МЕНДЭЛІ́ЗМ,

вучэнне аб заканамернасцях атрымання ў спадчыну адзнак арганізма. Распрацаваны Г.Мендэлем (1865). Адыграў рэв. ролю ў біялогіі, выявіў некат. фундаментальныя ўласцівасці атрыманых у спадчыну фактараў (генаў): дыскрэтнасць, стабільнасць, множнасць алельных форм. З’яўляецца часткай метадалогіі генет. эксперыментаў. Напр., уласцівасць пастаянства генаў выкарыстоўваецца ў генет. інжынерыі пры пераносе генаў з клетак аднаго віду арганізмаў у клеткі другога. На аснове адноснага пастаянства генаў распрацаваны прынцып «канварыянтнай рэдуплікацыі ДНК» (структура ДНК узнаўляецца не з абсалютнай дакладнасцю, а з варыянтамі за кошт мутацый) і інш. Гл. таксама Мендэля законы.

Літ.:

Гайсинович А.Е. Восприятие менделизма в России и его роль в развитии дарвинизма // Природа. 1982. № 9.

Р.​Г.​Заяц.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НДЭЛЬ ((Mendel) Грэгар Іаган) (22.7.1822, г. Гінчыцы, Чэхія — 6.1.1884),

аўстрыйскі прыродазнавец, заснавальнік вучэння аб спадчыннасці (гл. Мендэлізм). Скончыў філас. класы пры ун-це ў Ольмюцы Оламаўцы (1843). Вучыўся ў Венскім ун-це (1851—53). З 1843 манах аўгусцінскага манастыра, адначасова з 1848 выкладаў у школе. У 1856—63 правёў доследы па гібрыдызацыі розных сартоў гароху, на падставе якіх сфармуляваў асн. законы спадчыннасці — Мендэля законы. Гл. таксама Генетыка.

Г.Мендэль.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя зменлівасці і эвалюцыі,

сцвярджае, што існуе 2 катэгорыі зменлівасці — бесперапынная і перарывістая (дыскрэтная). Распрацаваў Г.Дэ Фрыз. Паводле гэтай тэорыі толькі перарывістая зменлівасць з’яўляецца спадчыннай. Для яе абазначэння ўведзены тэрмін «мутацыя». М.т. сцвярджае, што мутацыі могуць быць прагрэсіўныя (з’яўленне новых спадчынных уласцівасцей, што раўназначна ўзнікненню новых элементарных відаў) або рэгрэсіўныя (страта якіх-н. існуючых уласцівасцей, якія прыводзяць да ўзнікнення разнавіднасцей). Новыя жарданоны ўзнікаюць шляхам прагрэсіўных мутацый раптоўна, без пераходаў і звычайна адразу спадчынна пастаянныя. Масавыя мутацыі прымеркаваны да асобых рэдкіх мутацыйных перыядаў, што ў жыцці кожнага віду чаргуюцца з працяглымі перыядамі спакою. Развіццё генетыкі абвергла асн. палажэнні М.т. Падобную сістэму прадстаўленняў пра зменлівасць і эвалюцыю распрацаваў С.І.Каржынскі (1899). Сучасныя прадстаўленні аб спадчыннасці і іх сінтэзе з эвалюцыйным вучэннем сфармуляваў С.С.Чацверыкоў (1926). Гл. таксама Дарвінізм, Мендэлізм.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НДЭЛЯ ЗАКО́НЫ,

правілы атрымання ў спадчыну прыкмет, адкрытыя Г.Мендэлем (1865). Першы М.з. (закон аднароднасці гібрыдаў) — патомства 1-га пакалення ад скрыжавання ўстойлівых форм, што адрозніваюцца па адной прыкмеце, маюць аднолькавы фенатып па ёй. Другі М.з. (закон расшчаплення) — пры скрыжаванні гібрыдаў 1-га пакалення паміж сабой сярод гібрыдаў 2-га пакалення ў пэўных суадносінах з’яўляюцца асобіны з фенатыпамі зыходных бацькоўскіх форм і гібрыдаў 1-га пакалення. Трэці М.з. (закон незалежнага камбінавання прыкмет) — пара альтэрнатыўных прыкмет паводзіць сябе ў пакаленнях незалежна адна ад адной (паяўляюцца асобіны з новымі камбінацыямі прыкмет). З М.з. вынікае, што гены адносна пастаянныя, могуць знаходзіцца ў розным стане, парныя ў саматычных клетках і адзінкавыя ў гаметах; дыскрэтныя, могуць паводзіць сябе незалежна адзін ад аднаго. Законы праяўляюцца ў пэўных умовах і маюць універсальны характар для дыплоідаў. М.з. спрыялі развіццю генетыкі. Гл. таксама Мендэлізм.

Літ.:

Мендель Г. Опыты над растительными гибридами: Пер. с вем. М., 1965. Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988.

Р.​Г.​Заяц.

т. 10, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)