МЕЗАТРО́ФНАЕ БАЛО́ТА,

тое, што пераходнае балота.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́ДНАЕ БАЛО́ТА,

мезатрофнае балота, тып балота, паводле характару жыўлення і расліннасці прамежкавы паміж нізінным балотам і вярховым балотам; балота сярэдняга мінер. жыўлення. Расліны на купінах і павышэннях каля пнёў, дзе прырост торфу большы, жывяцца пераважна за кошт увільгатнення атм. ападкамі. У паніжэннях, дзе сувязь з грунтавымі водамі захавалася, пашыраны расліны нізінных балот. На Беларусі П.б. займаюць каля 105 тыс. га (4,2% ад усіх балот).

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЎЛІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Наўліцы,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 20 км на ПдЗ ад г. Полацк Пл. 3,86 км², даўж. 3,4 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі 11,4 км. Аб’ём вады 23,5 млн. м³. Пл. вадазбору 11,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м (на Пн і ПдУ да 8 м, на 3 да 25 м), пераважна разараныя, на Пд і Пн тэрасаваныя. Берагі нізкія пясчаныя і пясчана-галечныя, на З і ПнЗ абразійныя. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная — ілістая. Мезатрофнае. Расліннасць да глыбіні 6 м. Упадаюць 2 ручаі, злучана ручаём з воз. Нежлева.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РЦЫ, Орцаўскае возера. У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 8 км на ПнУ ад г. Міёры. Пл. 1,94 км², даўж. 4,8 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 19 м, даўж. берагавой лініі 13,4 км. Пл. вадазбору 11 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 2—3 м, сугліністыя і супясчаныя, разараныя, месцамі пад хмызняком, на ПнУ 10—12 м, стромкія, укрыты лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком, участкамі забалочаныя. Некалькі вузкіх заліваў. Зона мелкаводдзя вузкая (3—5 м), у паўн. плёсе пашыраецца да 50—80 м, пясчаная, месцамі гліністая; астатняя ч. дна ілістая. 2 астравы агульнай пл. 1,9 га. Празрыстасць 3,2 м. Мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі. Зарастае.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СА,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мнюта (выцякае з возера), за 17 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 4,24 км², даўж. 6,2 км, найб. шыр. 1,43 км, найб. глыб. 15 м, даўж. берагавой лініі 18,2 км. Пл. вадазбору 54,2 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. да 10 м, на Пд і ПдЗ абрывістыя, пад лесам. На Пн тэраса выш. 1,2—1,5 м. На Пд пойма шыр. 5—15 м. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя. Вялікія залівы. 7 астравоў агульнай плошчай 2,5 га. Дно да глыб. 6—7 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Мінералізацыя вады 220—230 мг/л, празрыстасць 2,5 м. Мезатрофнае. Уздоўж берагоў вузкая перарывістая паласа надводнай расліннасці. Упадаюць рэкі Шоша, Свіліца, 4 ручаі.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СА,

возера на мяжы Глыбоцкага і Пастаўскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 18 км на ПнЗ ад г. Глыбокае. Пл. 1,1 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. каля 1,2 км, найб. глыб. 34 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 8,04 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 1—5 м (на ПдЗ 12—13 м), завалуненыя, пад хмызняком. Берагі выш. да 0,5 м, пясчана- і пясчана-жвіровыя, месцамі завалуненыя, пад хмызняком, на ПнЗ абразійныя. На Пн, У і ПдЗ участкамі пойма шыр. да 15 м. Мелкаводдзе пясчана-жвіровае, глыбей дно пясчанае (да 7 м) і ілістае. Мінералізацыя вады каля 210 мг/л, празрыстасць 2,8 м. Мезатрофнае. Зарастае. Выцякае р. Плісаўка.

Возера Пліса ў Глыбоцкім раёне.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЧ,

найбольшае возера на Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне, на выш. 165 м. Пл. 79,6 км², даўж. 12,8 км, найб. шыр. 9,8 км, найб. глыб. 24,8 м, даўж. берагавой лініі 41 км. Аб’ём вады 710 млн. м³. Пл. вадазбору 199 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр і нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу, акруглай формы, асіметрычная. Сфарміравалася ў час утварэння Свянцянскіх град у перыяд паазерскага зледзянення. Схілы на Пн і ПнУ выш. 45—50 м, утвораны адгор’ямі Свянцянскіх град, сугліністыя і супясчаныя. На Пд да возера прымыкае больш спадзістая Паўд.-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, акумулятыўныя, з пясчанымі пляжамі, пясчана-галечнымі валамі (выш. да 1 м) і камяністымі косамі, месцамі забалочаныя, тарфяныя. На Пн і ПнУ абразіўныя берагі са стромымі абрывамі і мысамі (выш. 2—11 м). Каля паўн.-ўсх. берага востраў (пл. 6,2 га) — помнік прыроды (рэдкія звяры і птушкі, гнездаванне вял. крахаля — ахоўны від). Дно возера адносна роўнае (сярэдні нахіл 1°), на У больш складанай будовы (нахіл 5—6°), з чаргаваннем узгорыстых, градава-ўзгорыстых і плоскіх участкаў, месцамі мяліны. Паверхня дна глыб. да 2 м займае 17% пл. возера, да 5 м — 36%, больш за 20 м — 1,8%. Прыбярэжная водмель пясчаная, часткова заіленая, каля стромкіх берагоў галька і валуны. Глыбакаводная ч. выслана крэменязёмістымі і карбанатнымі сапрапелямі, глініста-пясчанымі адкладамі. Паўвостраў Наносы (канчаецца касой) падзяляе Н. на паўн.-зах. Малы плёс (глыб. да 18 м) і паўд.-ўсх. Вялікі плёс (глыб. 24,8 м). Ваганні ўзроўню за год да 35 см, у асобныя гады да 70 см. Сярэдні ледастаў 127 сутак (снеж.—красавік). Таўшчыня лёду 50—60 см, макс. да 90 см. Макс. т-ра прыпаверхневага слоя вады 22 °C у канцы ліп.пач. жніўня. Зімовыя т-ры ў тоўшчы вады 2,5 °C. Вада насычана кіслародам, мінералізацыя да 250 мг/л, празрыстасць 7—9 м, колернасць 5—7°. Мезатрофнае. Упадаюць 17 ручаёў (Пронькі, Купа, Антонізберг, Сіманы і інш.) і пратока Скема з воз. Мястра, выцякае р. Нарач. Поўная змена вады адбываецца за 10 гадоў. Жыўленне: 62% ападкі, каля 29% паверхневае, каля 9% падземнае. Асн. ч. расходу вады (56%) — сцёк па р. Нарач. Іхтыяфауна рапушкава-сігавая, уключае 19 абарыгенных відаў. Прамысл. зарыбленне (еўрапейскі вугор, амурскі сазан, судак, сіг, пелядзь, сярэбраны карась і інш.). Гняздоўі птушак (лебедзь-шыпун, малая крачка, скапа, малая паганка) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. З 1946 вядуцца гідраметэаралагічныя назіранні і маніторынгавыя даследаванні (Гідрабіялагічная станцыя БДУ). На берагах курорт Нарач, біял. заказнікі Некасецкі і Пасынкі, на паўд.-ўсх. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, помнік прыроды — геал. агаленне Студзянец. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем пагаршаецца экалагічны стан Н.: памяншаецца празрыстасць вады, павялічылася колькасць фітапланктону, інтэнсіўна развіваюцца сіне-зялёныя водарасці, павялічваецца колькасць фасфатных злучэнняў у вадзе, развіваецца ачаг шыстаматознага цэркарыёзу.

З.​І.​Гарэлышава, Ю.​М.​Емяльянаў.

Возера Нарач.

т. 11, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)