БАБУІ́Н, жоўты павіян (Papio cynocephalus),

вузканосая малпа сям. мартышкападобных. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы. Жыве ў стэпавых і гарыстых мясцовасцях.

Даўж. цела да 75 см, хваста 60 см. Афарбоўка поўсці жаўтаватая (адсюль другая назва). Склад цела моцны. Морда падоўжаная, галава падобная на сабачую. Валасяное покрыва шорсткае, доўгае. Вядзе наземны спосаб жыцця. Жыве вял. (да некалькіх сотняў) статкамі. Корм раслінны і жывёльны.

Сям’я бабуінаў.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКСЁР, нямецкі бульдог,

парода службовых сабак. Выведзены ў Германіі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем англ. бульдогаў і ням. булен-бейсераў. Пашыраны ва ўсім свеце.

Канстытуцыя моцная, шыракацелая. Выш. ў карку 58—68 см. Масць рыжая, тыгравая, зрэдку белая, рабая, плямістая. Морда чорная або цёмная, вакол вачэй цёмныя кругі («акуляры»). Шэрсць кароткая, прамая, шорсткая. Хвост купіруюць у маладым узросце. Тып паводзін ураўнаважана-рухомы. Добра дрэсіруецца. Характэрны алюр — галоп.

Баксёр.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСА́К (Vulpes corsae),

млекакормячае роду лісоў сям. сабачых. Пашыраны ў стэпах і пустынях Еўразіі. Жыве ў норах.

Падобны на звычайнага ліса, але драбнейшы. Даўж. цела да 60 см, хваста да 35 см, выш. ў карку каля 30 см. Морда вострая, вушы вялікія. Афарбоўка рыжавата-шэрая, канец хваста цёмны. Манагам. Нараджае ад 2 да 16, звычайна 3—6 лісянят. Драпежнік, корміцца дробнымі грызунамі, птушкамі, паўзунамі, насякомымі. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Карсак.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́ПІ (Okapia johnstoni),

парнакапытнае млекакормячае сям. жырафаў. Жыве ў Афрыцы ў вільготных трапічных лясах бас. р. Конга. Рэдкая жывёліна.

Даўж. цела каля 2 м, выш. ў карку да 1,2 м, маса каля 250 кг. Афарбоўка карычняватая са светлымі папярочнымі палосамі на нагах. Морда выцягнутая, вушы вялікія, у самца 2 невял. рагі, рагавыя чахлы на канцах рагоў штогод зменьваюцца. Корміцца лісцем. Цяжарнасць 14—15, лактацыя 6 месяцаў. Трымаюць у заапарках, дзе паспяхова размнажаецца.

Акапі.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВІЯ́Л (Gavialis),

адзіны род паўзуноў сям. гавіялавых атр. кракадзілаў. 1 від. — гавіял гангскі (Gavialis gangeticus). Пашыраны ў рэках Індастана і Індакітая. Пераважна жыве ў вадзе. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 7 м. Спіна цёмная, бура-зялёная, бруха жоўта-зялёнае. Характэрныя доўгая і вузкая морда з расшырэннем на канцы і доўгія тонкія зубы з вяршынямі ўперад і ўбок Корміцца пераважна рыбай, зрэдку птушкамі і дробнымі млекакормячымі (у т. л. іх трупамі). Яйцы адкладае ў пясок на водмелях.

Гавіял.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНГАЛІ́НЫ,

яшчары (Pholidota), атрад млекакормячых. Вядомы з плейстацэну (каля 2 млн. г. назад). 1 сям., 1 род, 7 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Паўд. Афрыцы. Жывуць у лясах, саваннах. Большасць відаў наземныя, ёсць дрэвавыя формы. Актыўныя ўначы. Пры небяспецы скручваюцца ў шар.

Даўж. цела да 88 см, хваста да 80 см, маса да 27 кг. Цела зверху і з бакоў укрыта вял. рагавымі пласцінкамі. Канечнасці пяціпальцыя, з вял. кіпцюрамі. Морда падоўжаная. Язык чэрвепадобны, ліпучы, даўж. да 40 см; з яго дапамогай П. кормяцца мурашкамі і тэрмітамі. Нараджаюць 1, зрэдку 2—3 дзіцяняці.

Э.​Р.​Самусенка.

Пангалін белабрухі.

т. 12, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЬШТЭР’Е́Р,

парода паляўнічых норных сабак. Выведзена ў 19 ст. ў Вялікабрытаніі (Уэльс) для палявання на лісоў і трусоў. На Беларусі іх невялікая колькасць. Выкарыстоўваюць пры здабычы баброў, выдраў, норак, янотападобных сабак, а таксама пры паляванні на лася, дзіка.

Сабакі моцнай канстытуцыі, тэмпераментныя, рухавыя, вынослівыя, непатрабавальныя да догляду. Лёгка дрэсіруюцца. Выш. ў карку да 40 см, сярэдняя маса цела 9,5 кг. Масць рыжая з чорным чапраком, які не павінны спускацца ніжэй скакальных суставаў, або чорная з сівізной. Лоб плоскі, сківіцы моцныя, морда падоўжаная, на галаве шчацінне (асн. тып шэрсці пароды) утварае вусы і бараду. Характэрны алюр — галоп.

Э.​Р.​Самусенка.

Вельштэр’ер.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГА́ТАРЫ (Alligatoridae),

сямейства паўзуноў атр. кракадзілаў. Уключае ўласна алігатараў (Alligator) і кайманаў. Жывуць пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы ў прэсных вадаёмах; выключэнне — кітайскі алігатар (A. sinensis), жыве ў р. Янцзы.

Уласна алігатараў 2 віды: місісіпскі алігатар (A. mississippiensis) даўж. да 5,8 м, водзіцца ў балотах Фларыды (ЗША) і кітайскі алігатар да 2,5 м. Маюць добра развіты мозг, 4-камернае сэрца, перапонку паміж пальцамі пярэдніх ног. Морда шырокая і кароткая. Драпежнікі. Маладыя кормяцца насякомымі і ракападобнымі, дарослыя — рыбай, жабамі, птушкамі, млекакормячымі. У выніку інтэнсіўнага промыслу на скуру і мяса алігатараў іх колькасць вельмі скарацілася. У шэрагу краін створаны буйныя гадавальнікі для штучнага развядзення алігатараў.

Алігатары: 1 — місісіпскі; 2 — кайманавы; 3 — кітайскі.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВІЯ́НЫ (Papio),

род вузканосых малпаў сям. мартышкападобных Вядомы з пліяцэну (каля 5 млн. г. назад) Азіі і Афрыкі. 7 відаў. Пашыраны ў Афрыцы Жывуць у саваннах, саваннавых лясах у камяністых мясцовасцях, трымаюцца вял. статкамі. Маюць складаную іерархію адносін. 1 від (дрыл — P. leucophaeus) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела самцоў да 110 см, хваста да 71 см, маса да 54 кг; самкі ўдвая меншыя. Морда доўгая, за што іх называюць сабакагаловымі малпамі. Надброўі і іклы моцна развітыя. Поўсць доўгая, пераважна шэрых адценняў, у самцоў часта ўтварае грыву. Сядалішчныя мазалі вял., ярка афарбаваныя. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Лабараторныя жывёлы. Гл. таксама Бабуін, Гамадрыл, Мандрылы.

Э.​Р.​Самусенка.

Павіяны: 1 — анубіс; 2 — дрыл.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́СУМЫ (Didelphidae),

сямейства млекакормячых атр. сумчатых. 12 родаў, 84 віды. Пашыраны ў Амерыцы і на М. Антыльскіх а-вах. Самая стараж. група сумчатых. У Паўн. Амерыцы вядомы з ніжняга мелу, у Еўропе — з эацэну да міяцэну. Жывуць на зямлі і дрэвах у лясах, стэпах, пустынях, гарах да 4 тыс. м, зрэдку паўводныя — вадзяны апосум. Звычайныя апосумы — лабараторныя жывёлы. Паўночны апосум акліматызаваны ў Каліфорніі.

Даўж. цела 7—50 см. Хвост (4—55 см) звычайна хапальны, голы на канцы. Морда выцягнутая і завостраная. Канечнасці ўкарочаныя, пяціпальцыя; заднія крыху даўжэйшыя за пярэднія. Вялікі палец на задніх лапах вял. памераў, проціпастаўлены іншым. Ёсць сумка. Саскоў ад 5 да 27. За год 1—3 прыплоды па 4—11 (зрэдку да 25) дзіцянят. Усёедныя. Аб’екты промыслу.

Апосум паўночны.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)