МЕРКАПТА́НЫ [ад лац. nierc(urius) ртуць + captans які захоплівае],
тыолы, арганічныя злучэнні, у малекуле якіх сульфгідрыльная група (—S—H) непасрэдна злучана з вуглевадародным радыкалам. З’яўляюцца сярністымі аналагамі спіртоў агульная ф-ла R—SH, дзе R — аліфатычны або араматычны (Ar) радыкал. М. з Ar-радыкаламі наз. тыяфеноламі (гл. Тыяфенол).
Аліфатычныя М., за выключэннем метантыолу CH3SH (tкіп 6,02 °C), — вадкасці; ніжэйшыя вызначаюцца моцным і непрыемным пахам, які адчуваецца ў паветры пры вельмі нізкіх канцэнтрацыях (~2∙10−9 мг/л). М. — слабыя к-ты: са шчолачамі і цяжкімі металамі ўтвараюць солі — меркаптыды, у прыватнасці, нерастваральныя меркаптыды ртуці (RS)2Hg (адсюль назва М.). Выкарыстоўваюць у сінтэзе пестыцыдаў, лек. сродкаў, стабілізатараў палімераў, для адарызацыі паліва, у т. л. бытавога газу (пераважна этантыол і прапантыол), як рэгулятары полімерызацыі ў вытв-сці каўчуку (аліфатычныя М. з 8—16 атамамі вугляроду). ГДК для ніжэйшых М. 0,8—1 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 10, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІЕ́ННЕ,
разлажэнне азотзмяшчальных арган. злучэнняў (пераважна бялкоў) мікраарганізмамі; адыгрывае значную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Гніенне — складаны шматступеньчаты біяхім. працэс, які залежыць ад хім. прыроды субстрату, наяўнасці кіслароду і складу мікрафлоры. На розных этапах гніення дамінуюць спецыфічныя групы мікраарганізмаў (аэробныя, факультатыўна анаэробныя, аблігатна анаэробныя бактэрыі і некат. віды грыбоў). Пры ўдзеле пратэалітычных ферментаў мікраарганізмы расшчапляюць бялкі да амінакіслот. Дэзамінаванне і дэкарбаксіліраванне амінакіслот прыводзіць да ўтварэння аміяку, серавадароду, вуглякіслага газу, арган. к-т, амінаў і інш. злучэнняў, у т. л. атрутных рэчываў (кадаверын, путрэсцін) і з непрыемным пахам (індол, скатол, меркаптаны). Гніенне адбываецца ў глебе, вадзе, у страўнікава-кішачным тракце жывёл і чалавека (прадукты гніення абясшкоджваюцца печанню і часткова выдаляюцца ныркамі). Гл. таксама Аманіфікацыя.
т. 5, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)