МОРФ, морфа (ад грэч. morphe від, форма),
кожная з разнавіднасцей марфемы, калі апошняя выступае ў розных словах і словаформах. Напр., каранёвая марфема слова «рука» выступае ў слове «ручны» ў выглядзе «руч-», у словаформе «рукі» ў выглядзе «рук’-», у словаформе «руцэ» ў выглядзе «руц-». Усе гэтыя разнавіднасці марфемы — М. Вылучаюць варыянтныя М. (могуць свабодна ўзаемазамяняцца ў адной і той жа пазіцыі) і аламорфы (гукавы склад абумоўлены пэўнай пазіцыяй). Напр., канчаткі «-ой» і «-ою» («вадой», «вадою») — варыянтныя М., а суфіксы «-чык» і «-шчык» — («лётчык», «зваршчык») — аламорфы: суфікс «-чык» ужываецца толькі пасля зычных «с», «з», «ж», а таксама «т» і «д» без папярэдніх санорных, а суфікс «-шчык» — пасля ўсіх астатніх зычных, («пільшчык», «пайшчык») у т. л. і пасля «т», «д» з папярэднім санорным («працэнтшчык»). Такім чынам, аламорфы знаходзяцца адзін да аднаго ў адносінах дадатковай дыстрыбуцыі. Тэрмін «М.» прапанаваў Ч.Хокет (1947).
Літ.:
Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику: Пер. с англ. М., 1959: Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
П.П.Шуба.
т. 10, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФ(А)..., МОРФ(А)... (ад грэч. morphē форма),
першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да формы, віду, напр., марфалогія, марфаметрыя, морфагенез.
т. 10, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТ [ад лац. invarians (invariantis) нязменны] у структурнай лінгвістыцы, моўная адзінка ў адцягненасці ад яе канкрэтнай матэрыяльнай рэалізацыі. Напр., усе гукі «а», незалежна ад таго, якім чалавекам і як яны вымаўляюцца, абагульняюцца ў адзін І., што называецца фанемай «а»; усе значэнні і грамат. формы слова «кніга» з’яўляюцца рэалізацыяй аднаго адпаведнага І. і г.д. Структурныя інварыянтныя адзінкі кожнага ўзроўню мовы праяўляюцца ў суадносных варыянтных адзінках маўлення, што замацоўваецца адпаведнымі тэрмінамі: фанема — гук, ці алафон; марфема — морф, ці аламорф; лексема (слова) — лекс, або алалекс, і г.д.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)