МЕСІ́НСКІ ПРАЛІ́Ў.

Паміж Апенінскім п-вам і в-вам Сіцылія. Злучае Іанічнае і Тырэнскае моры. Даўж. каля 40 км, шыр. 3,5—22 км, найменшая глыбіня 115 м. Скорасць прыліўна-адліўных цячэнняў да 9 км/гадз. Водавароты Сцыла і Харыбда. Парты Месіна і Рэджа-ды-Калабрыя (Італія).

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСІ́НА (Messina),

горад у Італіі, на ПнУ в-ва Сіцылія. Адм. ц. прав. Месіна. Каля 300 тыс. ж. (1997). Порт на Міжземным м. Чыгуначным паромам праз Месінскі праліў звязаны з гарадамі Рэджа-ды-Калабрыя і Віла-Сан-Джавані. Прам-сць: суднабуд., нафтаперапр., цэм., плодакансервавая, тэкстыльная. Ун-т (з 1548). Арх. помнікі 12—16 ст. Ваенна-марская база.

Засн. каля 735 да н.э. пад назвай Занкла грэч. каланістамі з а-воў Наксас і Эўбея на месцы паселішча племя сікулаў. У 490 да н.э. заваявана Анаксіласам Рэгійскім (выхадцам з грэч. вобласці Месенія, адсюль назва). З 461 да н.э. М. — рэспубліка. У 396 да н.э. горад зруйнавалі карфагеняне. У 312 да н.э. заваяваны Агафоклам, у 282 да н.э. — мамерцінцамі (наз. Мамерціна). Пазней горадам па чарзе валодалі сарацыны (з 831), грэкі (з 1038), нарманы (з 1061), іспанцы (з 1678). У 1873 і 1903 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У 1848 бамбардзіраваны і заняты неапалітанцамі. Вызвалены ў 1860 Дж.Гарыбальдзі, увайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У 2-ю сусв. вайну ў ходзе Сіцылійскай аперацыі 1943 заняты англа-амер. войскамі.

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),

аўтаномная вобласць Італіі. Займае в-аў Сіцылія і суседнія астравы. Пл. 25,7 тыс. км². Нас. каля 5,5 млн. чал. (2001). Уключае правінцыі: Агрыджэнта, Кальтанісета, Катанія, Месіна, Палерма, Рагуза, Сіракуза, Трапаніі, Эна. Адм. ц. — г. Палерма. С. — эканамічна адна з менш развітых абласцей Італіі. Каля пал. плошчы вострава пад с.-г. ўгоддзямі, у т. л. пад ворывам каля 770 тыс. га, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі гаямі — 350 тыс. га, пад лугамі і пашамі — 130 тыс. га. Значныя плошчы арашаюцца. Больш за 50% таварнай прадукцыі дае садоўніцтва (апельсіны, лімоны, аліўкі, вінаград). Вырошчваюць пшаніцу (пераважна цвёрдых гатункаў), бабовыя, раннюю бульбу, артышокі, агароднінныя культуры, асабліва памідоры (у асн. на экспарт). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней, мулаў, аслоў. Рыбалоўства і промысел морапрадуктаў. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (сера, буд. матэрыялы, калійныя солі, нафта, прыродны газ), харч., дрэваапр., швейная, суднабудаўнічая. Новыя галіны: хім., цэм., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты Палерма, Аўгуста, Джэла. Праз Месінскі прал. С. злучана з Апенінскім п-вам паромам Месіна—Рэджа-ды-Калабрыя.

У старажытнасці в-аў Сіцылія насялялі плямёны сіканаў і сікулаў. У 8 ст. да н.э. С. — аб’ект фінікійскай і грэч. каланізацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. С. беспаспяхова імкнуліся захапіць Афіны. З 5 ст. да н.э. авалодаць востравам імкнуўся Карфаген. Барацьба з карфагенскай экспансіяй асабліва абвастрылася пры сіракузскіх тыранах Дыянісію I і Агафокле. У 241 да н.э. С. стала першай рым. правінцыяй, жытніцай Рыма; тут адбыліся Сіцылійскія паўстанні рабоў. У 5 ст. н.э. яе захапілі вандалы, у 6 ст. — остготы. З 535 належала Візантыі. У 11 ст. заваявана нарманамі, у 12—13 ст. увайшла ў Сіцылійскае каралеўства, якое пасля паўстання «Сіцылійская вячэрня» ў 1282 распалася. У 1302 на востраве ўмацаваліся каралі Арагона. Паводле Утрэхцкага міру 1713 С. адышла да Савойскага герцагства, паводле Лонданскага дагавора 1720 замацавана за Аўстрыяй. У 1735—1860 тут правілі ісп. Бурбоны (гл. Сіцылій абедзвюх Каралеўства). У перыяд напалеонаўскага панавання ў Італіі на С. знаходзілася рэзідэнцыя неапалітанскага караля Фердынанда IV (у 1799—1802, 1806—1814). У 1861 С. ўвайшла ў Аб’яднанае Італьянскае каралеўства. У канцы 19 — пач. 20 ст. С. набыла вядомасць як радзіма мафіі. У 2-ю сусв. вайну ў чэрв. 1943 тут высадзіліся англа-амер. войскі (гл. Сіцылійская аперацыя 1943). У 1947 атрымала абласную аўтаномію.

т. 14, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)