ЛАМА́КІН Гаўрыіл Якімавіч
(Іаакімавіч; 6.4.1812, г. п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 21.5.1885),
рускі харавы дырыжор, педагог. Сын прыгоннага. З 1822 спяваў і вучыўся ў капэле графа Дз.М. Шарамецева, адпушчаны ім на волю. З 1830 выкладчык спеваў, у 1850—72 кіраўнік капэлы, з 1874 узначальваў мужчынскі хор С.Дз.Шарамецева. Адначасова ў 1848—59 выкладаў у навуч. установах Пецярбурга. З М.Балакіравым заснаваў Бясплатную муз. школу, яе першы дырэктар і выкладчык (1862—68). Аўтар хар. твораў і пералажэнняў для хору, дапаможнікаў «Кароткая метода спеваў» (1878) і «Кіраўніцтва да навучання спевам у народных школах» (б.г.), «Аўтабіяграфічных запісак» (выд. 1886).
Літ.:
Горяйнов Ю.С. Г.Я. Ломакин. М., 1984.
т. 9, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЭ́ТЫКА-ДЭДУКТЫ́ЎНЫ МЕ́ТАД,
метад навуковага пазнання і разважанняў, заснаваны на вывядзенні (дэдукцыі) заключэнняў з гіпотэз і інш. пасылак, сапраўднае значэнне якіх невядома. Выкарыстанне гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду звязана з шэрагам інш. метадалагічных аперацый: супастаўленнем фактаў, пераглядам існуючых паняццяў, утварэннем новых паняццяў, узгадненнем гіпотэз з інш. тэарэт. палажэннямі і г.д. Падобнага роду разважанні ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у ант. філасофіі. У навук. пазнанні гэты метад атрымаў развіццё ў 17—18 ст. Ён выкарыстаны ў механіцы, у даследаваннях Г.Галілея. Тэорыя механікі І.Ньютана — гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма, пасылкамі якой служаць асн. законы руху. Паводле тыпу пасылак гіпатэтыка-дэдуктыўны метад падзяляецца на: разважанні, пасылкамі якіх з’яўляюцца гіпотэзы і эмпірычныя абагульненні; гіпатэтыка-дэдуктыўныя вывады, засн. на пасылках, што супярэчаць дакладна ўстаноўленым фактам ці тэарэт. прынцыпам; разважанні, пасылкамі якіх служаць сцвярджэнні, што супярэчаць прынятым думкам і перакананням. З лагічнага пункту погляду гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма ўяўляе сабой іерархію гіпотэз, ступень абстрактнасці і агульнасці якіх павялічваецца з аддаленнем ад эмпірычнага базісу. Гіпатэтыка-дэдуктыўны метад дае магчымасць даследаваць структуру і ўзаемасувязь не толькі паміж гіпотэзамі рознага ўзроўню, але і характар іх пацвярджэння эмпірычнымі дадзенымі. Разнавіднасцю гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду можна лічыць матэм. гіпотэзу, якая выкарыстоўваецца як эўрыстычны сродак для адкрыцця заканамернасцей у прыродазнаўстве.
Літ.:
Меркулов И.П. Гипотетико-дедуктивная модель и развитие научного знания. М., 1980;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. Л., 1988.
В.В.Краснова.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КТНАЕ І КАНКРЭ́ТНАЕ,
катэгорыі дыялектыкі, у якіх адлюстраваны расчляненне і цэласнасць з’яў рэчаіснасці і іх узнаўленне ў працэсе пазнання. Абстрактнае разглядаецца як адна з уласцівасцяў, частка цэлага, аднабаковае, неразвітое; канкрэтнае — як адзінства, паўната, шматбаковасць і цэласнасць аб’екта ва ўсёй разнастайнасці яго сувязяў і дачыненняў. У гісторыі філасофіі да Г.Гегеля канкрэтнае ўяўлялася гал. чынам як разнастайнасць адзінкавых рэчаў і з’яў, дадзеных праз адчуванні; абстрактнае — як характарыстыка прадуктаў мыслення (абстракцыя). Гегель, які ўпершыню ўвёў у філасофію паняцці абстрактнае і канкрэтнае як суадносных катэгорый дыялектыкі, разглядаў канкрэтнае як сінонім дыялектычнай узаемасувязі, падзеленай цэласнасці, а абстрактнае — як этап руху і развіцця самога канкрэтнага. І.Кант, І.Фіхтэ і інш. прадстаўнікі ідэалізму таксама зыходзілі з разумення канкрэтнага як выключна духоўнай у сваёй аснове сувязі эмпірычна дадзеных з’яў. Прыхільнікі эмпірызму зводзяць канкрэтнае толькі да адзінкавых успрымальных адчуваннем з’яў, а розныя школы пазітывізму — да індывід. аб’екта, які ўспрымаецца імі як комплекс адчуванняў. У дыялект. матэрыялізме канкрэтнае разглядалася як непасрэдна дадзенае пачуццёва ўспрымальнае цэлае і як сістэма навук. вызначэнняў, якая выяўляе істотныя сувязі і дачыненні рэчаў, заканамернасці і тэндэнцыі развіцця з’яў; абстрактнае ж — як праява непаўнаты, неразвітасці, абмежаванасці любога яе фрагмента, праява аднабаковасці ведаў аб прадмеце. Спосаб тэарэт. ўзнаўлення ў свядомасці цэласнага аб’екта — узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага, якое ёсць усеагульная форма разгортвання навук. пазнання, сістэма адлюстравання аб’екта ў паняццях.
Літ.:
Гот В.С., Семёнов В.С., Урсул А.Д. Категории современной науки. М., 1984;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. М., 1988.
т. 1, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)