Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНАЯ МЕРЗЛАТА́,
шматгадовая мерзлата, верхні слой зямной кары з устойлівымі адмоўнымі тэмпературамі на працягу тысяч гадоў; частка крыясферы. Пашырана ў арктычным і антарктычным паясах, часткова ва ўмераным поясе, дзе існуе рэзка кантынентальны клімат. Развіта таксама пад покрыўнымі і горнымі ледавікамі. У зоне вечнай мерзлаты горныя пароды сцэментаваны замёрзлай вільгаццю. Магутнасць слоя з адмоўнымі т-рамі дасягае 4 км у Антарктыдзе, 1,5 км у Арктыцы. Пашырана на пл. каля 35 млн.км², у т. л. 11 млн.км² у Сібіры. На тэр. Беларусі існавала ў ледавіковыя эпохі. Слядамі вечнай мерзлаты з’яўляюцца крыягенныя тэкстуры, што захаваліся ў горных пародах, — псеўдамарфозы на месцы ледзяных кліноў і маразабойных шчылін, сляды цячэння і сціскання расталага грунту і інш. З часоў дэградацыі вечнай мерзлаты ў рэльефе захаваліся тэрмакарставыя западзіны і катлавіны азёр, псеўдатэрасы, валы і інш. Вечную мерзлату вывучае крыялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Шматгадова-мёрзлыя горныя пароды, гл. Вечная мерзлата
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯЛО́ГІЯ (ад крыя... + ...логія),
навука пра прыродныя аб’екты і працэсы, якія адбываюцца ў крыясферы. Даследуе фіз., хім. і мінералагічныя змены вады пры т-ры ніжэй пункта яе замярзання, а таксама прыродныя целы, якія ўзнікаюць пры адмоўных т-рах (атм. льды, наземныя і марскія зледзяненні, шматгадовая мерзлата). Падзяляецца на гляцыялогію і геакрыялогію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦІ́МСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
у Забайкаллі, у вярхоўях р. Віцім, пераважна ў Рэспубліцы Бурація і Чыцінскай вобл. Расіі. Шырокія невысокія ўвалы (выш. да 1600 м) чаргуюцца з міжгорнымі паніжэннямі. Складзена гранітамі і крышт. сланцамі; на ПдЗ — базальты; больш як 15 конусаў стараж. вулканаў.
Пашырана шматгадовая мерзлата. Азёры (у т. л. салёныя), мінер. крыніцы. У міжрэччах лістоўнічная тайга, у паніжэннях зараснікі хмызняку, лугі і балоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНАЯ НІЗІ́НА,
на Пн Аляскі, у ЗША. Даўж. каля 1000 км, шыр. да 150 км. Выш. каля 200 м. Складзена з марскіх алювіяльных адкладаў. Паверхня плоская, слаба расчлянёная далінамі. Характэрны поліганальныя грунты, маразабойнатрэшчынаватая шматгадовая мерзлата, гідралакаліты (узгоркі-пінга). Шматлікія лагунныя і тэрмакарставыя азёры і непраходныя балоты. Клімат субарктычны. Расліннасць мохава-лішайнікавая, па далінах рэк вярбовыя хмызнякі і асакова-разнатраўныя лугі. Радовішчы нафты і прыроднага газу (зал. Прадха). Рэдкія паселішчы эскімосаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУГДЖУ́Р,
горы ўздоўж паўн.-зах. ўзбярэжжа Ахоцкага м., у Хабараўскім краі Расіі. Выцягнуты дугой на 700 км. Пераважаюць выш. 800—1200 м, найвыш. 1906 м (г. Топка). Складзены з магматычных, часткова асадкавых парод. Пашырана шматгадовая мерзлата. Клімат умерана халодны, мусонны, з суровай зімой. На зах. схіле светлахвойная горная тайга з перавагай даурскай лістоўніцы, на ўсх. — ахоцкая горная тайга з аянскай елкі. Зубчастыя гальцы заняты кедравым сланікам і горнай тундрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ДЫРСКАЯ НІЗІ́НА,
на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у Чукоцкай аўт. акрузе, у даліне р. Анадыр. На У прылягае да Анадырскага заліва, на З абмежавана хрыбтамі Пэкульней і Рарыткін. Даўж. 270 км. Складзена з алювіяльна-азёрных адкладаў. Рэльеф пераважна раўнінны (выш. да 100 м), бліжэй да гор хвалісты, на У з астанцавымі і нізкагорнымі масівамі (Залаты хрыбет, Ушканоў краж). Усюды шматгадовая мерзлата. Шмат тэрмакарставых азёраў, азёраў-старыц. Ландшафт травяніста-купінаватай і хмызняковай тундры.