Мечаныя атамы, гл. Ізатопныя індыкатары
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць стабільныя ці радыеактыўныя ізатопы, што выкарыстоўваюцца як ізатопныя індыкатары. Атрымліваюць хім. сінтэзам і біясінтэзам (адзін з зыходных рэагентаў мае радыеактыўныя ізатопы), ізатопным абменам і некаторымі інш. спец. метадамі.
т. 10, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТО́ПНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ, мечаныя атамы,
рэчывы, якія маюць адрозны ад прыроднага ізатопны склад. Выкарыстоўваюцца ў якасці адзнакі («меткі») у фізіцы, хіміі, біялогіі, медыцыне, металургіі і інш. пры вывучэнні розных працэсаў (у т. л. ў жывых арганізмах).
Метад І.і. заснаваны на блізкасці фіз.-хім. уласцівасцей розных ізатопаў аднаго і таго ж хім. элемента. Прапанаваны ў 1913 венг. радыехімікам Дз.Хевешы і ням. хімікам Ф.Панетам. У якасці ізатопнай «меткі» звычайна выкарыстоўваюць радыеактыўныя ізатопы (напр., вуглярод-14, фосфар-32, жалеза-59, кобальт-60, ёд-131), якія можна лёгка выявіць і вымераць колькасна з дапамогай дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў. Стабільныя І.і. выяўляюцца метадамі мас-спектраскапіі.
Э.А.Рудак.
т. 7, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ ПРЭПАРА́ТЫ ў медыцыне,
хімічныя злучэнні, якія ўтрымліваюць у сваіх малекулах радыеактыўныя нукліды. Уласцівасці Р.п. вызначаюцца ўтрыманнем у іх радыенуклідаў, здольнасцю самаадвольна распадацца з выпусканнем іанізавальнага выпрамянення. Радыенукліды выпраменьваюць у вызначаным спектры, абумоўліваюць мінім. прамянёвую нагрузку, адлюстроўваюць стан органа, што даследуецца. Р.п. выбіраюць з улікам іх фармакадынамічных і ядзерна-фіз. уласцівасцей. Фармакадынаміку прэпарата вызначае хім. злучэнне, на аснове якога ён сінтэзаваны. Магчымасці рэгістрацыі радыеактыўнасці рэчыва залежаць ад тыпу распаду радыенукліда. У мед. радыялогіі і анкалогіі Р.п. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі і лячэння розных захворванняў, найб. часта — Р.п. тэхнецый 99mTc-альбумін, 99mTc-мечаныя эрытрацыты, 99mTc-калоід (тэхніфіт), ксенон 133Xe, самарый, 18Sm-самарын-оксабіфор і інш.
А.М.Міхайлаў.
т. 13, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)