Меланін 3/274; 8/432; 10/361
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАХО́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,
радыепратэктары, прыродныя і сінтэтычныя злучэнні, якія памяншаюць шкоднае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека або жывёлы. Выкарыстоўваюцца ў надзвычайных выпадках (радыяцыйныя аварыі, ядз. выбух) і для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых. Проціпрамянёвы эфект Р.с. можа праяўляцца ў выжыванні пасля апрамянення смяротнай дозай і інш.; ён звязаны са змяншэннем паступлення ў асобныя тканкі і ўзмацненнем выдалення радыенуклідаў, якія трапілі ў арганізм (напр., прэпараты стабільнага ёду для аховы шчытападобнай залозы ад радыеактыўнага ёду), звязваннем утвораных пры апрамяненні свабодных радыкалаў, перакісаў (цыстамін, гамафос і інш.), зніжэннем інтэнсіўнасці абмену рэчываў і інш. Р.с. з’яўляюцца таксама прадукты пчалярства (мёд, пропаліс і інш.), скурны пігмент меланін, вітаміны, адаптагены (прэпараты элеўтэракоку, жэньшэню і інш.).
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,
навука, якая вывучае генетычныя эфекты, абумоўленыя ўздзеяннем іанізавальнай радыяцыі; раздзел генетыкі і радыебіялогіі. Узнікла ў 1920-я г., калі на розных біял. аб’ектах (дразафілы, грыбы, расліны), было эксперыментальна даказана, што рэнтгенаўскае апраменьванне павялічвае ўзровень генет. змен (мутацый). Кірункі: генетычны — індукцыя мутацый для вывучэння спадчыннасці і зменлівасці; селекцыйны — атрыманне мутантаў для стварэння новых сартоў с.-г. раслін і неабходных штамаў мікраарганізмаў; радыебіялагічны — аналіз механізмаў уздзеяння радыяцыі на спадчыннасць. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. Першыя даследаванні праводзіліся ў Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі пад кіраўніцтвам П.Ф.Ракіцкага. Уклад у развіццё Р.г. зрабілі У.Х.Валодзін, Р.А.Ганчарова, І.А.Гардзей, Г.М.Лабко, Г.А.Лазюк, В.А.Мастоўнікаў, Х.В.Масэ, А.А.Ракіцянская, У.К.Саўчанка, Я.І.Тарасевіч і інш. Асаблівае значэнне даследаванні ў галіне Р.г. набылі пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986), у выніку якой вял. колькасць насельніцтва атрымала хранічнае апраменьванне ў малых дозах. Найб. шкоднымі наступствамі такога ўздзеяння з’яўляюцца генет. пашкоджанні, якія могуць пераходзіць у наступныя пакаленні. У БелНДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў вывучаюць узровень генет. змен у першым пасляаварыйным пакаленні. У Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі даследуюцца сродкі аховы ад хранічнага апраменьвання і вынайдзены унікальны генапратэктар меланін, які можа быць выкарыстаны для аховы спадчыннасці ад уздзеяння малых доз хранічнага апраменьвання. Даследуецца магчымасць выкарыстання радыегенет. эфектаў у якасці «біялагічнага дазіметра». Праводзіцца генет. маніторынг прыродных папуляцый жывёл і раслін у раёнах, забруджаных радыенуклідамі.
І.Б.Масэ.
т. 13, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)