МЕ́НА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка (цячэ праз возера), за 7 км на ПнУ ад г.п. Ушачы, Пл. 0,38 км², даўж. каля 1,1 км, найб. шыр. 580 м, найб. глыб. 1,9 м, даўж. берагавой лініі каля 2,9 км. Пл. вадазбору 132 км². Схілы катлавіны невыразныя, на ПдУ і ПнЗ выш. 2—5 м, параслі лесам, на У і Пд разараныя. Берагі сплавінныя, параслі хмызняком. Пойма шыр. да 300 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НА,

у бел. цывільным праве дагавор, паводле якога кожны з бакоў абавязваецца перадаць ва ўласнасць другому боку адзін тавар у абмен на другі. Да такога віду дагавора дастасоўваюцца правілы аб куплі-продажу, калі гэта не супярэчыць сутнасці М. і цывільнаму заканадаўству. Пры гэтым кожны з бакоў прызнаецца прадаўцом тавару, які ён абавязваецца перадаць, і пакупніком тавару, які ён абавязваецца прыняць у абмен. Звычайна тавары, якія належаць абмену, мяркуюцца раўнацэннымі. У выпадку іх неадпаведнасці кампенсуецца розніца ў цэнах.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯЗА́ЦЕЛЬНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць цывільна-прававых нормаў, якія рэгулююць узнікненне, выкананне і спыненне абавязацельстваў і адказнасць за іх парушэнні. Абавязацельнае права Рэспублікі Беларусь выкладаецца ў аднайм. раздзеле Цывільнага кодэкса і інш. нарматыўных актах (некаторыя абавязацельствы рэгламентуюцца правіламі і палажэннямі, устаноўленымі мін-вамі і ведамствамі). Складаецца з агульнай і асаблівай частак. У агульнай ч. змешчаны нормы, якія вызначаюць паняцце абавязацельстваў, падставы да іх узнікнення, змест і парадак выканання і інш., а таксама падставы да спынення абавязацельстваў і адказнасць за іх парушэнне. Нормы асаблівай часткі рэгулююць асобныя віды абавязацельстваў (купля-продаж, мена, дарэнне, падрад, пастаўка і інш.).

Н.​А.​Карповіч.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКАНТЫЛІ́ЗМ (франц. mercantilisme ад італьян. mercante гандляр, купец),

першая школа паліт. эканоміі; эканам. палітыка т.зв. першапачатковага накаплення капіталу. Выяўлялася ў актыўным умешванні дзяржавы ў гасп. жыццё і праводзілася ў інтарэсах купецтва. Прадстаўнікі ранняга М. (апошняя трэць 15 — сярэдзіна 16 ст.) У.​Стафард (Англія), Г.​Скаруфі (Італія) прапанавалі тэорыю грашовага балансу, якая абгрунтоўвала палітыку, накіраваную на павелічэнне грашовага багацця заканад. шляхам. Гал. элементам пазней шага М., які дасягнуў росквіту ў 17 ст., была сістэма актыўнага гандл. балансу. Асн. прынцып яго прадстаўнікоў Т.​Мена (Англія), А.​Сера (Італія), А.​Манкрэцьена (Францыя) — купляць танней, прадаваць даражэй. Палітыка М. заключалася ў актыўным пратэкцыянізме, у падтрымцы экспансіі гандл. капіталу, заахвочванні развіцця айч. прам-сці, асабліва мануфактурнай.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНАНІ́ТЫ,

прыхільнікі адной са старэйшых пратэстанцкіх цэркваў. Рух М. пачаў фарміравацца ў 1530-я г. ў Нідэрландах пад уплывам памяркоўных анабаптыстаў. Яго ўзначаліў каталіцкі святар Мена Сіманс (назва ад яго імя), аўтар асноватворнага для М. трактата «Асновы хрысціянскага вучэння» (1539). Каноны веравызнання М., канчаткова кадыфікаванага на Дарцкай канферэнцыі 1632, уключаюць (акрамя агульнапратэстанцкіх прынцыпаў выратавання і ўсеагульнага свяшчэнства): пакаянне ў грахах, свядомае хрышчэнне дарослых, прычашчэнне, царк. адлучэнне, адмову ад вайск. і дзярж. службы і інш., што прыводзіць іх да самаізаляцыі ад грамадства і дзяржавы; іх паводзіны характарызуюцца маралістычным рыгарызмам. Узмацненне ў Нідэрландах рэпрэсій супраць ератыкоў у 1540—50-я г. прымусіла многіх М. да эміграцыі. З 1683 цэнтрам дзейнасці М. стаў г. Джэрмантаўн (ЗША). Многія з іх эмігрыравалі ў Рэч Паспалітую, адкуль у 1789 пачалі перасяляцца ў Расію. У 1898 у ЗША створана Ген. канферэнцыя М., якіх цяпер у свеце каля 500 тыс. чалавек.

Літ.:

Крестьянинов В.Ф. Меннониты. М., 1967.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

комплекс археал. помнікаў (гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, банцараўскай культуры, 9—11 і 17—19 ст., селішча 9—11 ст., 2 курганныя і бескурганны могільнікі) каля в. Гарадзішча Мінскага р-на. Гарадзішча складалася з 3 умацаваных пляцовак (пл. 1,3 га). Да 2-й пал. 11 ст. як цэнтр акругі паміж рэкамі Нёман і Пціч кантралявала гандл. шлях з Балтыйскага м. да Чорнага. Сярод знаходак кераміка з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трызубец), паўд. амфары, жорны, пацеркі-лімонкі (10—11 ст.), манеты, вырабы з жалеза, ганчарны посуд (17—19 ст.). Курганныя могільнікі з трупапалажэннем з’яўляюцца рэшткамі некропаля. На селішчы выяўлена больш за 80 гасп. ям, рэшткі майстэрні па вырабе прасліц з ружовага шыферу. Бескурганны могільнік з трупапалажэннем; сярод знаходак касцяныя шахматная фігурка каня і пісала, металічныя ўпрыгожанні. На думку некаторых даследчыкаў, на археал. комплексе першапачаткова размяшчаўся стараж. г. Менск, які атрымаў назву ад р. Мена (Менка), і папярэднічаў узнікненню ўмацаванага замчышча на р. Няміга.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Гарадзішча (Мінскі раён). Агульны выгляд малой пляцоўкі гарадзішча.
Шкляныя і сердалікавыя пацеркі 10 ст. з паселішча Гарадзішча (Мінскі раён).
Жалезныя ключ, ножык і пярсцёнкі з селішча Гарадзішча (Мінскі раён).

т. 5, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТРУКТЫВІ́ЗМ (ад лац. constructio пабудова),

кірунак у еўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.

Узнік у 1920 у сав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.​Габа і А.​Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.​Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.​Папова і В.​Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. У тэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.​Таірава, У.​Меерхольда, С.​Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.​Весніна і інш.). У музыцы ўзнік у пач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.​Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.​Дзешавова, балет «Стальны скок» С.​Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.​Шастаковіча, «Жалобная ода» А.​Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф. арк. А.​Анегера і інш. У сав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.​Зялінскім, І.​Сельвінскім і А.​Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн. эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.​Агапаў, А.​Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».

На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш. У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв. функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.​Гінзбург, І.​Голасаў (гл. Голасавы), К.Мельнікаў і інш.

У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.​Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.​Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г. у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.​Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.​Гальц, М.​Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.​Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.​Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.​Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.​Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.​Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.​Васільеў) і інш.

Літ.:

Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг. М., 1970;

Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;

Wingler H.M. Das Bauhaus 1919—1933. Köln, 1975.

У.​М.​Конан, Я.​Ф.​Шунейка, А.​А.​Воінаў, С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.​Валадзько. 1934.

т. 7, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),

краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗ з Іракам, на Пд і ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс. км². Нас. 2077 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г. Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).

Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд. т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 мм за год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.

Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн. ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс. ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс. чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.

Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст. н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст. араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.

19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб. эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл. Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.

Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс. дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн. т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд. м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд. кВтгадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс. га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн. шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс. км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л. міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд. дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал. гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд. дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.

Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, з унутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл. буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш. Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.

Літ.:

Государство Кувейт. Справ. М., 1990.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.​Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Кувейта.
Да арт. Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.
Да арт. Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.
Да арт. Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.

т. 8, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)