Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЕЎ (Мікалай Мікалаевіч) (9.7.1889, г. Льгоў Курскай вобласці — 16.7.1963),
рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім камерцыйным ін-це (1909—12), Маскоўскім і Харкаўскім ун-тах. Ранняя творчасць звязана з футурызмам (зб-кі «Зор», «Начная флейта», абодва 1914; «Летарэй», 1915). Пад уплывам падзей і творчага сяброўства з У.Маякоўскім яго паэзія набыла грамадз. гучанне (зб-кі «Бомба», 1921; «Стальны салавей», 1922; «Рада вятроў», 1923). З 1923 у літ. групе «Леф». У 1920—30-я г. выступаў як публіцыст (зб-кі «Час лепшых», «Маладыя вершы», «Масква-песня», «Высакагорныя вершы»). Паэмы «Будзённы» (1922), «Дваццаць шэсць» (1925), «Сямён Праскакаў» (1928) пра грамадз. вайну. У паэме «Маякоўскі пачынаецца» (1940, Дзярж. прэмія СССР 1941) спалучаны дзённікава-мемуарная і лірыка-публіцыст. плыні. Падзеі Вял.Айч. вайны — у зб-ках «Першы ўзвод» (1941), «Полымя перамогі» (1946); лірыка-філас. асэнсаванне гіст. лёсу 20 ст. — у кн. вершаў «Роздумы» (1955) і «Лад» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЧА́Н (Міраслаў) (сапр. Бабюк Андрэй Дзмітрыевіч; 14.7.1897, в. Пядзікі Каламыйскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 1937),
украінскі пісьменнік. Скончыў Львоўскую настаўніцкую семінарыю (1914). У 1922—29 у эміграцыі. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—23) і ў Канадзе (1923—29), дзе вёў выдавецкую, літ., грамадска-публіцыстычную дзейнасць. З 1929 на Украіне. Рэпрэсіраваны ў 1933, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1914. Першая кніга — зб. навел і нарысаў «Смех Нірваны» (1918). Зб. навел «Фільмы рэвалюцыі», маст.-мемуарная дылогія «Трагедыя Першага мая» (абедзве 1923) і «У бур’янах» (1925) пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Падпольная Галіцыя» (1926), «Сям’я шчотачнікаў» (1927), «Радый» (1928), «Плацдарм» (1931), аповесць «Карпацкая ноч» (1927) і інш. пра нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Украіне. Перакладаў з рус., польск., ням. і чэш. моў.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1987;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Новиченко Л. Мирослав Ірчан. Київ, 1958;
Мельничук-Лучко Л. Драматургія Мирослава Ірчана. Київ, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУ́РНЫ ПРАЦЭ́С,
функцыянаванне і развіццё літаратуры ў пэўную эпоху і на працягу ўсёй гісторыі нацыі, дзяржавы, рэгіёна, свету. Уключае самі творы, формы іх грамадскага існавання (публікацыі, выданні, літ.-крытычныя ацэнкі і тэарэт. інтэрпрэтацыі, чытацкія рэагаванні), дзейнасць творцаў (пісьменніцкія з’езды, канферэнцыі, літ. дыскусіі), узаемадзеянне нац. л-р, л-ры з інш. відамі мастацтваў (тэатр, кіно, музыка) і агульнакульт. з’явамі. На Л.п. уплываюць грамадска-паліт. абставіны, якія могуць абмяжоўваць, паралізоўваць літ.-маст. жыццё ці, наадварот, спрыяць яго ўсебаковаму развіццю. Сувязь паміж грамадска-эканам. і літ.-маст. працэсамі не заўсёды прамая і адназначная. Бывае, што ва ўмовах рэакц. ладу паспяхова развіваецца вял.л-ра (напр., у Расіі ў 19 ст.). Такім чынам, Л.п. з’яўляецца часткаю грамадска-гіст. працэсу, але валодае і пэўнай аўтаномнасцю, бо духоўна-эстэт. памкненні пісьменнікаў як элітарна-самакаштоўныя нярэдка апярэджваюць свой час. У цэлым Л.п. прагрэсіўна-паступальны і вызначаецца ў адпаведнасці са зменамі грамадскіх ідэй, густаў, інтарэсаў зменамі стыляў творчасці [міфалагічны, рэнесанс (гл.Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм], станаўленнем і развіццём родаў (эпас, лірыка, драма) і жанраў, удасканаленнем маст.-эстэт. культуры, узоры якой гістарычна карэкціруюцца.
Л.п. стараж. часоў спецыфічны развіццём пераважна вершаваных форм творчасці. На мяжы 18—19 ст. зацвярджаецца як эстэтычна паўнацэнны тып творчасці проза, якая ў 19—20 ст. пацясняе верш і развіваецца вельмі прадуктыўна (у эпасе, драме). Л.п. у яго сусв.-гіст. тэндэнцыях — агульны комплекс маст. рухаў. Каб больш выразна высветліць змест Л.п., у ім звычайна вылучаюць найб. адметныя рэгіёны (заходнееўрап., усходнеслав., паўднёваамер., блізкаўсходнія л-ры і інш.). У межах рэгіёнаў вылучаюць асобныя над. л-ры, якія канкрэтызуюць гэты змест. Л.п. даследуе літаратуразнаўства.
Бел. л-ра развіваецца з 11—12 ст. (летапісы Полацкай зямлі, жыціі і апокрыфы, словы Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, пераклады евангелляў). Для Л.п. эпохі Адраджэння характэрна з’яўленне новых відаў і жанраў л-ры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), узмацненне працэсаў секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. У гэты перыяд склалася плеяда таленавітых літаратараў (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, С. і Л. Зізаніі, Л.Сапега, А.Рымша). У перыяд Контррэфармацыі на першы план выходзяць барочныя вершы Сімяона Полацкага і А.Белабоцкага, палемічная публіцыстыка, гіст.-мемуарнаял-ра. Асветніцтва прыўнесла ў л-ру парадыйна-сатыр. прозу, школьную драматургію, пераклады з еўрап. крыніц. У 2-й пал. 17—18 ст. адбываецца пераход ад сярэдневяковай л-ры з рэлігійнасцю яе зместу, утылітарна-службовымі задачамі і царкоўна-слав. канонамі да новай л-ры з нар.-дэмакр. ідэямі, свецкімі інтарэсамі, эстэт. арыентацыяй на збліжэнне з рэальнасцю. Ва ўмовах фарміравання нацыі сял.-быт. прыхільнасці і рамантычна-асв. захапленні дзеля салідарызацыі грамадства спалучаюць у сваёй творчасці бел.-польск. (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Каратынскі, У.Сыракомля, А.Плуг), польск. (А.Міцкевіч, Э.Ажэшка), бел. (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч) пісьменнікі 19 ст. На пач. 20 ст. нац.-адраджэнскую ідэю ў л-ры сцвярджалі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., А.Гарун, М.Гарэцкі, Ф.Аляхновіч, З.Бядуля і інш., якія сумяшчалі ў творчасці рамант., рэаліст. і мадэрнісцкія прынцыпы. Л-ра гэтага перыяду паскорана развівала жанры, стылі, рэалізоўвала еўрап. стандарты. У БССР ў 1920-я г. ўзнялося пакаленне маладых рэв. рамантыкаў (М.Чарот, У.Дубоўка, У.Хадыка, К.Чорны, П.Трус, К.Крапіва, Я.Пушча); у 1930-я г. Л.п. разбураўся ў выніку рэпрэсій. У л-ры Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. апяваліся вызв. рух (М.Васілёк, В.Таўлай, П.Пестрак, А.Салагуб і інш.), вечныя каштоўнасці і родныя краявіды; розныя плыні спалучаліся ў творчасці М.Танка. У 2-й пал. 1950-х—1960-я г. ў л-ры зацвярджаюцца гуманістычныя і нац.-патрыят. ідэі. Паэтызуецца сав. рэчаіснасць. У апошнія дзесяцігоддзі Л.п. ўласціва больш глыбокае асэнсаванне чалавека ў сістэме жыццёвых каардынат, аналіз рэчаіснасці як аб’екта дзейнасці асобы, жанрава-стылявое багацце. На Беларусі Л.п. развіваецца ў кантэксце часу. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Беларусь.
Літ.:
Благой Д.Д. Литературный процесс и его закономерности // Благой Д.Д. От Кантемира до наших дней. М., 1972. Т. 1;
Литературный процесс и русская журналистика конца XIX — начала XX в., 1890—1904. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА,
духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.
Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.
Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж, асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.
У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант.М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант.маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц.гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.
Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук.л-ра, новалац. паэзія М.Гусоўскага, Я.Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарнаял-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.Багрыма, ананімная л-ра, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.
Літ.:
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ (ад грэч. historia апавяданне аб мінулых падзеях, фактах, аб тым, што пазнана, даследавана),
гістарычная навука; у шырокім сэнсе — працэс развіцця ў грамадстве. У спецыфічным сэнсе гісторыя — навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусв.-гіст. працэсу і ўзаемадзеянняў этнапаліт. супольнасцей (гл. таксама Гістарычны працэс). Яна вызначае і тлумачыць канкрэтны ход і заканамернасці развіцця чалавечага грамадства ва ўсёй шматграннасці, адлюстроўвае патрэбу грамадства ў самасвядомасці, у разуменні свайго мінулага, каб глыбей асэнсаваць сучаснае і перспектывы будучага развіцця.
Аб’ект пазнання гіст. навукі — уся сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства. У параўнанні з інш. грамадска-гуманітарнымі навукамі гісторыя выступае як навука комплексная, інтэгральная. Яна мае справу з усімі грамадскімі з’явамі, што вывучаюцца гэтымі навукамі. Прадметам яе пазнання з’яўляецца раскрыццё чалавечай дзейнасці ва ўсёй шматбаковасці, прасторавай і часавай канкрэтнасці. Унутраная аснова гіст. навукі — збіранне фактаў, іх сістэматызацыя і аналіз ва ўзаемасувязі. Гісторыя абапіраецца на факты, у якіх адлюстраваны аб’ектыўныя працэсы развіцця грамадства; выкарыстоўвае шырокі спектр агульнанавук., спецыфічна гіст. метадаў (гісторыка-генетычны, гісторыка-параўнальны і інш.), у т. л. колькасныя метады даследавання. Як навука гісторыя павінна быць непрадузятым уваскрашэннем і аднаўленнем мінуўшчыны, а не судом над жыццём ці вынікамі дзейнасці продкаў для пацвярджэння якой-н. прыватнай паліт. і эканам. ідэі. Прыкладное значэнне гісторыі не адмаўляецца ў выпадках, калі ў ёй шукаюць тлумачэнне ці вытокі аб’ектыўных працэсаў, якія маюць месца ў сучасным жыцці. Гал.сац. функцыя гіст. навукі — навукова-пазнавальная (канкрэтнае навук. вывучэнне ўсяго шляху грамадскага развіцця ад старажытнасці да сучаснасці, якое дае фундаментальныя тэарэт.навук. веды).
У глыбокай старажытнасці назапашванне гіст. ведаў вялося ў вусных пераказах. Найдаўнейшыя пісьмовыя помнікі з аглядам гіст. падзей вядомы ў дзяржавах Стараж. Усходу (канец 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.). Вялікі ўклад у распрацоўку гіст. уяўленняў пакінулі ант. гісторыкі (Герадот, Фукідыд, Ксенафонт, Палібій, Плутарх у Стараж. Грэцыі; Лівій, Тацыт, Апіян у Стараж. Рыме). У першыя стагоддзі н.э. з’явіліся стараж.арм. і груз.гіст. творы. У 10 ст. ўзнікла стараж.-рус.гіст.л-ра. Сярэдневяковыя зах.-еўрап.гіст. веды мелі даволі складаную структуру і падзяляліся (у залежнасці ад крыніцы) на свяшчэнную і свецкую гісторыю. Цесна звязаная з тэалогіяй, гісторыя разглядалася як працэс, прадвызначаны Богам. У эпоху Адраджэння ў цэнтры гісторыі аказваюцца падзеі і факты. У эпоху Асветніцтва гісторыкі адмовіліся ад тэалагічнага тлумачэння гісторыі, склаўся погляд на гісторыю як на працэс заканамернага развіцця, прызнавалася адзінства лёсу ўсяго чалавецтва (Вальтэр, Э.Гібан і інш.). Працэс станаўлення гісторыі як навукі звязаны з ням. філосафамі і гісторыкамі 18—19 ст. (І.Г.Гердэр, І.Кант і інш.), з франц. гісторыкамі Ф.П.Г.Гізо, А.Мінье, А.Цьеры. Тэарэт.-філас. асэнсаванне сусв.-гіст. працэсу зроблена Г.Гегелем; галоўнае ў яго канцэпцыі — дыялектычны прынцып развіцця. У сярэдзіне 19 ст. К.Маркс і Ф.Энгельс распрацавалі матэрыяліст. дыялектыку. У аснове марксісцкага аналізу гісторыі — гістарызму прынцып, вучэнне аб фармацыях грамадска-эканамічных. Сярод гісторыкаў Расіі ў сярэдзіне 19 ст. традыцыйнымі былі спрэчкі паміж славянафіламі (І.С.Аксакаў і К.С.Аксакаў, І.В. і П.В.Кірэеўскія і інш.) і заходнікамі (П.В.Аненкаў, Ц.М.Граноўскі, К.Дз.Кавелін, С.М.Салаўёў і інш.). У гіст. навуцы і філасофіі вядучых краін Еўропы (акрамя Германіі) і ЗША ў 2-й пал. 19 ст. панавала тэорыя пазітывізму (А.Конт, Г.Спенсер, Г.Т.Бокль, Дж.У.Дрэйпер, Г.Ч.Лі, Дж.Р.Грын, К.Лампрэхт і інш.). Яе прадстаўнікі звярталіся да ідэі эвалюц. развіцця чалавецтва, аднолькавую ўвагу аддавалі пытанням эканомікі, сац. жыцця і культуры. На мяжы 19—20 ст. на фарміраванні ўяўленняў аб гісторыі адбіліся погляды Ф.Ніцшэ, які адмаўляў аб’ектыўную заканамернасць гіст. развіцця, прапаноўваў ідэю развіцця па крузе. У гэты час праявіліся таксама неакантыянства, неагегельянства, эмпірыякрытыцызм. У 1920—30-я г. пашырыўся неапазітывізм. У 1930—60-я г. папулярнымі былі ідэі англ. даследчыка А.Дж.Тойнбі, які разглядаў сусв.гіст. працэс як з’яднанне волі і неабходнасці. У Сав. Саюзе ў 1920-я — пач. 1990-х г.гіст. навука знаходзілася пад уплывам марксізму-ленінізму. Пасля 2-й сусв. вайны пашыранымі сталі погляды на гісторыю з пазіцый неатамізму, ірацыяналізму і канцэпцыі экзістэнцыялізму. Значны ўплыў на развіццё гіст. навукі ў Зах. Еўропе мела франц.«Аналаў» школа. Апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. адзначаны крызісам гіст. навукі ў Еўропе і Амерыцы; папулярнымі сталі гіст. антрапалогія, канцэпцыя «маральнай эканомікі» Э.Томпсана, тэорыя «культурнай гегемоніі» А.Грамшы і інш.
Развіццё ўяўленняў пра гісторыю ў Беларусі, якая знаходзілася на мяжы культ. уплываў, адбывалася ў сувязі з культ.-паліт. працэсамі. Да 14 ст.мясц.гіст. свядомасць тут развівалася пад уплывам візантызму з яго артадаксальна-правасл. формай ідэалогіі. Пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду — летапісы, хронікі, жыціі, у якіх спалучаліся рацыянальнае і эмацыянальнае асвятленне гісторыі, правідэнцыялізм, дакументальна-дзелавое і маст. апісанне гіст. падзей. У 15—18 ст.гіст. веды і ўяўленне пра гісторыю ў Беларусі фарміраваліся пад уплывам еўрап.культ. традыцыі: хронікі, гіст.-мемуарнаял-ра (дыярыушы), прадмовы Ф.Скарыны, «Песня пра зубра» М.Гусоўскага, публіцыстычныя творы, розныя зборнікі аповесцей і навел, якія ўспрымаліся тагачаснымі чытачамі як цалкам гістарычныя. Скарына ацэньваў развіццё грамадства пад уплывам хрысціянскіх абстрактна-гуманіст. прынцыпаў чалавекалюбства і справядлівасці, хоць і не адмаўляў існавання ў грамадстве класавых процілегласцей. Пазней яго ідэі ўзбагаціліся і канкрэтызаваліся ў творах М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана і інш.Гіст. погляды 18 ст., нягледзячы на некат. праявы патрыят. («краёвай») думкі, вызначаліся паланафільствам, сувяззю з ідэямі мысліцеляў-асветнікаў Еўропы. Станаўленне гіст. ведаў у Беларусі на ўзроўні навук. асэнсавання адбылося ў 19 ст.Тэарэт. пытанні агульных падыходаў да разумення гісторыі ў бел.гіст. навуцы ўпершыню ўзняты ў працах М.В.Доўнар-Запольскага.
Гісторыя як навука ў працэсе свайго развіцця падзялілася на цесна звязаныя паміж сабой спецыялізаваныя часткі. Гісторыя грамадства ў цэлым (гл.Усеагульная гісторыя) на аснове характэрных рыс прынята падзяляць на эпохі: гісторыю першабытнага грамадства, гісторыю стараж. свету, сярэдневяковая гісторыя (медыявістыка), новая і навейшая гісторыя. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на гісторыю вялікіх гістарычна звязаных паміж сабой рэгіёнаў (гісторыю Еўропы, гісторыю Лацінскай Амерыкі і інш.) і гісторыю асобных краін і народаў (гісторыю Беларусі, гісторыю Расіі, гісторыю Германіі і інш.); паводле комплексных праблем, калі даследуюцца з’явы, уласцівыя групам краін і народаў (гісторыю Адраджэння, гісторыю Рэфармацыі) і інш. У залежнасці ад таго, які бок або з’ява грамадскага жыцця вывучаецца, вылучаюць сац.-эканам. гісторыю, паліт. гісторыю, ваен. гісторыю, гісторыю мастацтва і інш. Да гісторыі адносяцца таксама спец. (дапаможныя) гіст. навукі: крыніцазнаўства, археаграфія, дыпламатыка, храналогія, сфрагістыка, генеалогія, геральдыка, нумізматыка, гістарыяграфія і інш.Самаст. месца займаюць археалогія і этнаграфія.
Літ.:
Ерофеев Н.А. Что такое история. М., 1976;
Болингброк. Письма об изучении и пользе истории: Пер. с англ.М., 1978;
Блок М. Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ.М., 1991;
Февр Л. Бои за историю: Пер. с фр.М., 1991;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;
Философия и методология истории: Сб. ст.М., 1977;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.Л. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14 (Полн. собр. соч. Т. 18);
Carr E.H. What is history? London, 1961;
Schieder T. Geschichte als Wissenschaft. München;
Wien, 1968;
Topolski J. Metodologia historii. 3 wyd. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗА (ад лац. prosa),
1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.
2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.
3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г.і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.Талстога, Я.Коласа, І.Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.
Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.Рабле, М.Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.Дэфо, А.Ф.Прэво, Г.Філдынга, С.Рычардсана, Ж.Ж.Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.Бальзак, Г.Флабер, Ч.Дзікенс, У.Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.Голсуарсі, Г.Ман, Т.Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.Заля, М.Пруст, О.Уайльд, Дж.Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Г.Бёль, У.Фолкнер, Г.Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.Кафка, А.Камю, Ж.П.Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.Эка, Т.Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.Пушкін, М.Лермантаў, М.Гогаль, І.Ганчароў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, І.Тургенеў, А.Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.Горкі, М.Зошчанка, А.Купрын, А.Салжаніцын, А.Талстой, М.Шолахаў, В.Шукшын, В.Бялоў, Ю.Бондараў, В.Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.Меражкоўскі, Б.Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.Набокаў, А.Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.Пялевін, С.Сакалоў, У.Сарокін і інш.).
У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц.гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.Каганец, Я.Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.Вольны, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Я.Маўр, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.Чорны) і аповесці (Я.Колас, Гарэцкі, Л.Калюга, Мікуліч і інш). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.Бядуля, В.Ластоўскі і інш.). Аднак у нац.бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял.Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.Брыля, І.Грамовіча, А.Кулакоўскага, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.Адамовіча, В.Адамчыка, В.Быкава, В.Карамазава, У.Караткевіча, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Стральцова, І.Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.Алексіевіч, В.Гігевіч, Г.Далідовіч, А.Жук, В.Казько, А.Кудравец і інш.Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.Асташонак, А.Кажадуб, Х.Лялько, А.Наварыч, У.Рубанаў, К.Тарасаў, А.Федарэнка, У.Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.Гіль, Далідовіч, Жук, В.Іпатава, І.Капыловіч, А.Кудравец, Г.Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш ў П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, версэты А.Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).
Літ.:
Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;
Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;
Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;
Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;
Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;
Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;
Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,
абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросіка (з грэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.
Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.
Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш.л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт.Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Я.Чачот, Т. і Ю.Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр.т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел.стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб.«Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.І.Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).
Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.П.Тышкевічаў, А.Кіркора, М.Ф.Уладзімірскага-Буданава, М.К.Любаўскага, Ф.І.Леантовіча, І.І.Лапо, У.К.Стукаліча, М.В.Доўнар-Запольскага, А.С.Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.У.Уладзімірава, К.В.Харламповіча, І.І.Флёрава, І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.І.Насовіча, П.А.Бяссонава, П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, У.М.Дабравольскага, П.П.Чубінскага, М.Я.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, М.А.Янчука, А.І.Сабалеўскага, А.А.Патабні, І.А.Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.Ф.Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.Міцкевіч, Я.Чачот, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, М.Вішнеўскі, А.К.Ельскі (у польск. друку), М.І.Надзеждзін, П.М.Шпілеўскі, М.А.Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.А.Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.Багушэвіча і інш.бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл.«Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ.«Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.І.Пічэтам, Дз.М.Анучыным, Янчуком, П.А.Растаргуевым, З.Ф.Жылуновічам (Ц.Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).
З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд.навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт.Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт.Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел.навук.т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв.бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял.Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.
За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл.«Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.
Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўночная,
Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, кар. Часон мінджуджуый інмін канхвагук), дзяржава ва Усх. Азіі, якая займае паўн.ч.Карэйскага паўвострава і прылеглую ч. мацерыка. На Пн мяжуе з Расіяй і Кітаем, з З абмываецца Жоўтым, з У — Японскім морамі. На Пд аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Рэспублікі Карэя (гл.Карэя Паўднёвая). Пл. 122,8 тыс.км². Нас. 23,9 млн.чал. (1996). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Пхеньян. Падзяляецца на 9 правінцый і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: дзень нараджэння Кім Чэн Іра (16 лют.), Дзень незалежнасці (9 верасня), Дзень канстытуцыі (27 студз.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — нар. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Вярх.Нац. сход (ВНС), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. У перыяд паміж сесіямі ВНС дзейнічае яго Пастаянны савет. ВНС выбірае вышэйшы кіруючы орган — Цэнтр.нар. камітэт (ЦНК), які ўзначальвае прэзідэнт. ЦНК стварае ўрад рэспублікі — Адм. савет на чале з прэм’ер-міністрам. На месцах функцыі ўлады ажыццяўляюць нац. сходы правінцый і гарадоў цэнтр. падпарадкавання, нар. сходы паветаў, гарадоў і раёнаў.
Прырода. КНДР пераважна горная краіна. На Пн — Паўн.-Карэйскія горы (г. Пэктусан, 2750 м), на Пд ад іх — менш высокія Усх.-Карэйскія. Раўнінныя ўчасткі (каля 20% тэр. краіны) пераважна на З, па ўзбярэжжы Жоўтага м. Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жал. руда, каляровыя металы (вальфрам, свінец, цынк, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт і інш. Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветр. мас, якія прыносяць ападкі. Т-ра паветра ў студз. каля -11 °C, у ліп. каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на ПнЗ да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. з іх Тэданган, Амнакан, Туманган. Лясы займаюць пл. каля 9 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. З лек. раслін найб. вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі і інш. Рэзерваты — Хвангпо, Янгам і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна анімісты, будысты і канфуцыянцы. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 198 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы (да 300—400 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 70% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Пхеньян — 2600, Хамхын — 775, Чханджын — 755. Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан. У прам-сці занята каля 30% працаздольнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і марскіх промыслах — каля 46%.
Гісторыя. У жн. 1948 у Паўн. Карэі адбыліся выбары ў Вярх.нар. сход, які 9.9.1948 абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. Імкнучыся да пашырэння сацыяліст. сістэмы на ўсёй тэр. Карэі, улады КНДР пачалі Карэйскую вайну 1950—53, пасля заканчэння якой Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пач. 1970-х г. паміж КНДР і Паўд. Карэяй ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снеж. 1991 падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лют. 1992 — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага п-ва (скасаваны ў 1992 Паўд. Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнар. інспекцыі яе ядз. аб’ектаў). Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіц. пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір (прэзідэнт з 1998). КНДР — чл.ААН (з 1991), Руху Недалучэння (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Кіруючай і правячай партыяй у КНДР з’яўляецца Прац. партыя Карэі (ППК). У Аб’яднаны дэмакр. айчынны фронт уваходзяць ППК, С.-д. партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. КНДР — індустрыяльна-агр. краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Эканоміка краіны носіць замкнёны характар, характарызуецца гіпертрафіраваным развіццём пераважна цяжкай і ваеннай прам-сці, тэхн. адсталасцю, нізкім узроўнем вытв-сці спажывецкіх тавараў. Валавы нац. прадукт у 1995 склаў 21,5 млрд.дол. ЗША каля 900 дол. на 1 чал. (прыкладна 114-е месца ў свеце). У апошнія гады адзначаны вял. цяжкасці ў асноўным з-за спынення дапамогі б.сацыяліст. краін, імпарту нафты з Расіі і агульнага крызісу гаспадаркі. Паліўна-энергет.прам-сць у значнай ступені базіруецца на ўласных рэсурсах. Здабыча вугалю 71,5 млн.т (1994). Імпартуюцца нафта і вугаль для каксавання. Электраэнергетыка выкарыстоўвае гідрарэсурсы (найб. Супхунская ГЭС на р. Амнакан) і каменны вугаль. Вытв-сць электраэнергіі 35,2 млрд.кВт∙гадз (1995). Буйнейшыя прадпрыемствы чорнай металургіі — металургічны камбінат у Чханджыне, з-ды ў Саніме і Кім-Чхэку. Выплаўка сталі каля 4 млн.т штогод. Развіта каляровая металургія на мясц. сыравіне. Асн. вытворцамі цынку (200 тыс.т, 1994), свінцу, медзі, нікелю, кобальту, кадмію, ртуці, малібдэну з’яўляюцца з-ды ў Нампхо, Хамхыне і Хэджу, алюмінію — з-д у Пукчане. Ёсць вытв-сць золата, серабра, рэдкіх металаў. Машынабудаванне і металаапрацоўка мае больш за 400 розных прадпрыемстваў. Развіты станкабудаванне (Рэксон, Хічхон, Танчхон, Тэан), аўтамабілебудаванне (Танчхон, Пхеньян), с.-г. машынабудаванне (Хэджу, Ыйджу, Хамхын, Чханджын, Кіян), вытв-сць рухомага саставу для чыгунак (Пхеньян, Вансан), суднаў (Чханджын), абсталявання для хім., металургічнай, горназдабыўной прам-сці. Хім.прам-сць уключае вытв-сцьхім. валокнаў, пластмас, мінер. угнаенняў (у т. л. азотных — 630 тыс.т, 1995), гербіцыдаў, соды, карбіду кальцыю, салянай к-ты; асн. цэнтры Хамхын, Хынам, Сунчхон, Хэджу. Вылучаецца нафтаперапр. і фармацэўтычная прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў: цэменту (каля 8—10 млн.т штогод), вогнетрывалай цэглы, аконнага шкла, жалезабетонных вырабаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці фанеры, цэлюлозы, паперы, мэблі (Кімджу, Хесан, Пхеньян). Сярод галін лёгкай прам-сці вядучае месца належыць тэкст. (Пхеньян, Кэсон, Хамхын і інш.), абутковай і швейнай. З галін харч. прам-сці вылучаюцца рысаачышчальная, алейная, мукамольная, рыбная. Сельская гаспадарка дае каля 20% нац. даходу. Пл.с.-г. угоддзяў складае каля 2,4 млн.га, у т. л. каля 2 млн.га пад ворывам. Каля 1,4 млн.га арашаецца. У сувязі з крызіснымі з’явамі ў сельскай гаспадарцы ў апошнія гады абвастрылася харч. праблема. У краіне ўведзена сістэма забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі па выключна нізкіх нормах. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства, якое дае 75% усёй валавой прадукцыі і спецыялізуецца пераважна на вытв-сці збожжавых. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 680 тыс.га, валавы збор 2,8 млн.т, 1996). Вырошчваюць таксама кукурузу (пасяўная пл. 600 тыс.га, валавы збор 2 млн.т, 1996), гаалян, сорга, пшаніцу, ячмень, авёс, сою, батат, агародніну. Пад бульбай 140 тыс.га, валавы збор 1,6 млн.т (1996). Тэхн. культуры: тытунь, бавоўнік, цукр. буракі, лён, жэньшэнь. Садоўніцтва і шаўкаводства. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 1 млн. галоў, пераважае рабочая, толькі 10% складаюць каровы. Свіна- і птушкагадоўля. Марское рыбалоўства — 1,85 млн.т рыбы (1995). Аснова трансп. сістэмы — чыгункі (каля 90% грузаабароту, каля 70% пасажыраабароту). Даўж. чыгунак больш за 8 тыс.км, каля 70% электрыфікавана. Аўтадарог больш за 21 тыс.км. Марскі і паветр. транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. парты Нампхо, Чханджын, Хэджу, Хынам, Вансан. Знешнегандл. сувязі развіты слаба, экспартны патэнцыял абмежаваны. У 1995 экспарт склаў 590 млн.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. На сусв. рынак КНДР пастаўляе чорныя і каляровыя металы, жал. руду і яе канцэнтраты, тальк, графіт, магнезіт, хім. прадукты, рыбапрадукты, фрукты, лекі. Каля 50% імпартнай прадукцыі складаюць нафта і нафтапрадукты, вугаль для каксавання, марганцавыя і храмітавыя руды. Імпартуюцца таксама машыны і абсталяванне, трансп, сродкі, харч. прадукты. Краіна мае вял. даўгі, асабліва Расіі, як пераемніцы СССР (больш за 3,2 млрд.руб.), і Кітаю. Гал.гандл. партнёры: Расія, Кітай, Японія, Германія, Індыя, Інданезія і інш. Грашовая адзінка — вона КНДР.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 1,055 млн.чал., ваенізаваных фарміраванняў 189 тыс.чал., рэзерву 4,7 млн.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 923 тыс.чал., на ўзбраенні 3,5 тыс. танкаў, 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, каля 8 тыс. гармат, 8,1 тыс. мінамётаў, 7,8 тыс. гармат зенітнай артылерыі, больш за 10 тыс. пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 2,6 тыс. рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС 85 тыс.чал., 607 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС 47 тыс.чал., 26 падводных лодак, 31 баявы карабель (пераважна тральшчыкі) і 7 дапаможных суднаў, каля 680 баявых катэраў (пераважна дэсантных, тарпедных і патрульных).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67,5, жанчын 73,9 года.
Смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 74 чал., урачамі — 1 на 370 чал. Узровень нараджальнасці — 22 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 25 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма нар. адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (да 3 гадоў — яслі, пасля 3 — сад з аднагадовым абавязковым курсам перадшкольнай падрыхтоўкі), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіраванне нар. адукацыяй цэнтралізаванае, праводзіцца К-там адукацыі пры Адм. савеце. Усе выдаткі на адукацыю аплачвае дзяржава. У 1975 уведзена абавязковая 11-гадовая адукацыя з 5-гадовага ўзросту: дашкольны клас і 10-гадовая школа, якая ўключае 4-гадовую пач. і 6-гадовую сярэднюю школу. Прафес. падрыхтоўку на базе абавязковай школы даюць тэхнікумы і вышэйшыя тэхн. школы (існуюць з 1960 пры з-дах, ф-ках і буйных прадпрыемствах). Іх выпускнікі атрымліваюць права працаваць па спецыяльнасці і працягваць вучобу ў ВНУ. У пач. 1990-х г. у КНДР было больш за 50 вышэйшых тэхн. школ і каля 500 тэхнікумаў. Вышэйшая адукацыя пачала развівацца пасля засн. ў Пхеньяне ў 1946 ун-та. У 2-й пал. 1940-х г. адчынены с.-г., пед., настаўніцкія, мед. і політэхн. ін-ты. Існуюць розныя формы адукацыі дарослых без адрыву ад вытв-сці (вячэрнія агульнаадук. і тэхн. школы, завочныя і вячэрнія тэхнікумы і ін-ты). У Пхеньяне знаходзяцца Дзярж.цэнтр.б-ка (з 1945), Б-каАН КНДР (з 1952), Цэнтр.гіст. музей (з 1928), Музей этнаграфіі (з 1956), Цэнтр. музей прыгожых мастацтваў (з 1954) і інш. Навук, даследаванні праводзяцца ў АН (з 1952, у яе складзе каля 40 н.-д. ін-таў і філіял у Хамхыні), у Акадэміі с.-г. навук (з 1963), АМН (з 1963), Акадэміі грамадскіх навук (з 1952; да 1964 у складзе АН), Акадэміі лесаводства, у Цэнтры атамных даследаванняў (з 1952), на кафедрах ВНУ і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыяд. выданні выходзяць на кар., англ., франц., яп., рус. і кіт. мовах. Найб. тыраж маюць штодзённая газета «Надон сінмун» («Газета Праца», орган ЦКПрац. партыі К., з 1945) і «Надон чханён» («Працоўная моладзь». орган ЦК Саюза сацыяліст.прац. моладзі К., з 1946). Працуе Цэнтр.тэлегр. агенцтва К. (ЦТАК, з 1946). Дзейнасць Цэнтр. радыёстанцыі К. і Пхеньянскай радыёстанцыі, а таксама Цэнтр. тэлебачання К. і Кэсонскага тэлебачання падпарадкаваны дзяржаве. Перадачы радыё і тэлебачання вядуцца па агульнанац. і мясц. праграмах на кар., англ., рус., франц., кіт. і інш. мовах.
Літаратура. Гал. тэмы л-ры КНДР — сац. пераўтварэнні ў вёсцы (раман «Зямля», 1948—60, Лі Гіёна), станаўленне рабочага класа (аповесці Лі Букмёна, Хван Гона, Юн Седжуна), працяг традыцый пралет. паэзіі (Чо Гічхон і інш.). У 1946 створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. Вайна 1950—53 паклала пачатак гераічнай і патрыят. тэматыцы: ваен. публіцыстыка Кім Сарана, апавяданні Хван Гона, Юн Седжуна, Чхон Себона, франтавыя вершы Чо Гічхона, Мін Бёнгюна. У 1950—60-я г. з’явіліся буйныя гіст. творы: «Рака Туманган» Лі Гіёна, «Бацька Сасан» Чхве Мён’іка, «Гісторыя няшчасцяў» Чхон Себона і інш., пашыралася мемуарнаял-ра (серыя «Сярод людзей» і інш.). У 1970-я г. вылучыліся творы калектываў аўтараў паводле п’ес перыяду антыяп. барацьбы ў 1930-я г.: «Мора крыві», «Лёс вартаўніка» і інш. У сучаснай л-ры вядучымі застаюцца тэмы працы, аб’яднання краіны; асаблівая ўвага аддаецца ваен. тэматыцы (раманы Кім Джэгю, Пён Хігына). З 1953 дзейнічае Саюз пісьменнікаў К. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Карэйскія казкі» (1954) і казка «Ластаўкі» (1957) у перакладзе А.Якімовіча, асобныя вершы кар. паэтаў пераклаў М.Аўрамчык. На кар. мове выдадзены зб. Я.Коласа «У старых дубах» (1959).
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. З 1950-х г. інтэнсіўна развівалася горадабудаўніцтва, якое вырашала праблемы рацыянальнага размяшчэння жылых і прамысл. раёнаў, забеспячэння гарадоў сеткай культ.-быт. устаноў, добраўпарадкавання і азелянення (арх. Кім Джанхі, Лі Хён, Пак Ікхван, Сін Сунгён, а таксама замежныя спецыялісты). У 1945—53 распрацаваны генплан Пхеньяна (арх. Кан Чахван і інш.), адноўлены і рэканструяваны гарады Хамхын, Вансан, Сарывон, Кэсон, Нампхо і інш. У пабудовах 1950—60-х г. дамінуюць формы сярэдневяковай архітэктуры (Пхеньянскі Вял.т-р, 1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.). З 1960-х г. пашыраюцца новыя буд. канструкцыі і матэрыялы, узводзяцца будынкі з рацыянальнай планіроўкай, лаканічныя па форме (Дзярж.ун-т імя Кім Ір Сена ў Пхеньяне, 2-я чарга, 1970-я г.). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах з захаваннем нац. асаблівасцей добраўпарадкавання (напр., ацяпляльная сістэма пад падлогай). Сярод пабудоў 1980-х г. гасцініца на гары Мёхян, будынкі Міжнар. дома культуры і комплексу культ.-быт. абслугоўвання ў Пхеньяне. У вайну 1950—53 ствараліся маст. лістоўкі, плакаты. У тэхніцы нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі («часанхва») у спалучэнні традыц. сюжэтаў з актуальнай тэматыкай працуюць мастакі Чха Дэдо (майстар адлюстравання кветак слівы мэ), Лі Сакхо (жанр «кветкі-птушкі»). У алейным жывапісе працавалі Кім Джанам, Пак Мёнхун, Пхё Седжон, Мун Хаксу. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат; мастакі Кім Ганджун, Пэ Унсон, Пак Сынхі), станковая і манум. скульптура (Мун Сако, Хан Ёнсік, Чо Гюбон), якія сінтэзуюць традыцыі еўрап. і ўсх. мастацтва. Стараж. традыцыі захоўваюцца ў дэкар. -прыкладным мастацтве: вытв-сць керамікі і фарфору, разьба па косці і дрэве, пляценне з валокнаў бамбуку і травы, ткацтва, вышыўка, выраб лакавых рэчаў. Створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. з Саюзам дзеячаў выяўл. мастацтва (засн. ў 1946), у 1953 засн. Саюз кар. мастакоў, у 1954 — Саюз кар. архітэктараў.
Музыка. Пасля 1945 у паўн.ч. краіны ствараюцца навуч. ўстановы еўрап. тыпу, развіваюцца музыказнаўства і муз. фалькларыстыка, фарміруецца нац. кампазітарская школа. Сярод кампазітараў: Лі Мёнсан, Сін Дасон, Мун Гёнок, Кім Ёнгю, Чо Гільсок, музыказнаўцы Пак Тансіль, Кім Гігон, Юн Дансу. Сярод выканаўцаў спевакі Кім Вану, Сін Юнгун, Кім Дынгук (у зах. стылі), Ан Хеён, Кім Дэнхва, Пак Бансек (традыц. стыль), інструменталісты Ан Гіёк, Чха Хакчхоль (чатэ), Ю Дзябок (хэгым), Гі Мансу (камунга), Пэк Насан (скрыпка), Пэк Унбок (фп.). Працуюць: Кар. філармонія (1955), Маст.т-р у Пхеньяне (1948), Вял.сімф. аркестр і хор, Нар.маст.т-р (1952), шматлікія муз.-драм. трупы, ансамблі песні і танца Кар.нар. арміі, песні і танца «Мансудэ» (1969), нац. інструментаў у Пхеньяне. Штогод праводзіцца Міжнар. веснавы муз. фестываль (Пхеньян). У 1953 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр. У 1947—49 у Пхеньяне адкрыты Дзярж.т-р (пазней Дзярж.драм.т-р «Чхаліма»), Дзярж.нар.маст.т-р (цяпер Пхеньянскі гар.т-р), пачалі працаваць трупы пры мін-вах транспарту і ўнутр. спраў, Кар.нар. арміі. У вайну 1950—53 дзейнічалі франтавыя трупы, якія ўяўлялі сабой невял. перасоўныя т-ры. У 1950—60-я г. створаны новыя трупы, у Пхеньяне пабудаваны т-р «Маранбон», адкрыты Вял.т-р (1960), т-ры кінаакцёра, лялечны і дзіцячы. У рэпертуары т-раў КНДР гіст. спектаклі, п’есы, прысвечаныя нац.-вызв. руху ў гады яп. акупацыі, творы сучаснай тэматыкі, а таксама рус. і сав. драматургія. Сярод рэжысёраў Хан Пэкнам, Ан Ёніль, Лі Енім, Кім Ін, Пён Гёнхван, сярод акцёраў Лі Дан, Хан Чжынсоп, Лі Чжэдок, Тхэ Ільмін, Ко Хванчхоль. З 1959 працуе Пхеньянскі ін-т тэатра і кіно.
Кіно. У 1946 створаны першыя дакумент. фільмы. У 1947 арганізавана кінастудыя Паўн. Карэі (з 1948 дзярж.), на базе якой створаны кінастудыі маст. і дакумент. фільмаў. Першы маст. фільм зняты ў 1949 («Мая Радзіма», рэж. Кан Хансік). У вайну 1950—53 выходзілі фільмы пра барацьбу супраць амер. агрэсіі («Юныя партызаны», рэж. Юн Ёнгю; «Зноў на фронт», рэж. Чхон Данмін). Пасля вайны пашырыўся іх жанравы і тэматычны дыяпазон, зняты першыя каляровыя фільмы: «Сказанне пра крэпасць Садо» (1956, рэж. Чон Джунчхэ), кар.-сав. фільм «Браты» (1957, рэж. І.Лукінскі і Чхон Санін). Здымаліся фільмы на ваен. і гіст.-рэв. тэматыку, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці: «Дрэвы каля дэмаркацыйнай лініі» (1961, рэж. Пак Хак), «Чырвоная кветка» (1963, Чхон Санін), «Пяць братоў-партызан» (1969, рэж.Ом Гільсон). Шырока выкарыстоўваўся жанр паліт. дэтэктыва (20-серыйны фільм «Невядомыя героі», 1970—80, рэж. Ю Хасон, Чхве Намсон). Экранізаваны стараж.кар. эпас «Сказанне пра Чхунхян» (Ю Ванджун, Юн Ёнгю), гіст. раман Хон Мёнхі «Сказанне пра Ім Какчона» (аднайменны 5-серыйны фільм, 1989). Сярод інш. фільмаў 1980-х г.: «Тальме і Памдары» (Ван Рангпон), «Лес шуміць» (Цян Енбок), «Соль», сав.-кар. «Секунда на подзвіг» (1985, Э.Уразбаеў, Ом Гільсон), «Кветка званочак» і інш. У КНДР 6 кінастудый: маст., дакумент. фільмаў, Дзярж. імя 8 лютага (з 1959), Кар.нар. арміі, навук.-папулярных фільмаў. У 1961 створаны Саюз кар. кінематаграфістаў.
Герб і сцяг Карэі (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка).Да арт.Карэя Паўночная. Горны ландшафт на поўначы краіны.Да арт.Карэя Паўночная. Упрыгожанне з палявых кветак. Традыцыйны жывапіс.Да арт.Карэя Паўночная. Дзікія гусі месяцовай ноччу. Вышыўка.Да арт.Карэя Паўночная. Пасудзіна для мёду. Пемза.Да арт.Карэя Паўночная. Сольны танец з барабанам.Да арт.Карэя Паўночная. На берагах р. Патхон.Да арт.Карэя Паўночная. Міжнародны дом культуры ў Пхеньяне. 1988.Да арт.Карэя Паўночная. Гасцініца на гары Мёхян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НГРЫЯ (Magyarország),
Венгерская Рэспубліка (Maguar Köztársaság), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, Славеніяй, Харватыяй, на Пд і ПдУ з Югаславіяй і Румыніяй, на У з Украінай, на Пн з Славакіяй. Падзяляецца на 38 медзьё (раёнаў) і сталічную акругу. Пл. 93 тыс.км², нас. 10 324 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Будапешт. Дзярж. мова — венгерская. Нац. свята — гадавіна Венг. паўстання 1956 (23 кастр.).
Дзяржаўны лад. Венгрыя — парламенцкая рэспубліка. На чале дзяржавы прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея, якая складаецца з 386 чл., выбраных тэрмінам на 4 гады. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Венгрыя — пераважна раўнінная краіна, займае б.ч. Сярэднедунайскай (Венгерскай) раўніны. Вылучаюцца яе асобныя часткі: на У ад Дуная плоская нізіна Альфёльд, на З узгорыстая раўніна Дунантуль з асобнымі невысокімі кражамі (масівы Бакань, Вертэш, Мечэк і інш.). На ПнЗ нізіна Кішальфёльд, абмежаваная на З адгор’ямі Альпаў (выш. да 500—800 м). На Пн адгор’і Карпат з карставай пячорай Агтэлек і ланцуг сярэдневышынных вулканічных масіваў, у т. л. Матра з найвышэйшым пунктам краіны — г. Кекеш (1015 м). Карысныя выкапні: значныя запасы баксітаў, ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, прыроднага газу і нафты, жал. руды, марганцу, мінер. водаў. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і ўмерана кароткай зімой. Сярэдняя т-раліп. 20—22 °C, студз. ад -2 да -4 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 900 мм на ПдЗ да 450 мм у цэнтры і на У. Бываюць засухі, асабліва на У краіны. Рэкі належаць да бас. Дуная, даўж. яго ў межах Венгрыі 410 км. Гал. прытокі — Ціса, Раба і Драва. Найб. возера — Балатан. Натуральная лясная, лесастэпавая і стэпавая расліннасць моцна зменена чалавекам. Каля 75% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і занята нас. пунктамі, прамысл. прадпрыемствамі, шляхамі зносін; пад лесам 18,3%.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць венгры, жывуць таксама цыганы (4%), немцы (2,6%), сербы (2%), славакі, румыны і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (67,5%), ёсць кальвіністы (20%), лютэране (5%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 111 чал. на 1 км², крыху больш на Пн, менш на Пд. У гарадах жыве 64% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Будапешт — 1996, Дэбрэцэн — 218, Мішкальц — 190, Сегед — 179, Печ — 172, Дзьёр — 131, Ньірэдзьхаза — 116, Секешфехервар — 110, Кечкемет — 106.
Гісторыя. Тэр. сучаснай Венгрыі заселена чалавекам у палеаліце. У старажытнасці тут жылі скіфы, ілірыйцы, кельты, якія ў канцы 1 ст. да н.э. — пач. 2 ст.н.э. трапілі пад уладу рымлян (была ўтворана прав.Панонія). У 1-й пал. 1-га тыс. ў Венгрыі з’явіліся стараж. германцы, гуны, авары, готы, з 6 ст. і славяне; яе тэр. ў 7 ст. ўваходзіла ў склад дзяржавы Сама, пазней — у Вялікамараўскую дзяржаву і Блатэнскае княства. У 896 тут з’явіліся венгры (іх прарадзіма — Прыуралле). Адсюль яны рабілі набегі на землі суседніх народаў. Пасля разгрому каля Аўгсбурга (955) набегі венграў спыніліся і яны перайшлі да земляробства. У час праўлення князя Геза (970—997) і яго сына Іштвана I Святога (997—1038; з 1000 кароль) арганізацыйна аформілася венг. дзяржава. У сярэдзіне 13 — пач. 14 ст. яна была раздробленая, яе развіццё затрымалі манг. нашэсце 1240—41 і працяглыя міжусобіцы. Пазней абарону краіны ад тур. заваявання арганізаваў трансільванскі ваявода Я.Хуньядзі (правіцель Венгрыі ў 1446—52). Яго сын Мацьяш Хуньядзі (кароль з 1458) цэнтралізаваў дзяржаву, аднак пасля яго смерці міжусобіцы аднавіліся. Пасля задушэння Дожы Дзьёрдзя паўстання 1514 былі канчаткова запрыгонены венг. сяляне. Пасля паражэння венграў ад туркаў у Мохацкай бітве 1526 пачаўся распад Венг. каралеўства. Да 1541 паўн. і зах. землі Венгрыі захапілі Габсбургі, паўд. і цэнтральныя — туркі-асманы, на У краіны ўтварылася залежнае ад Асманскай імперыі Трансільванскае княства (у 1571—76 правіў князь Стафан Баторый). У 1686 аўстр. і венг. войскі вызвалілі Венгрыю ад туркаў, аднак уся тэр. краіны ў 1699 трапіла пад уладу Габсбургаў. Іх каланізатарская палітыка выклікала выступленні венграў (у т. л.Ракацы Ферэнца II рух 1703—11), якія былі задушаны. У 1820—30-я г. актывізавалася венг. дваранская апазіцыя. З яе ў 1840-я г. вылучылася левае крыло на чале з Л.Кошутам, узнікла арг-цыя «Маладая Венгрыя» (кіраўнік паэт Ш.Пецёфі). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі скасавана прыгонніцтва, створаны К-т абароны радзімы на чале з Кошутам і рэв.нар. армія (пазней нанесла шэраг паражэнняў аўстр. войскам). У крас. 1849 парламент у г. Дэбрэцэн абвясціў поўную незалежнасць краіны ад Аўстрыі, вярх. правіцелем дзяржавы выбраны Кошут. Пасля заключэння Габсбургамі саюза з Расіяй супраць венг. паўстанцаў аўстр. і рас. войскі сумеснымі намаганнямі прымусілі венграў капітуляваць (жн. 1849). Аўстр. тэрор не спыніў венг.вызв. рух, і Габсбургі пайшлі на кампраміс з венграмі: у 1867 створана дуалістычная дзяржава Аўстра-Венгрыя, у якой аўстр. імператар стаў адначасова венг. каралём. Венгрыя атрымала свой парламент і ўрад, аднак яе залежнасць ад Аўстрыі захавалася (Вена мела вырашальны голас пры прыняцці агульнадзярж. рашэнняў). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. паскорылася эканам. развіццё Венгрыі, заснаваны шэраг паліт. партый, у т. л. С.-д партыя Венгрыі (СДПВ; 1890). У 1-й сусв. вайне Аўстра-Венгрыя была ў саюзе з Германіяй. У канцы вайны кіраўнік апазіцыйнай «партыі незалежнасці» граф М.Карайі выступіў за разрыў з Германіяй, за заключэнне сепаратнага міру з краінамі Антанты, дэмакратызацыю і незалежнасць Венгрыі ў яе «гістарычных межах». Па яго ініцыятыве створаны Нац. савет, у які ўвайшлі і сацыял-дэмакраты. Абнародаваны ім 26.10.1918 маніфест прадугледжваў абвяшчэнне раўнапраўя нацый у рамках цэласнай і непадзельнай Венгрыі, увядзенне агульнадэмакр. свабод і інш. Аднак венг. кароль Карл IV Габсбург (ён жа імператар Аўстрыі Карл I) адмаўляўся ад правядзення рэформ. У ноч на 31.10.1918 адначасова з Аўстрыяй у Венгрыі распачата рэвалюцыя, у ходзе якой створаны саветы. Карайі з удзелам сацыял-дэмакратаў сфарміраваў урад, праграма якога паўтарала Маніфест 26 кастрычніка. 13.11.1918 падпісана перамір’е з Антантай. 16.11.1918 Нац. савет абвясціў Венгрыю рэспублікай. У пач. 1919 ва ўмовах блакады Вегрыі краінамі-пераможцамі, эканам. заняпаду, палярызацыі класаў і слаёў венг. грамадства ўрад пайшоў у адстаўку. Лідэры СДПВ, якім было прапанавана сфарміраваць новы ўрад, пайшлі на саюз з Камуніст. партыяй Венгрыі (КПВ): 24.3.1919 створана аб’яднаная Сацыяліст. партыя Венгрыі (СПВ) і абвешчана Венг.Сав. Рэспубліка. Яе ўрад — рэв. ўрадавы савет — узначаліў правы сацыял-дэмакрат Ш.Гарбай, наркомам замежных спраў стаў камуніст Б.Кун. Рэв. ўрад стварыў Чырв. Армію, праводзіў нацыяналізацыю прадпрыемстваў і інш. 1.8.1919 пад націскам франц., чэшскіх і рум. войск слабая Венг.Сав. Рэспубліка пала. Значную частку Венгрыю акупіравалі рум. войскі. Пазней у Будапешт уступіў афіцэрскі корпус на чале з контр-адміралам М.Хорці, які быў прызначаны галоўнакамандуючым, а ў 1920 абвешчаны рэгентам (у 1921 б. кароль выгнаны з краіны). Трыянонскі мірны дагавор 1920, прадыктаваны краіне дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-й сусв. вайне, меў вынікам страту 2/3тэр. Венгрыі, скарачэнне яе насельніцтва і выклікаў незадаволенасць венг. грамадства. Імкненне дамагчыся яго перагляду прывяло аўтарытарны рэжым Хорці да пошуку саюзу з гітлераўскай Германіяй. Вынікам гэтага збліжэння сталі Венскія арбітражы 1938 і 1940, паводле якіх Венгрыя атрымала тэр. прырашчэнні. У 1939 Венгрыя выйшла з Лігі нацый. У крас. 1941 венг. войскі разам з ням. фашыстамі ўдзельнічалі ў нападзе на Югаславію (гл.Балканская кампанія 1941). 27.6.1941 Венгрыя ўступіла ў вайну супраць СССР. У студз. 1943 на Доне ў ходзе сав. контрнаступлення амаль поўнасцю знішчана 2-я венг. армія. У 1944 Хорці намагаўся заключыць перамір’е з СССР і шукаў кантакты з Вялікабрытаніяй і ЗША. 19.3.1944 Венгрыю акупіравалі ням.-фаш. войскі, якія пазней скінулі Хорці і прывялі да ўлады мясц. фашыстаў (гл.Нілашысты) на чале з Ф.Салашы. На вызваленай сав. войскамі тэр. Венгрыі 2.12.1944 у г. Сегед створаны антыфаш. Венг.нац. фронт незалежнасці, у які ўвайшлі камуністы, сацыял-дэмакраты, нац.-сял. партыя, партыя дробных сельскіх гаспадароў, бурж.-дэмакр. партыя і свабодныя прафсаюзы. Дэлегаты гэтых партый сталі дэпутатамі Часовага нац. сходу (пасяджэнні адкрыліся 21 снеж. ў г. Дэбрэцэн). Сфарміраваны ім Часовы ўрад Венгрыі абвясціў вайну Германіі, заключыў у Маскве перамір’е з СССР і яго саюзнікамі, распусціў і забараніў паліт. і ваен. арг-цыі фашыстаў. Найб. важнае мерапрыемства ўрада — зямельная рэформа (канфіскаваны землі кіраўнікоў фаш. арг-цый і ваенных злачынцаў, нацыяналізаваны буйныя маёнткі, створаны зямельны фонд, б.ч. якога размеркавана сярод 640 тыс. беззямельных і малазямельных сялян). Тэр. Венгрыі канчаткова вызвалена часцямі Чырв. Арміі да 4.4.1945 (у ходзе вызвалення загінула 140 тыс.сав. воінаў). 1.2.1946 Венгрыя абвешчана рэспублікай. Паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 адноўлены граніцы Венгрыі па стану на 1.1.1938. З 1947 на тэр. Венгрыі размяшчаліся сав. войскі (выведзены ў 1991).
Пасля перамогі на выбарах 1947 у Дзярж. сход (парламент) левых сіл і аб’яднання ў чэрв. 1948 камуністаў і сацыял-дэмакратаў у адзіную Венг. партыю працоўных (ВПП) у краіне праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Яна атрымала назву Венг.Нар. Рэспубліка (1949). Пасля выцяснення астатніх партый (іх дзейнасць спынілася пасля выбараў 1949) пачаліся рэпрэсіі і ў самой ВПП. Летам 1953 пасля перагавораў з сав. кіраўніцтвам ЦК ВПП адмежаваўся ад палітыкі кіраўніцтва на чале з М.Ракашы. Па прамым указанні сав. кіраўніцтва венг. ўрад узначаліў І.Надзь, які абвясціў «новы курс»: адмова ад фарсіраванай індустрыялізацыі і прымусовай калектывізацыі, арыентацыя на ўздым жыццёвага ўзроўню працоўных, большы ўлік нац. асаблівасцей і інш. Аднак Ракашы, які застаўся 1-м сакратаром ЦК ВПП, абмежаваўся паўмерамі і дамогся зняцця Надзя з пасады прэм’ер-міністра і выключэння яго з партыі (1955). Пахаванне 6.10.1956 у Будапешце Л.Райка і іншых камуністаў — ахвяр рэпрэсій з боку ракашыстаў — скалыхнула грамадскасць. 23.10.1956 мірная 20-тысячная студэнцкая дэманстрацыя ў венг. сталіцы пад лозунгамі паляпшэння сацыялізму, раўнапраўных дружалюбных адносін з СССР, салідарнасці з польскім абнаўленнем, вяртання ва ўрад Надзя і інш. перарасла ў беспарадкі (штурм і захоп будынка Венг. радыё). Увод ноччу 24 кастр. па просьбе венг. ўрада А.Хегедзюша сав. механізаваных часцей у Будапешт надаў падзеям нац.-вызв. характар. Узбр. паўстанцы (15—20 тыс.) стварылі ў горадзе сетку вузлоў супраціўлення, вялі баі з сав. падраздзяленнямі. Адзін з найб. трагічных момантаў — расстрэл паўстанцамі супрацоўнікаў дзярж. бяспекі, якія абаранялі будынак Будапешцкага гаркома партыі. 29—30.10.1956 сав. войскі (больш за 3 дывізіі) выведзены з Будапешта. 1 ліст. ўрад Надзя (вярнуўся ва ўрад 24 кастр.) заявіў аб выхадзе Венгрыі з Варшаўскага дагавора 1955, абвясціў краіну «нейтральнай» і звярнуўся ў ААН з просьбай аб абароне. Антыкамуніст. і антысав. акцыі адбываліся і ў правінцыі. 3.11.1956 пасля перагавораў аб вывадзе войск СССР з тэр. Венгрыі паміж сав. і венг.ваен. дэлегацыямі апошняя арыштавана супрацоўнікамі сав.КДБ (перагаворы адбываліся каля Будапешта ў размяшчэнні сав.вайск. часцей). Ноччу 4 ліст. група венг.паліт. кіраўнікоў на чале з Я.Кадарам арганізавала ў г. Сольнак рэв. рабоча-сял. ўрад, які звярнуўся за падтрымкай да СССР. У Будапешт былі ўведзены сав. войскі, якія да 10 ліст. ў асноўным ліквідавалі паўстанне. Новае кіраўніцтва стварыла Венгерскую сацыялістычную рабочую партыю (ВСРП) і садзейнічала кансалідацыі грамадства, у т. л.эканам. захадамі (напр., пры калектывізацыі вёскі ў 1958—61 улічваўся прынцып добраахвотнасці, захоўвалася ўласнасць сялян на зямлю). У сярэдзіне 1960-х г. пачата эканам. рэформа з элементамі рыначных адносін. Аднак яе паступовае згортванне ў 1970-я г., памяншэнне знешняга гандлю, рост знешняга доўгу пры імкненні захаваць дасягнуты ўзровень жыцця насельніцтва пагоршылі сац.-эканам. становішча. У 2-й пал. 1980-х г. паскорыліся дэмакр. пераўтварэнні. Пасля Усевенг. канферэнцыі ВСРП (май 1988) новае парт. кіраўніцтва на чале з К.Гросам узяло курс на стварэнне рыначнай сістэмы дэмакр. сацыялізму і прававой дзяржавы. Паводле заканад. актаў 1989 устаноўлены Дзень рэспублікі (23 кастр.), прынята сучасная назва дзяржавы, уведзены канстытуцыйны суд і пасада прэзідэнта, зафіксаваны паліт. плюралізм, раўнапраўе грамадскай і прыватнай уласнасці і інш. У канцы 1989 на базе ВСРП утварыліся Венг.сацыяліст. партыя (ВСП) і абноўленая ВСРП. У сак.—крас. 1990 адбыліся свабодныя шматпарт. выбары, на якіх перамог Венг.дэмакр. форум (ВДФ). Урад на чале з І.Анталам праводзіў радыкальны рыначны курс, які суправаджаўся спадам вытв-сці і сац. цяжкасцямі. На выбарах у маі 1994 перамагла ВСП, якая выступала за паступовасць рэформ пры захаванні сац. гарантый. Урад Дз.Хорна прадоўжыў рыначныя пераўтварэнні, аддаючы значную ўвагу сац. абароне насельніцтва (зніжэнне беспрацоўя, спыненне інфляцыі і інш.), і скарэкціраваў знешнепаліт. курс. Да сярэдзіны 1990-х г. спынены спад вытв-сці, зменшыўся знешні доўг, павялічыліся памеры знешняга гандлю і даходы насельніцтва. Венгрыя — чл.ААН(з 1995) (з 1955), Савета Еўропы (з 1990), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, «Вішаградскай групы». Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Венг.сацыяліст. партыя, Венг.дэмакр. форум, Венг.сацыяліст. рабочая партыя, Незалежная партыя дробных гаспадароў, Саюз маладых дэмакратаў, Саюз свабодных дэмакратаў, Хрысц.-дэмакр.нар. партыя; Канферэнцыя венг. прафсаюзаў, Незалежныя прафсаюзы, Венг. савет саюзаў моладзі і інш.
Гаспадарка. Венгрыя — развітая індустр.-агр. краіна. Доля прамысловасці ў нац. даходзе — 47%, сельскай гаспадаркі — 18%. З 5,4 млн.чал. працаздольнага насельніцтва (1993) у прам-сці занята 29,7%, буд-ве 7, сельскай гаспадарцы 16,1, абслуговых галінах 44,8%. На сусв. рынку Венгрыя вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання (пераважна аўтобусаў, дэталей і вузлоў да іх, партальных і плывучых кранаў, сродкаў сувязі, мед. апаратуры), хім. прам-сці (у т. л. фармацэўтычных прэпаратаў, сродкаў аховы раслін), с.-г. і харч. Прадуктаў. У паліўна-энергет. рэсурсах пераважае буры вугаль і лігніты (штогадовая здабыча каля 25 млн.т; у раёне гарадоў Татабанья, Дораг, Шальгатар’ян, Дзьёндзьёш, Озд, Мішкальц), каменны вугаль (каля 2—3 млн.т штогод) здабываюць у гарах Мечэк каля г. Печ. Здабываюць таксама (млн.т, 1991) нафту (1,9), баксіты (2,4), прыродны газ (каля 7 млрд.м³), марганец, поліметалы, буд. матэрыялы. Большая ч. нафты і газу імпартуецца пераважна з Расіі. Вытв-сць электраэнергіі 29,7 млрд. КВт∙гадз (1991) пераважна на ЦЭС. АЭС у г. Пакш. У апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая і харч.прам-сць, каляровая металургія. Чорная металургія (выплаўка сталі ў 1991 — 1,9 млн.т) працуе ў асн. на імпартнай сыравіне; яе цэнтры — Будапешт, Мішкальц, Озд, Дунаўйвараш, Шальгатар’ян. У каляровай металургіі гал. ролю адыгрывае вытв-сць гліназёму і алюмінію (Альмашфюзіцё, Айка, Варпалата, Секешфехервар). У машынабудаванні вылучаюцца неметалаёмкія галіны: электратэхніка, электронная прам-сць, прыладабудаванне, а таксама выпуск разнастайных рухавікоў, дызельных паяздоў, цеплавозаў, грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Буйнейшы ў Еўропе вытворца аўтобусаў — з-д «Ікарус» у Будапешце і філіял у Секешфехервары. Развіта станкабудаванне, вытв-сць шарыкападшыпнікаў, абсталявання для лёгкай і харч. прам-сці, сродкаў сувязі, вымяральных прылад, выліч. тэхнікі, мед. абсталявання і прылад, с.-г. машын. Асн. цэнтры машынабудавання — Будапешт (больш за 50% прадукцыі галіны), Секешфехервар, Мішкальц, Эстэргам, Дзьёр, Дэбрэцэн. Выпушчана (1991): 4,7 тыс. аўтобусаў, 308 тыс. тэлевізараў, 435 тыс. халадзільнікаў. У хім. прам-сці (каля 15% валавой прамысл. прадукцыі) важнае месца займае вытв-сцьмінер. угнаенняў, сродкаў аховы раслін, прадуктаў арган. сінтэзу, фармацэўтычных прэпаратаў (прадпрыемствы «Хінаін» і «Гедэон Рыхтэр»), гумавых вырабаў, лакаў і фарб. Вытв-сць азотных угнаенняў (Казінцбарцыка), фосфарных (Сольнак). З-ды па вытв-сці сернай (Будапешт і Сольнак) і азотнай (Печ) кіслот. Развіта нафтаперапр.прам-сць (з-ды ў Будапешце, Альмашфюзіцё, Печы, Сазхаламбаце); прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла і інш.). У харч. прам-сці найб. развіты вінаробства, вытв-сць кансерваў з агародніны і мяса, вэнджаных каўбас, цукр., мукамольная, малочная, масларобчая і алейная, тытунёвая, маргарынавая і інш. галіны. З галін лёгкай прам-сці найб. развітыя тэкст. (пераважна баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, трыкатажная. Гал. цэнтр лёгкай прам-сці — Будапешт (каля 60% прадукцыі галіны). Атрымана (млн.т, 1991): мінер. угнаенняў 0,3, штучных смол і пластмас 0,6, цэменту 3; тканін 272 млн.м², абутку 19,8 млн. пар, цукру 490 тыс.т.
У структуры сельскай гаспадаркі доля раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна аднолькавая. Збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля 2/3 ворнай зямлі, тэхнічныя — 13%, агародніна — 3, кармавыя — 19%. Каля 150 тыс.гас.-г. зямель арашаецца. Пасевы пшаніцы і кукурузы пашыраны раўнамерна. Цукр. буракі найб. вырошчваюць на ПнЗ і ПдУ. У міжрэччы Цісы і Дуная, на паўд. схілах горных масіваў развіты садоўніцтва і вінаградарства. Збор (млн.т, 1991): збожжавых 12,6, бульбы 1,2, цукр. буракоў 4,7, садавіны 1,5. Пашыраны таксама бахчаводства, агародніцтва, вырошчванне сланечніку, рысу, тытуню, канапель. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля свіней і птушкі. Пагалоўе (млн. галоў, 1991): буйн. раг. жывёлы 2, свіней 8, авечак 2,5, птушкі 58,6. Рыбалоўства на рэках і воз. Балатан.
Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 130,2 тыс.км, у т. л. 29,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Даўж. чыгунак 7765 км. Рачны транспарт абслугоўвае пераважна знешнеэканам. сувязі. Даўж. водных шляхоў (р. Дунай, яго прытокі, шэраг каналаў) 1622 км. Нафтаправодаў 1204 км, газаправодаў 4387 км. 92 аэрапорты і аэрадромы. Гал. транспартны вузел — Будапешт. Экспарт (10,9 млрд.дол. ЗША, 1992): сыравіна, паўфабрыкаты, хімікаты, машыны, тавары лёгкай і харч. прам-сці і інш. Імпарт (11,7 млрд.дол. ЗША, 1992): паліва і энергарэсурсы, сыравіна, хімікаты, машыны і інш. Большая ч. знешнегандл. абароту прыпадае на краіны Зах. і Усх. Еўропы. Беларусь экспартуе ў Венгрыю трактары, калійныя ўгнаенні, некаторыя хімікаты, драўнінна-валакністыя пліты і фанеру, шыны і інш., набывае ў Венгрыі медыкаменты, гербіцыды, тканіны, збожжа, віно, алей і інш. Венгрыю штогод наведвае каля 20—22 млн. замежных турыстаў. Грашовая адзінка — форынт.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС, налічваюць 77 тыс.чал.; ёсць эксперым. брыгада войск тэр. абароны (створана ў 1992). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На 1.1.1995 у сухап. войсках 56,5 тыс.чал. (80% агульнай колькасці ўзбр. сіл); арганізацыйна ўключаюць камандаванне, 4 ваен. акругі, 17 брыгад (3 танк., 9 механізаваных, 3 артыл., процітанк. артыл. і зенітная артыл.), войскі падтрымкі (полк баявых верталётаў і трансп.авіяц. брыгада), падраздзяленні баявога і тылавога забеспячэння, часці і ўстановы цэнтр. падпарадкавання. Маюць на ўзбраенні 1190 танкаў, 500 баявых машын пяхоты, каля 1200 бронетранспарцёраў, 991 гармату палявой і 160 гармат зенітнай артылерыі, 218 мінамётаў, 39 баявых верталётаў і інш. У ВПС 22 тыс.чал. (1993), 10 баявых эскадрылляў, 171 баявы і вучэбна-баявы самалёт.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 67, у жанчын 76 гадоў. Смяротнасць 13 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 100 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 262 чалавекі. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 13 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венгрыі паводле закону 1985 уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, асн. 8-гадовую школу (абавязковае навучанне дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў), агульнаадук. гімназіі (4 гады навучання), 3—4-гадовыя сярэднія прафшколы, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю ў Венгрыі дае 8-гадовая школа і на яе аснове гімназія або сярэдняя прафшкола. У 1988/89 навуч.г. ў Венгрыі працавала больш за 3,5 тыс. 8-гадовых школ (1,3 млн. вучняў). Агульную сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (праграма арыентавана на гуманіт. падрыхтоўку і наступны працяг адукацыі ва ун-це), а таксама сярэднія прафшколы і сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы. У 1989/90 навуч.г. налічвалася больш за 250 гімназій. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты універсітэцкага тыпу, галіновыя ін-ты і вышэйшыя вучылішчы. Буйнейшыя ВНУ: Будапешцкі універсітэт (з 1635), мед.ін-т універсітэцкага тыпу (з 1769), эканам.ін-т (з 1948), тэхн.ун-т (з 1782); ун-т у Сегедзе (з 1872). Буйнейшыя б-кі: Дзярж.б-ка, Будапешцкага ун-та, Венг.АН, гар.б-ка Будапешта. Музеі: Нац. музей гісторыі і прыродазнаўчых навук (з 1802), Нац. музей выяўл. мастацтваў (з 1896), Музей прыкладнога мастацтва (з 1872), Нац. галерэя (усе ў Будапешце) і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Венг.АН (з 1825), ун-тах і ін-тах, галіновых НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты «Magyar Hirlap» («Венгерская газета», з 1968), «Nèpszabadsád» («Народная свабода», з 1942). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1958. Праграмы радыё і тэлебачання трансліруюцца па сетках наземнага, кабельнага і спадарожнікавага вяшчання. Больш за 55% тэлевіз. абанентаў прымаюць праграмы са спадарожнікаў з дапамогай індывідуальных (25%) і калектыўных (30% у сетках кабельнага тэлебачання) прыёмных установак. Са спадарожніка ЕЎТЭЛСАТ 11—Ф3 па сістэме ПАЛ перадаецца праграма тэлебачання Дзіна ТВ на венг. мове адначасова з праграмай Тэлетэкст. З больш як 40 інш. спадарожнікаў магчымы прыём праграм інш. краін. Дзейнічае Венгерскае тэлеграфнае агенцтва (МТІ).
Літаратура. Першыя пісьмовыя помнікі (жыціі, пропаведзі, тлумачэнні Бібліі, літургічныя гімны) створаны на лац. мове ў 11—12 ст. Галоўнымі творамі сярэдневяковай л-ры былі хронікі. У 13—14 ст. развівалася рэліг.л-ра на венг. мове, што было звязана з дзейнасцю жабрацкіх манаскіх ордэнаў і гусіцкім рухам; у 1430-я г. гусіцкія прапаведнікі Тамаш і Балінт пераклалі на венг. мову Біблію. З сярэдзіны 15 ст. пашыраліся ідэі Адраджэння; пачынальнікамі гуманістычнай л-ры, свабоднай ад тэалагічных догмаў і насычанай зямнымі перажываннямі, былі Я.Вітэз (эпісталярныя і аратарскія творы) і Я.Паноніус (лац. вершы). Фарміраванне ўласна венг. л-ры на венг. мове пачалося з канца 15 ст., асабліва ў эпоху Рэфармацыі (байкі і памфлеты Г.Хельтаі, паэзія вандроўнага песняра Ш.Тынадзі, пропаведзі П.Борнемісы). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая проза ў выглядзе т.зв. забаўляльных гісторый — апрацовак стараж.-венг. паданняў, часткова ант., італьян. і паўд.-слав. сюжэтаў («Гісторыя аб Аргірушу»), Буйнейшым паэтам венг. Адраджэння быў Б.Балаж. У 17 ст. ў венг. л-ры ўсталяваўся стыль барока, які адлюстроўваў контррэфармацыйна-феад. і вызв., антытур. і антыгабсбургскія памкненні. Пачынальнікам барока і духоўным правадыром контррэфармацыі быў езуіт і багаслоў-палеміст П.Пазмань, найб. вядомымі пісьменнікамі — М.Зрыньі і І.Дзьёндзьёшы. Познагуманіст. традыцыі (у спалучэнні з цікавасцю да пурытанізму і рацыяналістычнай філасофіі Дэкарта) працягвалі існаваць толькі ў Трансільваніі (Я.Апацаі-Чэрэ). Вызваленчыя антыгабсбургскія паўстанні канца 17 — пач. 18 ст. спрыялі росквіту вуснай паэзіі паўстанцаў. Была пашыранай і мемуарнаял-ра. Л-ры эпохі Асветніцтва (апошняя чвэрць 18 — пач. 19 ст.) былі ўласцівыя асветніцкая форма класіцызму, шырокае выкарыстанне нац.-гіст. і дэмакр. тэматыкі, барацьба за т.зв. аднаўленне венг. мовы (творы і пераклады Дз.Бешэньеі, вершы Я.Бачаньі). Пасля задушэння ў 1795 рэсп. змовы правадніком ідэй Асветніцтва стаў літ.-грамадскі рух «абнаўляльнікаў мовы», які ўзначаліў Ф.Казінцы. У паэзіі М.Фазекаша, драмах І.Катаны выразней загучалі вольналюбівыя матывы, з’явіліся прыкметы рэалізму. Росквіт рамантызму (драмы К.Кішфалудзі, паэзія М.Вёрэшмарці і Я.Араня) у венг. л-ры суправаджаўся развіццём рэалізму (проза І.Этвеша, М.Іошыка). У паэзіі трыбуна рэвалюцыі 1848—49 Ш.Пецёфі рамант. і рэаліст. элементы дасягнулі вяршыні, былі закладзены асновы сучаснай венг.літ. мовы. Л-ра 2-й пал. 19 ст. жывілася ў асноўным праблематыкай новай бурж. эпохі (паэты І.Мадач, Я.Вайда, Арань; празаікі М.Іокаі, К.Міксат). Развіццё і аднаўленне венг. л-ры на пач. 20 ст. звязана з творчасцю паэтаў Э.Адзі, М.Бабіча і Д.Косталаньі. Пасля паражэння рэвалюцыі 1919 частка венг. пісьменнікаў апынулася ў эміграцыі (А.Габар, Балаж, Б.Ілеш, А.Гідаш, М.Залка). У 1920—30-я г. выступалі т.зв. пісьменнікі-народнікі: П.Верэш, П.Саба, Л.Немет, Дз.Іеш, І.Дарваш і інш. Да авангардызму імкнуліся Л.Касак, Т.Дэры. Пасля 2-й сусв. вайны І.Добазі, Л.Надзь, М.Саба, Ш.Веэрэш і інш. развівалі традыцыі крытычнага рэалізму. Да літ. авангарду 1970-х г. належаць П.Эстэрхазі і Д.Тандары; прадстаўнікі сюррэалізму 1980-х г. — Л.Надзь, Ш.Чоары, Дз.Петры і Л.Краснахоркаі. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб-кі «Венгерскія апавяданні» (1957), «Сучасная венгерская паэзія» (1977), творы Пецёфі, Гідаша, Дарваша, Залкі і інш. На венг. мову перакладаліся асобныя творы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Адамовіча, В.Быкава, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, П.Глебкі, К.Крапівы, А.Кулакоўскага, А.Куляшова, А.Макаёнка, П.Панчанкі, П.Прыходзькі, М.Танка, В.Таўлая. Т.Хадкевіча, І.Шамякіна.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Венгрыі захаваліся неалітычная кераміка і скульптура, помнікі мастацтва скіфаў і кельтаў, рэшткі рым. пасяленняў, ювелірныя вырабы гунаў і авараў, сляды пасяленняў стараж. славян. З 9 ст. вядома маст. апрацоўка металу. Да 10—11 ст. адносяцца «ніжнія храмы» ў гарадах Фельдэбрэ і Ціхань, да 11 — пач. 13 ст. — раманскія базілікі (у Яку, Печы, Жамбеку), раннегатычная палацавая капэла ў Эстэргаме. У выяўл. мастацтве 11 ст. відавочны ўплыў Візантыі. У канцы 13—15 ст. будуюцца гатычныя цэрквы (у Шопране, Пешце і інш.) і замкі (Дыяшдзьёр, Вішэград). Станковы жывапіс канца 14 — пач. 15 ст. блізкі да сярэднееўрапейскага, у скульптуры вылучаюцца бронзавыя статуі братоў М. і Дз.Колажвары. Росквіту мастацтва Венгрыя дасягнула ў 2-й пал. 15 ст. пры каралю Мацьяшу Хуньядзі (Корвіне). Творчасць італьян. архітэктараў і мастакоў, якія працавалі ў Венгрыі, садзейнічала пашырэнню культуры Адраджэння. У гарадах Буда і Вішэград створаны каралеўскія рэзідэнцыі. Свецкі дух быў уласцівы і царк. будынкам (капэла Бакаца з ордэрным дэкорам пры саборы ў Эстэргаме, 1506—07). У жывапісе захаваліся сувязі з познагатыч. традыцыямі (работы майстра «M.S.», блізкія дунайскай школе). Высокага ўзроўню дасягнулі мастацтва кнігі (рукапісы з рэнесансавым арнаментам з б-кі Корвіна), ювелірныя вырабы, маёліка. Турэцкае нашэсце (1526) надоўга затрымала развіццё венг. культуры. З канца 17 ст. будуюцца пераважна палацы і цэрквы (палац у Рацкеве, цэрквы ў Пешце, Эгеры, Эстэргаме); у мастацтве замацоўваецца аўстр. ўплыў і стыль барока. У барочным жывапісе вылучаюцца творы аўстрыйца Ф.А.Маўльберча. У архітэктуры і скульптуры 1-й пал. 19 ст. пераважаў класіцызм (рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне, 1803—21, арх. М.Печы; Нац. музей у Пешце, 1837—47, арх. М.Полак; партрэты і статуі скульпт. І.Ферэнцы). Пасля рэвалюцыі 1848 гіст. жывапіс прасякнуты нац.-вызв. ідэямі (палотны В.Мадараса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. вядучым стаў рэаліст. жанравы жывапіс (творы М.Мункачы, Ш.Біхары, І.Рэвеса). У галіне пейзажа вылучаліся блізкія да барбізонскай школы жывапісу работы Л.Паала, Л.Медньянскі, П.Сіньеі-Мершэ. У канцы 19 ст. склаліся характэрныя рысы арх. аблічча Будапешта — шырокія магістралі, будынкі ў духу неаготыкі, неабарока і неарэнесансу (парламент, 1884—1896; оперны т-р, 1875—84, арх. М.Ібль). На мяжы 19—20 ст. з’явіліся збудаванні ў стылі мадэрн (Музей прыкладнога мастацтва ў Будапешце, 1896, арх. Э.Лехнер). У 1900—10-я г. працавалі мастакі групы Надзьбаньі, якія выкарыстоўвалі прыёмы пленэрнага жывапісу (Ш.Холашы, К.Ферэнцы, Я.Торма і інш.), майстры альфёльдскай школы — паслядоўнікі Мункачы (Я.Торняі, І.Коста, І.Надзь і інш.), партрэтысты-жанрысты І.Чок, І.Рыпль-Ронаі, мастакі-авангардысты групы «Восем» (К.Кернштак, Б.Пор, Р.Берэнь). Пасля ўстанаўлення ў Венгрыі рэжыму фаш. дыктатуры многія мастакі працавалі ў эміграцыі (Б.Уітц, Ш.Бортнік, Л.Мохай-Надзь і інш.). Для пасляваеннай архітэктуры характэрныя мэтазгоднасць планіроўкі, спалучэнне простых, ясных аб’ёмаў: Нар. стадыён (1948—53), мост «Эржэбет» (1955—65), гасцініца «Дуна Інтэркантыненталь» (1969) у Будапешце, Палац спорту ў Мішкальцы (1970), т-р у Дзьёры (1978), прамысл. будынкі ў Ньірэдзьхазе і інш., гасцініцы ў Дэбрэцэне, Кечкемеце, Хайдусобасла і інш. Сучасныя збудаванні ўдала спалучаюцца з гіст. ансамблямі. У развіцці выяўл. мастацтва Венгрыі важную ролю адыгралі майстры-рэалісты (група альфёльдскіх мастакоў, жывапісцы І.Сёньі, А.Бернат, скульптары Ф.Медзьешы, Ж.Кішфалудзі-Штробль, П.Пацаі, Ш.Мікуш, Б.Ферэнцы). Створаны манумент Вызвалення на гары Гелерт у Будапешце (1947, Кішфалудзі-Штробль), фрэскі на металург. камбінаце г. Дунаўйвараш (1955, Э.Даманоўскі). У 1960—70-я г. ўзмацнілася цікавасць да абстрактных і ўскладненых экспрэсіўных вырашэнняў (жывапіс Ф.Марціна, Т.Дураі, Ф.Салаі, І.Барчаі, скульптура І.Шомадзьі, А.Макрыса, Т.Вільта, графіка Б.Кондара, А.Вюрца) з рысамі сімвалізму і сюррэалізму (жывапіс Т.Чэрнуша, скульптура І.Варгі, графіка А.Гроша, Дз.Хінца). Сярод майстроў станковай і манум. скульптуры Е.Керэньі, М.Боршаш, І.Кіш, Варга, Шомадзьі, Я.Конёрчык і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве сучасныя формы тактоўна спалучаюцца з нар. традыцыямі (кераміка М.Ковача і І.Гадара, габелены Хінца, работы дызайнера Л.Фінты і інш.).
Музыка. Для нар. музыкі Венгрыі характэрна ўзаемадзеянне стараж.-ўсх. асновы (пентатоніка) і больш позніх уплываў (гемітоніка, мажора-мінор). З 10 ст. вандроўныя спевакі-казачнікі прытрымліваліся традыцыі язычніцкіх эпічных спеваў. У 11 ст., з прыняццем каталіцтва, на тэр. Венгрыі пашырыліся грыгарыянскія спевы. З 13 ст. сярод венг.нар. інструментаў рог, фуруя (род флейты), больш познія — духавыя валынка (дуда), тарагата; струнныя кабза, скрыпка, лютня, цытра, цымбалы. З 15 ст. ў Венгрыі развівалася зах.-еўрап. прыдворная культура (сольныя спевы ў суправаджэнні лютні і скрыпкі, вак.-інстр. капэлы; каралеўская капэла ў Будзе была адна з лепшых у Еўропе). З 16 ст. вядомыя свецкія муз. творы на венг. тэксты (апубл. ў зб. Ш.Тынадзі, 1554, і Б.Бакфарка, 1553, 1565). У 17—18 ст. у рэзідэнцыях аўстра-венг. арыстакратаў ствараліся аркестры (у 1761—90 аркестрам кн. Эстэрхазі кіраваў І.Гайдн). Фарміраванне нац. стылю адбывалася ў рамках стылю вербункаш (канец 18 ст.), развітога ў творчасці скрыпачоў-віртуозаў і кампазітараў Я.Біхары, Я.Лаваты, А.Чэрмака, кіраўнікоў цыганскіх аркестраў і тэатр. труп. Уплыў вербункаша відавочны ў першых венг. операх І.Ружычкі («Уцёкі Белы» і «Кемень Шыман», 1822), А.Бартаі («Аўрэлія», 1837; «Хітрасць», 1839), М.Рожавёльдзі («Шукальнікі скарбу з Вішэграда», 1839), у операх Ф.Эркеля на тэмы нац.-вызв. руху («Ласла Хуньядзі», 1844; «Банк бан», 1852; «Дзьёрдзь Дожа», 1867). Сярод музыкантаў-рамантыкаў 19 ст. віртуозы-скрыпачы Э.Рэменьі, Е.Хубаі, а таксама І.Іоахім і Л.Аўэр (пачалі творчую дзейнасць у Венгрыі). Вяршыня развіцця венг. музыкі 19 ст., асабліва праграмнага сімфанізму, — творчасць Ф.Ліста. На пач. 20 ст. вядомасць набылі аперэты Ф.Легара, І.Кальмана, які ўнёс у аперэту элементы венг. песенна-танц. мелодыкі. Развіццё венг. музыкі 1-й пал. 20 ст. звязана з імёнамі Б.Бартака і З.Кодая. Сярод буйнейшых сучасных кампазітараў П.Кадаша, Дз.Ранкі, А.Сёлёшы, Ш.Балаша, Дз.Лігеці, Ж.Дурка. Сусв. вядомасць набылі балеты Бартака («Драўляны прынц», 1917; «Цудоўны мандарын», 1919), а таксама оперы Ш.Сокалаі («Крывавае вяселле», 1964) і Э.Петравіча («Сей
Тэатр. Вытокі тэатр. культуры ў язычніцкіх абрадах венграў-качэўнікаў. Яе носьбітамі былі скамарохі (ёкулатары), казачнікі (рэгешы). У канцы 17 ст. ўзнік школьны т-р. У 1790 акцёр і тэатр. дзеяч Л.Келемен стварыў прафес.т-р у Пешце. У 1792 браты Феер арганізавалі 2-і венг.т-р у Клужы. У 1-й пал. 19 ст., не вытрымаўшы канкурэнцыі з ням. трупамі, якія мелі дзярж. падтрымку, венг.т-р становіцца вандроўным. Асновы нац. школы мастацтва залажылі акцёры Келемен, Г.Моар, П.Янча, Ж.Сентпетэры, К.Медзьеры, Р.Дэрыне і інш. У 1837 адкрыты «Пешты мадзьяр сінхаз» (з 1840 Нац.т-р). У 2-й пал. 19 ст. створаны Нар.т-р у Будзе (1861), «Непсінхаз» у Пешце (1875), «Вігсінхаз» (1896) і «Мадзьяр сінхаз» (1897) у Будапешце, т-ры ў Мішкальцы, Сегедзе, Печы, Дэбрэцэне, Эгеры і інш. У пач. 20 ст. ствараліся невял. тэатры-студыі. У 1949 т-ры Венгрыі нацыяналізаваны. Узніклі новыя калектывы. Дзейнічаюць тэатры імя І.Мадача, імя К.Кішфалудзі, «Віг», «Талія», маладзёжны імя Ш.Пецёфі і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Т.Маяр, Э.Гелерт, З.Варканьі, Л.Маркуш, Е.Руткаі, М.Тэрэчык. У Будапешце працуюць Ін-т тэатра і кіно, Навукова-даследчы ін-т тэатра.
Кіно. Першыя хранікальныя карціны зняты ў канцы 19 ст., у 1911—13 пачалася рэгулярная вытв-сць фільмаў. У час рэжыму М.Хорці выпускаліся пераважна агіткі, салонныя драмы, камедыі (фільмы з удзелам Ф.Гааль — «Петэр», «Маленькая мама», 1934). У большасці пасляваенных фільмаў (канец 1940 — 1-я пал. 1950-х г.) — актуальныя праблемы грамадскага жыцця Венгрыі: «Дзесьці ў Еўропе» (1947, рэж. Г.Радваньі), «Пядзя зямлі» (1948, Ф.Бан), «Карусель» (1955, З.Фабры). Сярод фільмаў 1960-х г. «Альба-Рэгія» (1961, рэж. М.Семеш), «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (1965, З.Варканьі), «Зоркі і салдаты» (1967) і «Цішыня і крык» (1968, абодва М.Янча); экранізаваліся творы нац. л-ры. З канца 1960-х г. дзеячы кіно звярнуліся да фільмаў на гіст. тэмы: «Дзесяць тысяч дзён» (1967, Ф.Коша), «Светлыя вятры» (1969), дылогія «Венгерская рапсодыя» і «Allegro barbaro» (1979). Здымаюцца фільмы для дзяцей, анімацыйныя, кінадакументалістыка. Сярод рэжысёраў і акцёраў: Янча, М.Месараш, З.Хусарык, Дз.Кабаш, П.Явар, Е.Руткаі, І.Печы. Кадры рыхтуе Вышэйшая школа т-ра і кіно ў Будапешце (кінафакультэт з 1946). У 1969 заснаваны Саюз работнікаў кіно і тэлебачання Венгрыі.
Літ.:
История Венгрии. Т. 1—3. М., 1971—72;
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991;
Марков Д.С. Венгрия. М., 1990;
Тихомиров А.Н. Искусство Венгрии IX—XX вв. М., 1961;
Кодай З. Венгерская народная музыка: Пер. с венг. Будапешт, 1961;
Сабольчи Б. История венгерской музыки: Пер. с венг. Будапешт, 1964;
Герб і сцяг Венгрыі.Да арт.Венгрыя: мост «Эржэбет» у Будапешце (уверсе); вадасховішча ў гарах Матра.Да арт.Венгрыя. Майстра М.Калажвары. Рэлікварый «Святы Ласла». 2-я пал. 14 ст.Да арт.Венгрыя. Рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне. Арх. М.Печы. 1803—21.Да арт.Венгрыя. Будынак першага венгерскага Нацыянальнага тэатра. Будапешт. З гравюры 19 ст.Да арт.Венгрыя. Тэатр камедыі «Вігсінхаз» у Будапешце. Фота канца 19 ст.Да арт.Венгрыя. Будынак тэатра ў г. Эгер.Да арт.Венгрыя. Будынак парламента ў Будапешце. Арх. І.Штэйндль. 1884—96.Да арт.Венгрыя. Тэатр пад адкрытым небам на Саборнай плошчы ў г. Сегед.Да арт.Венгрыя. Сцэна са спектакля «Берэніка» Ж.Расіна ў Тэатры імя К.Кішфалудзі ў г. Дзьёр. Дэкарацыі В.Вазарэлі.Да арт.Венгрыя. Партал царквы ў Яку. 1220—56.Да арт.Венгрыя. М.Мункачы. Сляпы Мільтан, які дыктуе сваім дочкам паэму «Страчаны рай». 1878.Да арт.Венгрыя. Сялянскія дамы ў этнаграфічным раёне Гечэй каля г. Залаэгерсег.Да арт.Венгрыя. І.Чок. Куток атэлье. 1905.