МЕХАНІЦЫ́ЗМ,

метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.​Галілей, І.​Ньютан, П.​Лаплас, Т.​Гобс, Ж.​Ламетры, П.​Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот, Я.​Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.​Оствальд, А.​Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.​Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАФІЗІ́ЧНАЯ ПРАБЛЕ́МА,

у шырокім сэнсе — пытанне пра суадносіны псіхічных і фізічных з’яў; у вузкім — пра суадносіны псіхічных і фізіялагічных (нервовых) працэсаў. Думка пра залежнасць псіхікі (душэўных выяўленняў) ад прыроды і цела з’явілася ўжо ў стараж.-грэч. натурфіласофіі. Навук. распрацоўка П.п. пачалася ў філасофіі 17 ст., калі ўсталявалася механіст. карціна свету і псіхічныя з’явы разглядаліся як неаддзельныя ад цела і падпарадкаваныя законам сусвету. Узніклі 2 процілеглыя варыянты вырашэння П.п.: псіхафізічнае ўзаемадзеянне (Р.​Дэкарт) і псіхафізічны паралелізм (Г.​Лейбніц). Паводле Дэкарта, свядомасць з’яўляецца субстанцыяй, якая адрозніваецца ад цела, але, з аднаго боку, залежыць ад яго (пры афектах, адчуваннях і інш.), з другога — уздзейнічае на цела (напр., пры валявым намаганні). Прыхільнікі псіхафіз. паралелізму сцвярджалі, што псіхічныя і фіз. працэсы працякаюць паралельна, без узаемадзеяння (Н.​Мальбранш, Д.​Гартлі). Ідэя псіхафіз. паралелізму набыла папулярнасць у 19 ст. Але вучэнне Ч.​Дарвіна патрабавала разумець псіхіку як актыўны рэгулятар жыццёвых працэсаў. Узніклі новыя канцэпцыі П.п.; атаясамліванне псіхічнага і фізічнага і іх адрозненне толькі па функцыях, «комплексных адчуваннях» (У.​Джэмс, Э.​Мах); сцвярджэнне невырашальнасці П.п. навук. сродкамі (гл. Неапазітывізм). На стыку псіхалогіі і нейрафізіялогіі вылучылася псіхафізіялогія, якая вывучае розныя формы залежнасці псіхічных актаў ад іх фіз. субстрату і ролю гэтых актаў у арг-цыі і рэгуляцыі жыццядзейнасці.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГІ ТЭО́РЫЯ,

назва шэрагу сацыяльна-гіст. канцэпцый развіцця, паводле якіх грамадства разглядаецца як цэласны арганізм, у якім гарманічна ўзаемадзейнічаюць яго элементы. У аснову тэорыі пакладзены прынцып раўнавагі, характэрны для прыродазнаўства. Р.т. сфармулявана ў 17 ст. ў працах Б.​Спінозы, Т.​Гобса і Г.​В.​Лейбніца, якія разглядалі сац. працэсы з пазіцый механіст. прыродазнаўства і тлумачылі праблемы развіцця грамадства як пошук раўнавагі паміж рознымі часткамі сац. сістэмы. У 18 ст. яе развіваў франц. сацыяліст-утапіст Ф.М.​Ш.​Фур’е, які прапанаваў праект пабудовы грамадства, заснаваны на раўнавазе чалавечых пачуццяў. У 19 ст. Р.т. распрацоўваў заснавальнік пазітывізму А.​Конт, які выступаў за пераадольванне канфліктаў паміж «парадкам» і прагрэсам, рэстаўратарскімі і рэв. тэндэнцыямі, вынікам чаго з’яўляецца «прагрэс дзеля парадку». У 20 ст. Р.т. развівалі рас. вучоныя А.​А.​Багданаў (трактаваў раўнавагу ў грамадстве як адсутнасць сац. супярэчнасцей) і М.​А.​Бухарын (прапанаваў канцэпцыю «рухомай раўнавагі»). У 1930-я г. італьян. сацыёлаг В.​Парэта сфармуляваў прынцып, паводле якога парушэнне раўнавагі аднаго элемента сац. сістэмы прыводзіць да змены ў інш. частках, пакуль не адновіцца «дынамічная раўнавага». Р.т. паслужыла асновай для тэорыі сац. абмену (П.​Блау, Дж.​Хоманс). Мадыфікаваны варыянт Р.т. — структурны функцыяналізм (гл. Структурна-функцыянальны аналіз), які лічыць асновай сац. раўнавагі супадзенне, узаемадапаўняльнасць чаканняў розных індывідаў і груп, абумоўленыя агульнымі сацыякульт. і рэліг. каштоўнасцямі (Т.​Парсанс, Р.​К.​Мертан).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТНІЦТВА,

грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст, фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.​А.​Колінз, Д.​Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.​Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.​Калонтай, С.​Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.

Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.​Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.​Рычардсан, Дж.​Свіфт, Г.​Філдынг, Т.​Дж.​Смолет, Р.​Б.​Шэрыдан (Англія); А.​М.​Радзішчаў, А.​С.​Пушкін, А.​І.​Герцэн, М.​Я.​Салтыкоў-Шчадрын, І.​С.​Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.​Н.​Леду, жывапісцаў Ж.​Л.​Давіда і Ж.​Б.​Гроз (Францыя), У.​Хогарта (Англія), Д.​Н.​Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.

На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.​Барановіч, Г.​Каніскі, Ф.​Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.​Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.​Папроцкага. А.​Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.​Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.​Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.​Паўлікоўскага, Д.​Пільхоўскага, І.​Яленскага, Я.​Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.​Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.​Карчэўскі, А.​Маркевіч, М.​Ачапоўскі, П.​Славінскі, С.​Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.​Калонтай, Я.​Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.​Жылібер, Г.​Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.​Снядэцкі, І.​Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.​Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.​Сакольскі, А.​Зміеў, С.​Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.

Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.​Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.​Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.​Галянскі, І.​Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.​Снядэцкі, А.​Доўгірд, Е.​Славацкі, Л.​Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап. маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).

Літ.:

Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;

Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;

Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)