КАТЭХАЛАМІ́НЫ,
фізіялагічна актыўныя рэчывы, што выконваюць ролю хім. пасрэднікаў (медыятараў і нейрагармонаў) у міжклетачных узаемадзеяннях; вытворныя піракатэхіну. Да прыродных К. адносяцца адрэналін, дафамін і норадрэналін. Метабалічны папярэднік К.-дыоксіфенілаланін (L-ДОФА). Спецыялізаваныя для сакрэцыі К. нейроны маюць жывёлы з нерв. сістэмай. Найб. колькасць іх сінтэзуюцца і назапашваецца ў мазгавым слоі наднырачнікаў. К. адыгрываюць важную ролю ў нейрагумаральнай рэгуляцыі і нерв. трофіцы, удзельнічаюць у абмене рэчываў і прыстасавальных рэакцыях арганізма, забяспечваюць пастаянства ўнутр. асяроддзя і фізіял. функцый (гамеастаз). Парушэнні абмену К. ці іх неадэкватная сакрэцыя — адзін з патагенет. механізмаў некат. захворванняў.
т. 8, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн. фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс. абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.
Літ.:
Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;
Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;
Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;
Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)