Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНДАЛІ́Б (Нурмухамед-Гарыб) (каля 1712—80),
туркменскі паэт. Заснавальнік эпічнага жанру дастана ў туркм. л-ры. Выкарыстоўваючы літ. і фалькл. сюжэты, стварыў рамант. дастаны «Лейлі і Меджнун», «Юсуп і Зулейха». Аўтар паэм «Агуз-намэ», «Несімі», «Жыкыр» («Чыгір»).
т. 1, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДУЛА́ЕЎ (Мікаіл Гусейн аглы) (н. 19.12.1921, Баку),
азербайджанскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1949), вучыўся ў С.В.Герасімава і У.А.Фаворскага. У творчасці пераважаюць лірычныя тэмы: «Вечар», «Агні Мінгечаура», «Стогадовы рэзчык А.Бабаеў», «Індыйская серыя», серыі малюнкаў «За ракой Аракс»; іл. да паэмы М.Фізулі «Лейлі і Меджнун». Аўтар мазаічнага пано «Нізамі» ў Бакінскім метрапалітэне.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХІ́ДАВА (Лютфі) (н. 6.11.1925, г. Канібадам, Узбекістан),
таджыкская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1957). Вучаніца В.Вайнонена і інш. З 1941 салістка Тадж. т-ра оперы і балета імя Айні. Першая балерына-таджычка, якая авалодала тэхнікай класічнага танца. З роляў: Дыльбар («Дыльбар» А.Ленскага), Лейлі («Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Адэта («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні).
т. 7, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАМА́Т-ЗАДЭ́ (Гафар Рустамавіч) (н. 9.5.1916, г. Худжанд, Таджыкістан),
таджыкскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1947—51). З 1934 артыст, у 1951—63 і гал. балетмайстар Таджыкскага т-ра оперы і балета імя Айні. Сярод пастановак: балеты «Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна (1947), «Эсмеральда» Ц.Пуні (1953), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1954), «Дзільбар» А.Ленскага (1954, 1957), «Карсар» А.Адана (1960), оперы «Паўстанне Васэ» Баласаняна (1958), «Хітрыкі Майсары» С.Юдакова (1962). Арганізатар (1965) і маст. кіраўнік тадж. ансамбля «Лола». Дзярж. прэмія СССР 1949.
т. 3, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́ЕВА (Мая) (Мамаджан; н. 1920, аул Безмеін Ашгабацкага р-на, Туркменістан),
туркменская спявачка (лірычнае сапрана). Нар. арт. СССР (1955). У 1938—41 вучылася на туркм. аддзяленні Маскоўскай кансерваторыі. З 1941 салістка Туркменскага т-ра оперы і балета. Першая выканала на туркм. сцэне шэраг партый еўрап. опернага рэпертуару: Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.Пучыні). Сярод партый нац. рэпертуару: Айна, Шасенем («Айна», «Шасенем і Гарыб» А.Шапашнікава і Д.Авезава), Лейлі («Лейлі і Меджнун» Ю.Мейтуса і Авезава).
т. 9, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́Р ХАСРО́Ў ДЭХЛЕВІ́ (1253, г. Паціяла, штат Хар’яна, Індыя — 1325),
індыйскі паэт, вучоны, музыкант. Пісаў на урду, перс. і хіндзі мовах. Яго лірыка сабрана ў 5 дыванах: «Дар юнацтва» (1272), «Сярэдзіна жыцця» (1284), «Паўната дасканаласці» (1293), «Выбраны астатак» (1316), «Мяжа дасканаласці» (1325). На ўзор «Пяцерыцы» Нізамі, абапіраючыся на інд. фальклор, стварыў цыкл з 5 паэм: «Узыходжанне свяцілаў», «Шырын і Хасроў», «Меджнун і Лейла» (усе 1298), «Іскандэрава зярцала» (1299), «Восем райскіх садоў» (1301). Складаў тэсніфы (нар. рамансы). Яму прыпісваюць зборнікі вершаў, загадак, прыказак, слоўнік сінонімаў.
Тв.:
Рус. пер. — Хамса. Маджнун и Лайли: Поэма. М., 1975;
Хамса. Матла’ал-анвар: Поэма. М., 1975;
Избр. газели. М., 1980.
т. 1, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССМЕ́РТНАВА (Наталля Ігараўна) (н. 19 7.1941, Масква),
руская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1961). У 1961—88 у Вял. т-ры. Першая выканальніца партый Лейлі («Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна), Шырын («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Фрыгіі («Спартак» А.Хачатурана), Анастасіі, Джульеты («Іван Грозны», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Сярод інш. партый: Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Рыта («Залаты век» Дз.Шастаковіча). Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1965), прэміі Ганны Паўлавай (Парыж, 1970). Дзярж. прэмія СССР 1977. Ленінская прэмія 1986.
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТА́Н,
эпічны жанр у літаратурах і фальклоры народаў Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі — пераважна апрацоўка казачных сюжэтаў, легендаў і паданняў. Бываюць паэт. і празаічныя, часцей — гэта проза з вершаванымі ўстаўкамі. Д. ўласцівы гіпербалізацыя, ідэалізацыя героя, фантаст. і прыгодніцкія сітуацыі, любоўна-рамант. сюжэтныя лініі, славесныя і сюжэтныя клішэ. У класічных перс., тадж. і цюркамоўных л-рах Д. наз. асобныя раманічныя паэмы («Хасроў і Шырын», «Лейлі і Меджнун» Нізамі), раздзелы з вял. эпічных твораў (напр., з «Шахнамэ» Фірдаўсі). Цыклы фалькл. Д. (напр., пашыраныя ў многіх народаў «Кораглу», «Алпамыш» і інш.) паўплывалі на развіццё нар. творчасці і пісьмовых л-р.
т. 6, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́ЛАВА (Саадат) (н. 15.12.1925, г. Маргілан Ферганскай вобл., Узбекістан),
узбекская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1959). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1941—48 салістка Узб. т-ра муз. драмы і камедыі, у 1954—86 — Узб. т-ра оперы і балета. З 1969 выкладае ў Ташкенцкай кансерваторыі (з 1986 праф.). Яе творчасці характэрна спалучэнне еўрап. вак. тэхнікі з ярка нац. манерай выканання. Сярод партый у нац. операх: Лейлі («Лейлі і Меджнун» Р.Гліэра і Т.Садыкава), Дыларом («Дыларом» М.Ашрафі), Санабар («Хамза» С.Бабаева); у класічных — Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Мімі («Багема» Дж.Пучыні).
т. 7, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)