Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОСТРАПРЫПРА́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія назапашваюць у розных органах пахучыя вострасмакавыя рэчывы (эфірны алей, гліказіды, таніны, алкалоіды, фітанцыды) і ўжываюцца як прыправа. Вядома каля 150 відаў, пашыраных ва ўсім свеце, асабліва ў паўд. шыротах. Найб. значэнне сярод трапічных вострапрыпраўных раслін маюць гваздзіковае дрэва, карычнае дрэва, мускатнік, кардамон, імбір, перац струкавы. На Беларусі культывуюцца каля 30 відаў, у т. л. аніс звычайны, гарчыца белая, ісоп лекавы, каляндра пасяўная, крэс-салата, кмен звычайны, хрэн звычайны, розныя віды цыбулі, часнок, меліса лекавая, мята перцавая, кроп пахучы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЯМЯ́ТКА (Nepeta),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 250 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. каціная, або каціная мята (N. cataria, нар. назвы лясная крапіва, меліса). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на пустках. 6 відаў інтрадукаваныя ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі: К. Мусіна (N. mussinii), буйнакветная (N. grandiflora), ножкакалосая (N. podostachys), сібірская (N. sibirica), венгерская (N. pannonica), маньчжурская (N. manchuriensis).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з галінастым, апушаным сцяблом выш. да 100 см, з моцным своеасаблівым пахам, які прываблівае кошак (адсюль назва). Лісце суцэльнае, зубчастае. Кветкі ў коласа-, гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Вяночак двухгубы. Плод — 4-арэшак. Эфіраалейныя, прыпраўныя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.