Б’ЁРКНЕС (Bjerknes) Якаб (2.11.1897, Стакгольм — 7.7.1975),

нарвежскі метэаролаг. З 1931 праф. ін-та геафізікі ў Бергене (Нарвегія), э 1940 праф. ун-та ў Каліфорніі. Разам з бацькам (Вільгельмам Б’ёрнесам) сфармуляваў тэорыю цыклонаў, на якой базіруецца сучаснае прагназаванне надвор’я. Аўтар прац па дынамічнай і сінаптычнай метэаралогіі.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ПЕН Уладзімір Пятровіч (8.10.1846, С.-Пецярбург — 22.6.1940),

метэаролаг і кліматолаг. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1872—75 у Гал. фіз. абсерваторыі, у 1875 пераехаў у Германію, потым у Аўстрыю. Навук. працы па кліматалогіі, агульнай, сінаптычнай і марской метэаралогіі. Вывучаў кліматычныя ўмовы розных раёнаў Зямлі, паўтаральнасць і рух цыклонаў і антыцыклонаў, уплыў сонечнай актыўнасці на надвор’е і клімат, кліматы мінулага і інш. Стварыў класіфікацыю кліматаў Зямлі.

Тв.:

Рус. пер. — Климатоведение: Общее учение о климате. СПб., 1912;

Основы климатологии: (Климаты земного шара). М., 1938.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЦРО́Й (Fitzroy) Роберт (5.7.1805, Амптан-Хол, Вялікабрытанія — 30.4.1865),

англійскі гідрограф і метэаролаг. Віцэ-адмірал. У 1828—30 праводзіў даследаванні каля паўд. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі. У 1831—36 кіраваў кругасветнай акіянаграфічнай экспедыцыяй на судне «Бігл», у якой прымаў удзел Ч.Р.Дарвін. У час экспедыцыі праведзена здымка берагоў Патагоніі, Вогненнай Зямлі і Магеланава праліва. У 1854 узначальваў метэаралагічны дэпартамент, арганізаваў рэгулярную метэаралаг. службу ў Вялікабрытаніі. Імем Ф. названа рака на ПнЗ Аўстраліі.

Літ.:

Магидович И.П. История открытия и исследования Центральной и Южной Америки. М., 1965.

т. 16, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДМАН Аляксандр Аляксандравіч (16.6.1888, С.-Пецярбург — 16.9.1925),

расійскі матэматык, фізік і метэаролаг, адзін са стваральнікаў сучаснай дынамічнай метэаралогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1910). З 1918 праф. Пермскага ун-та, з 1920 — Петраградскага політэхн. ін-та. З 1925 дырэктар Гал. геафіз. абсерваторыі. Навук. працы па матэматыцы, гідрамеханіцы, тэорыі турбулентнасці, геафіз. гідрадынаміцы, фізіцы атмасферы, рэлятывісцкай касмалогіі. Вывеў ураўненне пераносу атм. віхра (ураўненне Ф.), якое з’яўляецца асноўным у тэорыі прагназавання надвор’я. Знайшоў нестацыянарныя рашэнні ўраўненняў гравітацыйнага поля А.​Эйнштэйна (1922—24; касмалагічныя мадэлі Ф.); тэарэтычна даказаў магчымасць расшырэння Сусвету, што было пакладзена ў аснову сучаснай касмалогіі. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1931.

Тв.:

Избр. труды. М., 1966.

Літ.:

Тропп Э.А., Френкель В.Я., Чернин А.Д. А.​А.​Фридман. М., 1988.

М.​М.​Касцюковіч.

А.А.Фрыдман.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)