МЕ́ДЫУМ (ад лац. medius сярэдні),

1) у спірытызме — пасрэднік паміж светам «духаў» і людзьмі, праз якога ў стане трансу перадаюцца «паведамленні» памерлых; у парапсіхалогіі — чалавек з незвычайнымі («медыумічнымі») здольнасцямі, напр., да звышадчувальнага ўспрымання.

2) У музыцы — сярэдні рэгістр галасоў спевакоў.

т. 10, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 29.6.1952, г. Любань Мінскай вобл.). бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1975),

Літ. кансерваторыю (Вільнюс, 1985, клас Ю.Домаркаса). З 1979 дырыжор Нац. акад. т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасці К. ўласцівы тонкае адчуванне муз. стыляў, рамантычная ўзнёсласць, эмацыянальнасць. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены балеты «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (1979, 1989), «Па-дэ-катр» Ц.​Пуні (1981), оперы «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1986), «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі (1988), «Медыум» Дж.​К.​Меноці (1989), «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі (1992), «Воўк і сямёра казлянят» А.​Уладзігерава (1984). Дырыжыраваў таксама шматлікімі інш. операмі.

Т.​А.​Дубкова.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНО́ЦІ ((Menotti) Джан Карла) (н. 7.7.1911, Кадэльяна, каля г. Варэсе, Італія),

амерыканскі кампазітар. Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі (1923—27), у Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі (1928—33), у 1941—45 выкладаў у ім. З 1928 у ЗША. У 1958 заснаваў у г. Спалета (Італія) «Фестываль двух светаў» (італьян. і амер. музыкі; з 1977 дубліруецца ў г. Чарлстан, штат Паўд. Караліна, ЗША). З 1974 жыве ў Шатландыі. Яго оперы (больш за 20; многія ставіў як рэжысёр на ўласныя лібрэта) вылучаюцца яскравай тэатральнасцю, меладычным багаццем: «Медыум» (паст. 1946; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1989), «Тэлефон» (1947), «Консул» (1950), «Амал і начныя госці» (тэлеопера, 1951), «Святая з Блекерстрыт» (1954; усе Нью-Йорк), «Марыя Галавіна» (паст. 1958), «Апошні дзікун» (паст. 1963), «Лабірынт» (тэлеопера; 1963), «Самы важны чалавек» (паст. 1971), «Таму-таму» (паст. 1973), «Герой» (паст. 1976), «Вар’ятка» (паст. 1979), «Гоя» (паст. 1986). Аўтар балетаў «Себасцьян» (паст. 1944), «Падарожжа ў лабірынт» (паст. 1947), «Аднарог, Гаргона і Мантыкора» (паст. 1956); сімфоніі «Зацішша» (1976), сімф. паэмы «Апакаліпсіс» (1951), канцэртаў для фп. (1945), скрыпкі (1952) з арк.; камерна-інстр. ансамбляў, п’ес для фп. і інш.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАС,

1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес. муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.

2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.

3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.

4) Матыў, мелодыя песні.

Літ.:

Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;

Морозов В.​П.​Тайны вокальной речи. Л., 1967;

Юссон Р. Певческий голос: Пер. с фр. М., 1974.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)