МЕТЭА... (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы), першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «метэаралагічны», напр., метэаназіранне, метэастанцыя.

т. 10, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРО́ГРАФ (ад метэа... + ...граф),

самапісная аэралагічная прылада для рэгістрацыі ціску, т-ры і вільготнасці ў свабоднай атмасферы. Уключае барограф, тэрмограф і гігрограф у адной прыладзе. Паказчыкі метэаралагічных элементаў сінхронна запісваюцца на адной стужцы, надзетай на барабан, які прыводзіцца ў рух гадзіннікавым механізмам або ветраком ці прапелерам. Пры дапамозе бараметрычнай формулы з запісу на стужцы вызначаюцца вышыні, якія адпавядаюць розным момантам пад’ёму, і лічбавыя значэнні метэаралагічных элементаў на гэтых вышынях. Падымаюць М. на шарах-зондах, самалётах, аэрастатах. М., які перадае свае паказанні ў час пад’ёму з дапамогай радыёсігналаў, наз. радыёзондам.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРАЛО́ГІЯ (ад метэа... + ...логія),

навука пра атмасферу Зямлі, фіз. працэсы і з’явы, якія ў ёй адбываюцца і ствараюць надвор’е і клімат. М. вывучае састаў і будову атмасферы, цеплаабарот і цеплавы рэжым у атмасферы і на зямной паверхні, вільгацеабарот і фазавыя пераўтварэнні вады ў атмасферы, рух паветр. мас, эл. і акустычныя з’явы ў атмасферы. Гал. задачы М.: забеспячэнне нар. гаспадаркі метэаралагічнай інфармацыяй з мэтай найб. поўнага і эфектыўнага выкарыстання спрыяльных умоў надвор’я і памяншэння страт ад небяспечных з’яў, удасканаленне метадаў прагнозу надвор’я, распрацоўка навук. асноў мэтанакіраванага ўздзеяння чалавека на атм. працэсы і кіравання імі. Падзяляецца на фізіку атмасферы (уключае фізіку прыземнага слоя паветра, аэралогію, фізіку верхніх слаёў атмасферы, актынаметрыю, атм. оптыку і атм. акустыку), дынамічную М. (вывучае атм. працэсы ў трапасферы і ніжняй стратасферы, распрацоўвае лічбавыя метады прагнозаў надвор’я), сінаптычную метэаралогію. Раздзел М., які вывучае клімат, вылучаецца ў кліматалогію. Існуе шэраг прыкладных галін М. (с.-г., лясная, авіяц., касм., марская, мед., ваенная і інш.). Асн. метад атрымання фактычных звестак пра атмасферу, надвор’е і клімат — назіранні, якія праводзяцца метэаралагічнымі станцыямі на зямной паверхні і ў верхніх слаях атмасферы з дапамогай метэаралагічных спадарожнікаў, метэаралагічных ракет, радыёзондаў і інш. Дзейнасць метэаралагічных службаў розных краін аб’ядноўвае Сусветная метэаралагічная арганізацыя.

Узнікла ў 17 ст., калі вынайдзены метэаралагічныя прылады — тэрмометр і барометр (Г.Галілеем з вучнямі). У 2-й пал. 18 ст. стала самаст. навукай. У 2-й пал. 19 ст. закладзены асновы дынамічнай М. (вучоныя амер. У.Ферэль, ням. Г.Гельмгольц), узнік сінаптычны метад даследавання (вучоныя франц. У.Левер’е, англ. Р.Фіцрой), пачаліся сістэм. аэралагічныя назіранні. Дасягненні М. ў 20 ст. звязаны з працамі вучоных нарв. В.Б’еркнеса, аўстр М.Маргулеса і Г.Фікера, франц. Л.Тэйсеран дэ Бора, рас. А.І.Ваейкава, А.А.Фрыдмана, П.А.Малчанава і інш.

На Беларусі метэаралагічныя назіранні пачаліся ў пач. 19 ст. Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў А.І.Кайгарадаў, даследаванні па зборы, аналізе і абагульненні матэрыялаў выканалі Н.А.Малішэўская, Я.Б.Фрыддянд, І.А.Савікоўскі, Г.В.Валабуева (Гідраметэацэнтр), А.Х.Шкляр (БДУ), У.Ф.Логінаў (Нац. АН Беларусі) і інш.

Літ.:

Хромов С.П., Петросянц М.А Метеорология и климатология. 4 изд. М., 1994.

П.А.Каўрыга.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)