Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЯНТУ́З (звычайны) (Lota lota),
адзіная прэснаводная рыба сям. трасковых атр. траскападобных. Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Нар. назвы калека, мень, мянёк.
Даўж. да 1,7 м, маса да 32 кг (на Беларусі да 5 кг). Спінных плаўнікоў 2. Цела ўкрыта дробнай цыклоіднай луской. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАВЕ́Ц (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.3.1915, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 6.7.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі аэраклуб, Ульянаўскую лётную школу (1935). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1942 на Паўн.-Каўказскім, Варонежскім франтах. Зрабіў 74 баявыя вылеты, удзельнічаў у 11 паветр. баях. Нам. камандзіра эскадрыллі знішчальнага авіяпалка ст. лейтэнант Гаравец у час Курскай бітвы ўступіў у бой з 20 бамбардзіроўшчыкамі ворага, збіў 9 самалётаў — адзіны ў свеце лётчык, які ў адным баі збіў столькі самалётаў. Загінуў у гэтым баі. На 597-м км аўтамагістралі Масква—Сімферопаль, у Полацку, вёсках Ског і Машканы Сенненскага р-на яму пастаўлены помнікі.