МЕ́ЙЧЫК (Аляксандра Давыдаўна) (сцэн. псеўд. Ганна Мейчык; 1875, Мінск — 8.8.1934),

расійская спявачка (кантральта). Беларуска па паходжанні. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1898, клас К.​Ферні-Джыральдоні). Працавала ў т-рах Расіі, Украіны і інш. У 1908 запрошана ў т-р «Ла Скала», з 1913 — у «Метраполітэнопера» ў Нью-Йорку. З 1914 канцэртавала ў Еўропе. Спявала ў Марыінскім т-ры. (Пецярбург). З 1922 у ЗША, кіравала вак. студыяй у Нью-Йорку. Валодала моцным, густым і рухомым голасам шырокага дыяпазону (спявала і партыі мецца-сапрана). Сярод лепшых партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Лель, Любаша («Снягурачка», «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка), Рамэо («Мантэкі і Капулеці» В.​Беліні), Артруда, Эрда, Фрыка («Лаэнгрын», «Золата Рэйна» і «Зігфрыд», «Валькірыя» Р.​Вагнера).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ЛІТАРАТУ́РНА-АРТЫСТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

грамадская літ.-маст. і асветніцкая арг-цыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Існавала ў Мінску ў 1906—09. Створана членамі забароненага Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Кіраўнікі: В.​Чавусаў, К.​Фальковіч, В.​Аляксандрава, А.​Аляксандраў, Д.​Мейчык, В.​Сушчынскі, К.​Урсыновіч і інш. Мела драм., літ., маст. і муз. секцыі. Аматары паставілі больш за 60 спектакляў, у т. л.: «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Вішнёвы сад», «Дзядзька Ваня» і «Іванаў» А.​Чэхава, «Плады асветы» Л.​Талстога і «Ганна Карэніна» паводле яго аднайм. рамана, «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Мар’я Іванаўна» і «Яўрэі» Я.​Чырыкава, «Рэвізор» М.​Гогаля і інш. Літ. секцыя т-ва арганізавала шэраг лекцый і літ. чытанняў: «Драматургія Ібсена» і «Морыс Метэрлінк» Ю.​Айхенвальда, «Маладая руская паэзія» і «Апошнія парасткі рускай паэзіі» Я.​Анічкава, «Талстой і Андрэеў: паралельная характарыстыка» У.​Самойлы, «Паходжанне права і яго сутнасць» Мейчыка, «Санін» М.​Арцыбашава» У.​Майстраха і інш. Маст. секцыя наладзіла 4-ю выстаўку жывапісу і графікі ў Мінску (1908). Муз. секцыя аб’ядноўвала каля 400 прафес. музыкантаў і аматараў, наладжвала лекцыі і канцэрты. Спыніла дзейнасць у выніку фін. банкруцтва.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

грамадская культ.-асв. і літ.-маст. арг-цыя. Існавала ў 1898—1906 у Мінску. Створана на аснове муз.-драм. т-ва (1888—98) па ініцыятыве Я.​Чырыкава, А.​Аляксандрава, В.​Чавусава і інш. Т-вам кіраваў савет старэйшын з 10 чал. У розны час у яго ўваходзілі Д.​Мейчык, С.​Мядзведзеў, А.​Холмскі, К.​Какоўцаў, К.​Фальковіч, М.​Мысаўской, С.​Нейфах, С.​Камінскі, В.​Сушчынскі і інш. Паводле статута (зацверджаны 19.11.1899) мела на мэце развіццё і папулярызацыю прафес. і аматарскага мастацтва, маст. адукацыі. Мела літ., тэатр.-драм., муз. і маст. секцыі, б-ку, тэатр. залу. Літ. секцыя наладжвала лекцыі, дыспуты, чытанне рэфератаў пра творчасць Э.​По, М.​Метэрлінка, В.​Бялінскага, А.​Чэхава, Л.​Андрэева, М.​Горкага, абмеркаванне новых літ. плыней. У рэпертуары аматарскага т-ра былі п’есы «Багна», «Лес», «Не ў свае сані не садзіся» А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Улада цемры» Л.​Талстога, «На дне» і «Фама Гардзееў» М.​Горкага, «У двары, у флігелі» Чырыкава, «Дзядзька Ваня» Чэхава, «Маскарад» М.​Лермантава, «Нора» Г.​Ібсена, «Злачынства і кара», «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Патанулы звон» Г.​Гаўптмана і інш. Маст. секцыя арганізавала выстаўкі жывапісу, графікі, фатаграфіі (1901, 1902, 1904). Муз. секцыя мела аркестр, клас па тэорыі харавых спеваў. Дзейнасць т-ва развівалася ў кантэксце рус. літ. і культ. традыцыі. Пад уплывам рэв. руху 1905—06 масавыя мерапрыемствы т-ва перараслі ў антыўрадавыя дэманстрацыі пад лозунгамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве Рэспубліка!». Паводле данясення мінскага паліцмайстра і губернатара П.​Курлова, члены т-ва падазраваліся ў нядобранадзейнасці. 8.2.1906 дзейнасць т-ва была прыпынена. Па просьбе савета старэйшын т-ву было дазволена самаліквідавацца рашэннем агульнага сходу (25.7.1906), маёмасць і даўгі перададзены новаўтворанаму Мінскаму літаратурна-артыстычнаму таварыству.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)