра, манжэты. Спадніца — гладкафарбаваны, бурачковы ці чырвоны андарак або палатнянік з белага кужалю, сабранага па лініі таліі на матузок. Фартух кроілі з 4 полак кужэльнага палатна, якія злучалі дэкар. швом, што дазваляла насіць яго на два бакі. Арнамент натыкання вызначаўся дробным малюнкам чырвонага, чырвона-чорнага, блакітна-чырвона-чорнага геам. або расліннага арнаменту. Гарсэт шылі з чырвонага фабрычнага сукна, з серабрыстай парчы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы-галуна, стужак, пацерак, запраўлялі яго ў спадніцу і падпяразвалі шырокім бурачкова-чырвоным поясам ручнога пляцення. Галаўны ўбор — моцна накрухмаленая намітка, завітая на каробачку з чапцом, аздобленая кветкамі па баках або паўкругам спераду. Мужчынскае адзенне складалі нагавіцы і кашуля навыпуск, падперазаныя шырокім плеценым поясам з кутасамі, галаўны ўбор — саламяны брыль, магерка. Верхняе адзенне — світка, катанка, куртка з чорнага валенага сукна, аздобленая цёмна-сіняй аблямоўкай, з бакавымі клінамі-«вусамі». Прыгожым маст. аздабленнем вылучаліся аўчынныя кажушкі і паўкажушкі (гл.Мотальскія кажухі).
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Мотальскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.