Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МА́РЫНЕР»
(англ. mariner літар. марак),
серыя амер.аўтаматычных міжпланетных станцый для даследавання планет Сонечнай сістэмы і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў. Створаны для пралёту планет і вываду на планетацэнтрычныя арбіты.
У 1962—73 адбыліся запускі 10 «М.», што дало магчымасць атрымаць звесткі пра каляпланетную прастору, атмасферу і паверхню Венеры («М.-2», «М.-5», «М.-10»), Марса («М.-4», «М.-6», «М.-7», «М.-9»), Меркурыя («М.-10»). Запускі «М.-1» (для даследавання Венеры), «М.-З» і «М.-8» (для даследавання Марса) няўдалыя. «М.-9» стаў першы.м штучным спадарожнікам Марса (14.11.1971); зроблена больш як 7,3 тыс. фотаздымкаў планеты і яе спадарожнікаў — Дэймаса і Фобаса. «М.-10» (запуск 3.11.1973) прызначаўся для вывучэння Венеры і Меркурыя з пралётных траекторый. 5.2.1974 «М.-10» здзейсніў пралёт каля Венеры (на Зямлю перададзена каля 3,7 тыс. здымкаў). Ажыццявіўшы змену траекторыі палёту ў полі прыцягнення Венеры, «М.-10» 29.3.1974 перайшоў на геліяцэнтрычную арбіту. Зроблена каля 3 тыс. здымкаў паверхні Меркурыя. Спыніў работу 23.3.1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́Р,
малая планета № 1566. Дыяметр каля 1 км. Адлегласць ад Сонца 0,185—1,985 а.а. (у афеліі І. адходзіць ад Сонца далёка за арбіту Зямлі, а ў перыгеліі падходзіць да Сонца ў 2 разы бліжэй Меркурыя). Нахіл і эксцэнтрысітэт арбіты 23° і 0,83 адпаведна. Перыяд абарачэння вакол Сонца 409 сут. Набліжаецца да Зямлі на адлегласць 7 млн.км. Адкрыты В.Баадэ (ЗША, 1949).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВЕ́ЛІЙ (лац. Hevelius) Ян
(28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),
польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВЕР’Е́ ((Le Verrier) Урбен Жан Жазеф) (11.3.1811, г. Сен-Ло, Францыя — 23.9.1877),
французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1846). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1848). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1833). З 1854 дырэктар Парыжскай абсерваторыі. Навук. працы па нябеснай механіцы і тэорыі руху вял. планет Сонечнай сістэмы. На аснове даследавання ўзбурэнняў Урана вызначыў (1846, незалежна ад Дж.К.Адамса) арбіту і становішча планеты, названай Нептунам (адкрыта ў 1846 ням. астраномам І.Г.Гале). Адкрыў векавы рух перыгелія Меркурыя, што знайшло тлумачэнне ў агульнай тэорыі адноснасці.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966. С. 391—396.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЕ́ЛЬНІКАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 6.9.1908, г. Казань, Татарстан),
расійскі вучоны ў галіне радыётэхнікі. Акад.Рас.АН (1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1978). Скончыў Маскоўскі энергет.ін-т (1931), дзе і працаваў. З 1953 у Ін-це радыётэхнікі і электронікі АНСССР (з 1954 дырэктар). У 1971—88 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Навук. працы па ўдасканаленні метадаў радыёпрыёму, барацьбе з радыёперашкодамі, распрацоўцы апаратуры радыёсувязі, па радыёлакацыі Марса, Венеры, Меркурыя. Устанавіў аптымальныя суадносіны паміж частотнымі характарыстыкамі радыёпрыёмнай апаратуры і велічынёй сігналаў перашкод (тэарэма К., 1933), распрацаваў тэорыю патэнцыяльнай перашкодаўстойлівасці (1946). Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІЯПАРЭ́ЛІ ((Schiaparelli) Джавані Вірджыніо) (14.3.1835, г. Савільяна, Італія — 4.7.1910),
італьянскі астраном. Замежны чл.-кар. (1874) і ганаровы чл. (1904) Пецярбургскай АН. Скончыў Турынскі ун-т (1854). З 1859 у Пулкаўскай абсерваторыі. З 1860 у астр. абсерваторыі ў Мілане (у 1862—90 дырэктар). Навук. працы па даследаванні планет, камет і падвойных зорак, а таксама гісторыі астраноміі, матэматыцы і метэаралогіі. Распрацаваў тэорыю метэораў і ўстанавіў сувязь метэорных патокаў з каметамі (1866). Выявіў на паверхні Марса сетку тонкіх ліній, т.зв. «каналаў» (1877), гіпотэза аб штучным паходжанні якіх не атрымала пацвярджэння. Правёў грунтоўныя назіранні Меркурыя і Венеры.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966. С. 411—418.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАСФЕ́РАЗямлі і планет,
зона каляпланетнай прасторы, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем планеты і яго ўзаемадзеяннем з патокамі зараджаных часціц касм. паходжання (сонечным ветрам). Асн. ўмова, якая вызначае месцазнаходжанне мяжы М., — роўнасць магн. ціску поля планеты і кінетычнага ціску сонечнага ветру. М. Зямлі з дзённага боку распасціраецца да 8—14 зямных радыусаў, з начнога — выцягнутая, утварае т.зв.магн. хвост Зямлі ў некалькі соцень зямных радыусаў. У М. знаходзяцца радыяцыйныя паясы. У Юпітэра і Сатурна М. працяглыя, у Меркурыя, Венеры і Марса М. невыразныя. М. адыгрывае важную ролю ў фарміраванні атмасферы Зямлі, яе клімату, развіцці жыцця, ахоўвае жывы свет Зямлі ад шкоднага ўздзеяння сонечнага ветру. Гл. таксама Зямля.