Мел 2/592; 5/282, 446; 7/131—132

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛ, крэйда,

асадкавая горная парода, мяккі белы вапняк, складзены пераважна з карбанатных (CaCO3 90—98%) арг. рэшткаў (какалітафарыдаў, фарамініфер, абломкаў ракавін інацэрамаў і інш.) і нерастваральных у кіслаце мінералаў. М. намнажаўся ў познамелавых эпікантынентальных басейнах пераважна на глыб. 150—200 м (Дняпроўска-Данецкая ўпадзіна), да 400—500 м. Трапляецца ў адкладах мелавой сістэмы (перыяду). Выкарыстоўваецца ў вапнавай, цэментнай, шкляной, цукр., гумавай, папяровай, парфумернай, металургічнай, хім. прам-сці, у сельскай гаспадарцы і інш. На 1.1.1999 у баланс Рэспублікі Беларусь уключаны 32 радовішчы М., з разведанымі прамысл. запасамі — 207,6 мн. т (для вапны) і 360,6 млн. т (для цэменту). На базе радовішчаў М. працуюць Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў (буд. вапна), «Ваўкавыскцэментнашыфер», Клімавіцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, «Крычаўцэментнашыфер».

В.​С.​Акімец.

т. 10, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Крэйда, гл. Мел

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЧА́НАЯ ГАРА́,

радовішча мелу ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., за 4,5 км на ПдУ ад чыг. ст. Клімавічы. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса (верхні мел). Мел шаравата-белы, слаба сцэментаваны, у верхняй ч. з пяском, дамешкамі абломкавага і гліністага матэрыялу, праслойкамі мергелю Паверхня няроўная, закарставаная. Разведаныя запасы 10,4 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы (пройдзеная) 4,5—14 м, ускрышы (пяскі, супескі) 1,3—22,3 м. Ускрышныя пяскі выкарыстоўваюцца на выраб сілікатнай цэглы, мел прыдатны на выраб вапны.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙДА,

гл. Мел.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВО́К,

радовішча мелу ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Глушнева і Зуі. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса (верхні мел). Мел белы, шаравата-белы, слаба сцэментаваны, участкамі трэшчынаваты, у верхняй ч. забруджаны абломкава-гліністым матэрыялам, у ніжняй ч. пласта з праслоямі мергелю. Паверхня няроўная, закарставаная. Разведаныя запасы 13,6 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы (ускрытая) 4,7—13,5 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,5—10,6 м. Мел прыдатны на выраб вапны, вапнавання кіслых глеб, мінер. падкормкі для с.-г. жывёл.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРПЯШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ У Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Курпяшы. Паклад у выглядзе 3 адорвеняў залягае ў тоўшчы адкладаў сожскага зледзянення. Мел шаравата-белы, шчыльны, з уключэннямі крэменю і пясчана-гліністага матэрыялу. Разведаныя запасы 22,6 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,7—35,4 м, ускрышы (пяскі, суглінкі, гліны) 0,3—22 м. Мел прыдатны на выраб вапны і вапнавання кіслых глеб.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,

у Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Каменка. Пластавы паклад звязаны з адкладамі кампанскага яруса верхняга мелу. Мел белы і шараваты, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, з рэдкімі ўключэннямі крэменю, каля ўскрышаў запясочаны. Перспектыўныя запасы 56,5 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,5—4 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 4—14,2 м. Мел прыдатны на выраб вапны, на вапнаванне глеб, як карбанатны кампанент цэментнай шыхты.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРА́НЫ,

радовішча мелу ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Пагараны. Лінзападобны паклад у выглядзе адорвеня туронканьякскага ўзросту залягае ў ледавіковых адкладах дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Мел белы, шаравата-белы, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, масіўны; аксіду кальцыю СаО у ім 52,5—55,5%. Разведаныя запасы 30,1 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 3—61 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,3—16 м. Мел прыдатны на выраб цэменту, вапны.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДЗІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ І ГЛІН,

у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Калядзічы. Паклад у выглядзе адорвеняў мелу туронскага і глін палеаген-неагенавага ўзросту залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы, аднародны, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, з уключэннямі крэменю, з вохрыстымі плямамі, у верхняй ч. запясочаны. Гліны цёмна-шэрыя, радзей жаўтавата-шэрыя, з тонкімі праслоямі пылаватага пяску, тлустыя, шчыльныя, сярэдне- і высокапластычныя. Разведаныя запасы мелу 49,9 млн. т, перспектыўныя 44 млн. т. Разведаныя запасы глін 0,3 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы мелу 6,6—50,6 м, ускрышы 0,2—18,8 м. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 4,3—13 м, ускрышы 0,4—8 м. Мел і гліны прыдатныя на вытв-сць партландцэменту, мел выкарыстоўваецца таксама як вапнавае ўгнаенне. Радовішча распрацоўваецца АП «Ваўкавыскцэментнашыфер».

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)