МАЦВЕ́ЕВА (Навела Мікалаеўна) (н. 7.10.1934, г. Пушкін Ленінградскай вобл.),

расійская паэтэса. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1963). Друкуецца з 1957. У паэт. зб-ках «Лірыка» (1961), «Караблік» (1963), «Душа рэчаў» (1966), «Ластаўчына школа» (1973), «Рака» (1978), «Закон песень», «Краіна прыбою» (абодва 1983), «Непарушны круг» (1991), «Менуэт» (1994), «Санеты» (1998), паэмах «Пітэр Брэйгель Старэйшы» (1969), «Шпалы» (1973), «Золата праектаў» (1983) і інш. спалучэнне рамантыкі, фантазіі з паэтызацыяй штодзённага, спроба спасціжэння тайнаў быцця і сусвету, гіст.-культ. рэмінісцэнцыі, метафарычнасць. Аўтар аповесці «Дама-бадзяга» (1998), п’ес «Прадказанне Эгля» (паводле А.​Грына, паст. 1984), «Карчма «Чацвярэнькі» (1998), аўтабіягр. эсэ, успамінаў, артыкулаў па актуальных праблемах мастацтва, паэзіі, песеннага жанру. Піша для дзяцей. Выканаўца ўласных песень, выпусціла некалькі дыскаў і кампакт-дыскаў.

Тв.:

Избранное. М., 1986;

Мелодия для гитары. М., 1998 (разам з І.​Кіуру);

Кассета снов. М., 1998;

Пастушеский дневник. М., 1998.

т. 10, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛО́ДЫЯ (ад грэч. melōdia спевы, напеў, песня, мелодыя),

асноўны выразны сродак музыкі, у якім у непарыўным адзінстве суіснуюць гукавышынны (уласна меладычны), рытмічны і ладавы бакі. Канкрэтныя мелодыі валодаюць таксама тэмбравай, рэгістравай, дынамічнай і агагічнай выразнасцю. Інтанацыйная прырода М. (гл. Інтанацыя) надае ёй нац., жанравую, часткова сац. характэрнасць, збліжае з чалавечай мовай, што выяўляецца ў гукавым вырашэнні, асэнсаванай расчлянёнасці на матывы («словы»), фразы і сказы, у яе змястоўнай і камунікатыўнай функцыях. Цэласнасць, пластычнасць і злітнасць М. як найважнейшага сэнсавага кампанента музыкі забяспечвае аб’яднанне ў ёй характэрных інтанацый (пытання, воклічу, сцвярджэння і інш.) з агульнымі формамі паступеннага меладычнага руху. Суадносіны гэтых момантаў вызначаюцца стылем і жанрам М., яе прыналежнасцю да пэўнага тыпу — рэчытатыўна-дэкламацыйнага, арыёзнага, кантыленнага. Вакальная першааснова М. (залежнасць ад дыхання і галасавога апарата) выяўляецца ў асаблівасцях яе структуры і дынамічнага разгортвання, уласцівых вак. і інстр. мелодыцы, розным стылям, жанрам і меладычным тыпам. Гэта — хвалевая будова («меладычнае дыханне») і натуральнае ўзмацненне дынамікі пры пераходзе ў верхні рэгістр, а пры зыходным руху і вяртанні ў першапачатковы рэгістр — яе аслабленне. Выразнасць канкрэтнай М. ў многім залежыць ад віду меладычнай хвалі (прамой ці зваротнай), яе працягласці, размяшчэння кульмінацыйнага пункта — у пачатку (т.зв. «вяршыня-крыніца», у высокай ступені ўласцівая ўсх.-слав. песеннасці), сярэдзіне або ў канцы хвалі, а таксама ад рытмічнай і ладавай арганізацыі, але перш-наперш ад інтанацыйнага зместу. У нар. і прафес. музыцы аднагалосая М. нярэдка выступае ў тэрцовых, секставых і інш. дубліроўках. У фальклоры найб. пашырана тэрцовая ўтора, у прафес. музыцы — разнастайныя акордавыя згушчэнні, што ўтвараюць свайго роду шматгалосую мелодыю. Роля М. неаднолькавая ў поліфаніі, гамафоніі, манодыі. У поліфаніі М. адначасова спалучаецца з інш. раўнапраўнымі ёй галасамі. У гамафонных творах М. — вядучы голас, утварае першы план на фоне гарманічнага суправаджэння. У манадычных стылях нар., стараж. культавай, класічнай музыкі народаў Усходу М. — адзіны і паўнацэнны носьбіт маст. зместу. Прафес. музыка 20 ст. характарызуецца выключнай разнастайнасцю меладычных стыляў, у якіх адлюстраваны заканамернасці архаічных фальклорных слаёў і сучасныя складаналадавыя, новамадальныя, дадэкафонныя і інш. структуры. У бел. музыказнаўстве асн. ўвага даследаванняў скіравана на выяўленне меладычных асаблівасцей бел. нар. музыкі і іх ператварэнне ў прафес. музыцы ў крыніцу нац. спецыфікі.

Літ.:

Мазель Л.А. О мелодии. М., 1952;

Ручьевская Е. Мелодия сквозь призму жанра // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;

Корчмар Л.О. Учение о мелодии в XVIII в. // Вопросы теории музыки. М., 1970. Вып. 2;

Арановский М.Г. Синтаксическая структура мелодии. М., 1991;

Елатов В.И. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;

Титова Т.А. О современных аспектах термина «мелодия» // Вопросы методологии современного музыкознания. М., 1997.

Н.​М.​Юдзеніч.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)